Вы тут

Малады педагог — пра сакрэты паспяховага ўрока і крытычнае мысленне


Малады педагог — пра сакрэты паспяховага ўрока, выхаваўчую сілу гісторыі і крытычнае мысленне

«За 6 мільёнаў кажа адзін голас — не мудраца, не паэта — звычайнай дзяўчынкі...» Гэтыя словы пісьменніка Ільі Эрэнбурга, прысвечаныя «Дзённіку Ганны Франк», сталі эпіграфам да ўрока па сусветнай гісторыі ў 10-м класе сталічнай гімназіі № 34. Што паспрыяла прыходу ў Германіі нацыстаў да ўлады? Што адбывалася падчас «Хрустальнай ночы»? Які ўрок даў сваім вучням вядомы польскі педагог, пісьменнік, урач і грамадскі дзеяч Януш Корчак? Вучні шукаюць адказы на гэтыя пытанні пад кіраўніцтвам сваёй маладой настаўніцы Дар'і Алегаўны КАСЯКОВАЙ.


Як адно імгненне

Абсалютна відавочна, што яе ўрокі мала падобныя на традыцыйныя. Тэма Халакосту — няпростая для сучасных дзяцей, бо размова ідзе пра падзеі амаль 80-гадовай даўнасці. Як дастукацца да іх душы? На ўроку ў Дар'і Касяковай вучні чытаюць цытаты з дзённіка яўрэйскай дзяўчынкі, якая падчас нацысцкай акупацыі хавалася разам са сваёй сям'ёй у Амстэрдаме. Дзённік пасля вайны стаў самым гучным абвінаваўчым актам нацызму. Старшакласнікі спрабуюць разабрацца, што стаіць за тым ці іншым запісам, якія падзеі ў гэты час маглі разгортвацца, што адбывалася з роднымі дзяўчынкі, з ёй самой? Дзецям дэманструюць дакументальную хроніку, затым ім раздаюць карткі з назвамі лагераў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Еўропы: канцэнтрацыйныя, працоўныя, лагеры смерці... За дзве хвіліны яны павінны знайсці ў інтэрнэце інфармацыю пра іх і лакалізаваць на карце. Затым дзесяцікласнікі глядзяць кароткаметражны фільм рэжысёра Энтані Грына «Голуб», які зразумелы нават без перакладу.

Перад праглядам ім прапануецца стоп-кадр з выявамі галоўных герояў: яны павінны выказаць сваё меркаванне, хто з іх, хутчэй за ўсё, акажацца агрэсарам, ахвярай і сведкам. Фільм прысвечаны рэальным падзеям і знаходзіцца ў рэчышчы разглядаемай тэмы. Напрыканцы высвятляецца, што стэрэатыпы, якімі мы кіруемся, не дзейнічаюць, і ўсе выказаныя здагадкі аказаліся няправільнымі. Старшакласнікі шукаюць тлумачэнні матывам паводзінаў герояў фільма. У канцы ўрока ім раздаюць далонькі, падобныя на сімвал міру — галубоў: на іх навучэнцы павінны падзяліцца сваімі думкамі, якім жа павінен быць сапраўдны чалавек. Думкі дзяцей займаюць потым месца на дошцы пад словамі Ільі Эрэнбурга пра Ганну Франк. А ў якасці дамашняй работы навучэнцы атрымліваюць заданне — даведацца пра лёс адной з ахвяр Халакосту. Па ўласным выбары...

Важныя даты для сусветнай гісторыі і мясцін на карце Еўропы.

— Якім павінен быць урок, каб ён прынёс задавальненне і настаўніку, і вучню? Па-першае, дынамічным, каб ні педагогу, ні дзецям не было сумна. Калі 45 хвілін праляцелі як адно імгненне — гэта для мяне вельмі важны паказчык, — разважае Дар'я Алегаўна. — У маладых настаўнікаў часта ўзнікаюць праблемы з дысцыплінай у класе, бо ўтрымаць увагу 20—25 вучняў, не маючы яшчэ пэўнага прафесійнага досведу, даволі складана. Крычаць на дзяцей бессэнсоўна — так аўтарытэт ты сабе не заробіш. А вось калі ўрок праходзіць у актыўным тэмпе, калі не ўзнікае аніякіх паўзаў, абсалютна ўсе ў класе ўцягнуты ў пошукі і дыялог, вось тады такіх складанасцяў не ўзнікае. Дваццаціхвілінны маналог настаўніка нікога і ніколі не зацікавіць. Да таго ж мы маем справу з пакаленнем візуалаў, таму трэба задзейнічаць і гукавы, і зрокавы рэсурсы.

Для мяне таксама вельмі важна паказваць сувязь гісторыі, якую мы вывучаем, з сённяшнім днём. Нават калі не атрымліваецца знайсці прамую сувязь з сабой, можна паспрабаваць уявіць сябе чалавекам той эпохі, які знаходзіцца ў канкрэтных умовах. Чаму нацысты так рабілі і чаму ім дазволілі так рабіць? Што адчувалі іх ахвяры? На ўроку абавязкова павінна быць месца эмпатыі — суперажыванню эмацыянальнаму стану іншага чалавека. Гісторыі я аддаю, у першую чаргу, выхаваўчую функцыю. Магчыма, мае вучні не ведаюць на памяць усе даты, затое яны разумеюць логіку падзей. Галоўнае ж пытанне, не што, дзе і калі адбылося, а чаму адбылося?

Пры спробе даць усё вучні, насамрэч, не атрымліваюць нічога. А для таго каб у іх галаве насамрэч штосьці засталося, трэба не завучыць даты і паняцці, а зразумець гістарычны працэс. Людзі ж заўсёды кіруюцца аднымі і тымі ж прынцыпамі і матывамі. Таму калі зразумееш логіку аднаго гістарычнага працэсу, зможаш затым спраецыраваць свае веды і на іншы гістарычны працэс. Пры вывучэнні гісторыі трэба рухацца ад асобы да глабальных падзей. Вялікую падзею неабходна вывучаць праз лёс канкрэтнага чалавека. Кожнага, найперш, цікавіць гісторыя сваёй сям'і, свайго роду, сваёй краіны, а потым ужо свету, а не наадварот.

Калі вучань на ўроку спрачаецца са мной — гэта проста супер! Дыскусія — мара любога настаўніка гісторыі! Дыскутаваць магчыма, толькі калі ты вельмі добра падрыхтаваны і свабодна арыентуешся ў тэме. І калі такое адбываецца — для мяне гэта сапраўдная ўзнагарода.

Не давяраць, а правяраць!

Бягучы навучальны год у прафесійнай кар'еры Дар'і ўжо шосты. Яшчэ будучы студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка дзяўчына прыйшла ў 34-ю сталічную гімназію і стала працаваць тут на палову стаўкі, а потым сюды ж і размеркавалася. Сёння яна выкладае гісторыю амаль ва ўсіх класах: з шостага да адзінаццатага. Плюс у яе ёсць класнае кіраўніцтва, яна вядзе факультатыў па падрыхтоўцы да алімпіяды. Гэта вельмі сур'ёзная нагрузка ў плане падрыхтоўкі. Прызнаецца, што для таго каб распрацаваць цікавы ўрок, патрабуецца да дзвюх гадзін. Канешне, цяпер у яе ўжо ёсць пэўны банк цікавых тэкстаў, думак, выказванняў, плакатаў, карыкатур, фатаграфій, фільмаў і г. д., да якога яна прыбягае пры падрыхтоўцы, што крыху спрашчае задачу. Галоўнае правіла — твой урок павінен быць цікавы не толькі табе, а найперш, тваім вучням.

 Падчас класнай гадзіны ў любімым 8 "Б" класе.

— Захапляльна, пазнавальна, карысна — менавіта такая паслядоўнасць павінна вытрымлівацца. Бо калі не будзе захапляльна, то не будзе ні пазнавальна, ні карысна, — падкрэслівае педагог. — Гісторыя развівае крытычнае мысленне адназначна. . Мне падаецца цікавай думка аднаго літоўскага гісторыка, які лічыць, што для развіцця крытычнага мыслення ў дзяцей на гісторыі трэба, каб да 9-га класа вучні вучыліся па айчынных падручніках, а ў старшых класах ім можна даць пачытаць замежныя падручнікі. Напрыклад, юным немцам даць французскі падручнік, каб паглядзелі, што там пішуць пра Бісмарка. Беларусам — польскі падручнік (што там пішуць пра Рэч Паспалітую?). Я, калі была яшчэ школьніцай, здзіўлялася спрэчкам, якія разгараліся ў маёй сям'і. Калі па тэлебачанні згадваліся пэўныя падзеі з мінулага, то нягледзячы на тое, што ўсе жылі ў адной краіне і нават у адным горадзе, ацэнкі гэтых падзей у маіх сваякоў былі розныя.

Так, гісторыю шмат разоў перапісвалі, таму я тлумачу сваім вучням, што трэба крытычна ставіцца да таго, што ты чытаеш. Крыніц інфармацыі ці меркаванняў, поглядаў на тую ці іншую падзею павінна быць як мінімум дзве. Ні падручнік, ні тэлебачанне, ні газета, ні меркаванне настаўніка не з'яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі, тым больш абавязкова праўдзівай. І калі мы штосьці абмяркоўваем, то я заўсёды выслухоўваю меркаванні вучняў і, толькі калі трэба, агучваю сваю думку. На жаль, але гісторыя нікога не вучыць, і ніхто не выносіць з яе ўрокаў. Таму добра, калі ты хоць бы на імгненне задумаўся...

Правілы, агульныя для ўсіх

Настаўніца ўпэўнена, што смартфон на ўроку — зусім не вораг, а памочнік. Забараняць гаджэты сучасным дзецям абсалютна бессэнсоўна, лепш паставіць іх на службу сабе.

— У нашай гімназіі створаны ўмовы, якія проста грэх не выкарыстоўваць. Дзякуючы нашым шэфам — РУП «Белтэлекам» — ва ўсёй навучальнай установе ёсць Wі-Fі. І ў маім кабінеце ёсць усе тэхнічныя магчымасці для правядзення сучасных урокаў. А смартфоны дазваляюць мне вырашыць праблему раздрукоўкі матэрыялаў. Да таго ж дапамагаюць вучням знайсці ці праверыць тую ці іншую інфармацыю, — дзеліцца сваімі сакрэтамі педагог. — Канешне, за дзве хвіліны, як гэта было сёння, праверыць крыніцу інфармацыі немагчыма. Калі мы ўжо паглыбляемся ў пэўнае пытанне, то гэта як мінімум аднімае 20 хвілін урока. Старэйшым дзецям можна даць заданне на дом, а на ўроку ўжо адбываецца толькі абмеркаванне. Але абавязкова павінны быць устаноўлены агульныя правілы для ўсіх: калі ў настаўніка на ўроку раздаецца тэлефонны званок, і ён на яго адказвае, то не мае права патрабаваць ад дзяцей прытрымлівацца правілаў. Увогуле настаўнік — прыклад для вучняў ва ўсім. Калі я дазволю сабе знізіць планку і правесці звычайны ўрок, мне тут жа дадуць гэта зразумець. І на наступны ўрок прыйдуць дрэнна падрыхтаваныя.

Смартфон на ўроку — зусім не вораг, а памочнік.

У Дашы таксама былі настаўнікі, якія сталі для яе прыкладам і захапілі сваім прадметам. Дзесяць класаў яна заканчвала ў фізіка-матэматычным класе 46-й мінскай школы. Гісторыю ў яе выкладала дырэктар Ніна Міхайлаўна Каршунова (зараз яна працуе ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі). Але ў 11-м класе Даша паступіла ў ліцэй № 2 на грамадазнаўчы профіль. Там запалены агеньчык падтрымаў выдатны настаўнік гісторыі Фёдар Васілевіч Радыёнаў, а ў педагагічным універсітэце — Аляксандр Аляксандравіч Карзюк.

— Універсітэцкі выкладчык забяспечыў мне ўпэўнены старт, — канстатуе дзяўчына. — Дзякуючы яго заняткам і асабістаму прыкладу я дакладна ведала, што і як трэба зрабіць, каб урок атрымаўся, і ўпэўнена заходзіла ў клас яшчэ на пачатку свайго прафесійнага шляху. Я заўсёды была выдатніцай і ліцэй скончыла з сярэбраным медалём, а калі паступіла ў педуніверсітэт, то, сустракаючы знаёмых, нярэдка чула: «Напэўна, дрэнна здала ЦТ?» Ад адной сваёй былой настаўніцы пачула: «Даша, ты ж была такая разумная таленавітая дзяўчынка, што здарылася?» Ды і бацькі разлічвалі, што я з улікам свайго матэматычнага складу розуму выберу больш прыбытковую прафесію. Цяпер мною ганарацца, асабліва радуецца маіх поспехам бабуля. Я першая ў нашай сям'і, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. А мае матэматычныя мазгі мне вельмі ў жыцці дапамагаюць (усміхаецца. — Аўт.) Я сваім прыкладам спрабую разбурыць стэрэатып, што настаўніца — гэта гаротная загнаная жанчына, хачу даказаць, што на любым месцы можна быць паспяховым і табе будуць зайздросціць.

Новая вяршыня і выклік

— Па прыродзе я канкурэнтны чалавек — вельмі люблю ўдзельнічаць у розных конкурсах. Калі мяне туды накіроўваюць, значыць, я прафесіянал у сваёй справе. Люблю публічнасць. Вось пісаць тэксты не люблю — лепш 50 разоў выступлю, — прызнаецца Дар'я. — Ніколі нікому не адмаўляю ў прафесійнай просьбе і згаджаюся на самыя розныя прапановы, усё новае — заўсёды цікава.

З гэтага года яшчэ і выкладаю ў педагагічным універсітэце — прапанавалі, і я, вядома, пагадзілася. Таксама вырашыла, што буду не толькі вучыць студэнтаў, але і вучыцца сама, таму паступіла ў завочную магістратуру. Мне вельмі цікава камунікаваць і з малодшымі школьнікамі, і са старэйшымі, і са студэнтамі. Да ўсіх трэба шукаць свой падыход, яны вельмі розныя, з рознымі адукацыйнымі запытамі. У малодшых дзяцей яшчэ вочы гараць! А са старэйшымі цікава дыскутаваць. Гэта адно з тлумачэнняў, чаму ў мяне такая нагрузка ў школе, — я проста не магу адмовіцца ад сваіх вучняў. Па якім прынцыпе выбраць клас, які перададуць іншаму настаўніку? Да таго ж такі крок дзеці расцэняць як здраду. А яшчэ ўпэўнена, што калі ты адмаўляешся ад чагосьці ў 25 гадоў, то ў 35 гадоў табе гэта ўжо не прапануюць. Таму нельга ўпускаць свае магчымасці. Выкладчыцкая праца — новая вяршыня і новы выклік для мяне. Пакуль запатрабаваная, я жыву і адчуваю жыццё на ўсе 100 працэнтаў!

Некаторыя з сяброў Дар'і ў сацыяльных сетках, якія сочаць за яе актыўным жыццём і замежнымі вандроўкамі, думаюць, што яна шмат зарабляе. І вельмі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што тая працуе настаўніцай.

— Большая палова маіх паездак за мяжу — прафесійныя. Ты пішаш якую-небудзь навуковую работу ці матывацыйны ліст, каб прыняць удзел у міжнародных праграмах, семінарах ці школах. Трэба толькі не ленавацца, пад ляжачы камень вада не цячэ, — тлумачыць педагог. — Напрыклад, я даўно займаюся вывучэннем Халакосту. Цяпер захапілася медыяадукацыяй. Кожнае лета ўдзельнічаю ў гістарычнай вуснай экспедыцыі: мы збіраем успаміны сведак тых ці іншых падзей, запісваем іх на відэа, якое потым захоўваецца ў Беларускім архіве вуснай гісторыі. Усё робіцца выключна на валанцёрскіх умовах, але ж гэта страшэнна цікава. Сёлета, напрыклад, збіралі ўспаміны остарбайтараў і беларусаў, якія знаходзіліся на акупаванай тэрыторыі. І мае вучні, дарэчы, часта карыстаюцца пры падрыхтоўцы да ўрокаў сайтам архіва вуснай гісторыі.

Па-за школай наведваю, напэўна, мільён мерапрыемстваў. Адпачынак у гамаку на дачы — гэта на маё. У Мінску кожны вечар арганізуюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, бясплатныя лекцыі, майстар-класы, выстаўкі, канцэрты... Асабліва шмат мерапрыемстваў для гісторыкаў — матэматыкам і хімікам з гэтым пашанцавала менш (смяецца. — Аўт.). Сям'я, зразумела, таксама патрабуе ўвагі. Але можна сумясціць свае інтарэсы і абавязкі ды пайсці на цікавае мерапрыемства разам са сваімі роднымі.

Для Дар'і Касяковай прафесія настаўніка — найлепшы спосаб для самарэалізацыі. Выбіраючы паміж высокааплатнай працай і працай, якая прыносіць задавальненне, яна робіць выбар на карысць апошняй.

— Не ведаю, як складзецца далей жыццё, але пакуль я магу дазволіць сабе такую раскошу, як любімая работа, — дадае яна. — Упэўнена, што кожнае новае пакаленне лепшае за папярэдняе, хоць многія кажуць, што цяперашнія вучні не чытаюць, што ім нічога не цікава. А я лічу, што яны нашмат разумнейшыя за нас, і ў іх ёсць менавіта тыя навыкі, якія патрабуюцца ў сучасным свеце. Дзяцей нельга навучыць — настаўнік можа толькі паказаць ім усе магчымасці. Няма людзей, якія не хочуць даведвацца штосьці новае, але шмат таго, што захоўваецца ў нашай школе, на жаль, ужо атавізм. Усё, што дзеці вучаць, павінна быць для іх актуальным!

Рэцэпт ад прафесійнага самавыгарання:

Паспець усё немагчыма, сцвярджае малады педагог, таму трэба рабіць толькі тое, што альбо цікава, альбо карысна. Проста выдатна, калі гэта атрымліваецца сумяшчаць! Я стараюся выконваць усе задачы (не важна, на дзень або на год) па прынцыпе горнага ўзыходжання. Па-першае, дакладна трэба вызначыць, што трэба зрабіць па кожным з напрамкаў, затым размеркаваць іх па ступені важнасці і не старацца рабіць адразу ўсё, але па кропельцы. Трэба выконваць кожную справу па чарзе, затое якасна. Ад паспяхова завершанай справы (усё роўна, што гэта — школьны ўрок, перамога ў рэйтынгавым конкурсе або ўдачна здадзены экзамен) атрымліваеш масу станоўчай энергіі і натхнення для скарэння новай вяршыні. Тут яшчэ, вядома, трэба сябраваць з тайм-менеджментам і ўсведамляць важнасць і адказнасць працы, якую ты выконваеш.

***

Мы запыталіся ў Дар'і: "Што б ты, як малады педагог, змяніла ў сістэме адукацыі?"

— Дала б больш свабоды і правоў усім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Вучням — пачынаючы ад іх знешняга выгляду (ён праява іх індывідуальнасці, унутранага свету, для дзяцей гэта адзін з фактараў іх паспяховай сацыялізацыі — ім важна, каб іх прымалі такімі, якія яны ёсць) да ўвядзення сапраўдных органаў школьнага самакіравання, каб дзеці адказвалі за арганізацыю свайго вольнага часу, пазаўрочных мерапрыемстваў. У іх гэта добра атрымліваецца.

Настаўнікам дазволіла б выбіраць з шэрагу навучальных дапаможнікаў неабходнае для іх з улікам асаблівасцяў і запытаў кожнага канкрэтнага класа. Дазволіла б настаўнікам вымяраць ступень паспяховасці навучэнцаў не адзнакамі, а актыўнасцю іх удзелу ў самім працэсе навучання. Ад адзнак больш шкоды, чым карысці, у гэтым я ўпэўнена. Адзнака становіцца самамэтай для дзіцяці, а веды перастаюць быць важнымі самі па сабе — гэта няправільна. Ва ўсіх настаўнікаў павінна быць агульнай толькі вучэбная праграма, а ўсё астатняе — крыніцы, формы, метады, кантроль за якасцю — асабістай справай кожнага асобна ўзятага настаўніка.

Яшчэ, датычна тых, хто кіруе адукацыяй, я змяніла б вектар работы з кантролю на дапамогу. Каб калі ідуць прадстаўнікі вышэйстаячых органаў да цябе ў школу, то толькі для таго, каб падказаць штосьці, даць прафесійныя рэкамендацыі. Псіхалагічны камфорт — важная ўмова якасці педагагічнай працы. Хочацца больш свабоды: ні ў якім разе не ўсёдазволенасці, а менавіта свабоды. Бо калі вы далі мне магчымасць працаваць на сваім месцы, значыць, я прафесіянал і ведаю, як выконваць сваю работу кваліфікавана і на годным узроўні. А калі ты пастаянна робіш справаздачы і баішся памыліцца, то нават самы высакакласны прафесіянал не вытрымае гэтай гонкі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Калі вучань спрачаецца — гэта супер!»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.