Вы тут

Я падумаю пра гэта «заўтра»


Адна з найлепшых беларускіх карцін апошняга часу прайшла ў пракаце


Летась гэта стала маленькай нечаканасцю, калі беларускі фільм «Заўтра», безбюджэтны, зняты на звычайную камеру, тады яшчэ невядомага аўтара Юліі Шатун, упершыню ў гісторыі кінафестывалю «Лістапад» апроч Нацыянальнага ўвайшоў у конкурс «Маладосць на маршы». У выніку дэбютная поўнаметражная работа маладой аўтаркі пра звычайную інтэлігентную пару і яе штодзённую руціну стала найлепшым ігравым фільмам Нацыянальнага конкурсу «Лістапада», узяла чатыры прызы на міжнародным кінафестывалі ў Марсэлі, атрымала запрашэнні на іншыя кінафэсты і нарэшце выйшла ў беларускі пракат.

Рэжысёр зняла карціну сама з супермінімальным бюджэтам — абмінаючы рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, мясцовых ці якіх яшчэ прадзюсараў, пітчынгі, фонды і гранты, і з’явілася яна нечакана, можна сказаць, з ніадкуль. Пасля інтрыгоўных навін пра карціну, як яны ўспрымаліся яшчэ год таму, калі перад «Лістападам» пайшоў шэпт пра выкшталцоны дэбют, і пасля ўласна яе прагляду ты думаеш... Юлечка, дзе вы былі раней?

У кантэксце айчыннага кінематографа фільм Юліі Шатун выглядае нечым надзвычайным. Поўнаметражная, прадуманая, трапная, са сваім стылем і атмасферай, безбюджэтная незалежная карціна — сімвал выключнасці і пераможнасці ўзроўню чырвонага сцяга ў культавым «Браняносцы Пацёмкіне» Сяргея Эйзенштэйна. Аказалася, што і сапраўды ў кінасферы, асабліва беларускай, не заўсёды ўсё вырашаюць грошы, а крызіс ідэй і жадання працаваць вось з гэтай няўлоўнай мовай кіно — там, на што гэтыя грошы ўсё ж выдзяляюцца, — становіцца відавочным.

Аўтарка здолела без перабольшанняў, скажэнняў і маніпуляцый паказаць свет, у якім мы жывём. Яна зняла яго непрадузята, без дыдактыкі і пагарды і нават напоўніла халоднай, але любоўю. Тут усё і проста і складана адначасова, вы з лёгкасцю разложыце сюжэт фільма на складальныя часткі і ў яго беспадзейнасці ўбачыце пэўную шэдэўральнасць. У вобразе наваколля зловіце своеасаблівую мінімалістычную, урбаністычную, шэрую эстэтыку. У непрафесійных акцёрах (галоўнымі героямі карціны сталі сваякі Юліі Шатун) вас зачэпіць чуллівая вуглаватасць і абсалютная арганічнасць. «Заўтра» — ціхае, узважанае, далікатнае і вельмі разумнае кіно.

Сюжэт карціны не будуецца па класічнай драматургічнай схеме і не развівае ніякага канфлікту, а хутчэй зацягвае ў пэўную медытатыўную, ныюча несімпатычную руціну, няспешна ўзнаўляе на экране некамунікацыю Антаніёні і прымушае задацца пытаннем аб яе прычынах. Гаворка ідзе пра мужа і жонку — інтэлігентную сям’ю, якая жыве ў невялікім беларускім горадзе, злаўчаецца эканоміць, займаецца сціплым бытам, клапоціцца пра сына, які вучыцца ў сталіцы, расцягвае рамонт, святкуе гадавіну. Усё разліваецца па экране размераным апавяданнем, якое складаецца з надзвычай трапна ўвасобленых жыццёвых эпізодаў.

Вось галоўны герой, былы настаўнік англійскай мовы, тэлефануе па аб’явах у пошуках работы (даволі распаўсюджаны ў кіно эпізод, з якога ў гэтым выпадку фільм пачынаецца, калі глядач толькі ў працэсе прыняцця новага для сябе свету). Вось ён, з мужчынскім дзелавым партфелем, разносіць рэкламныя лістоўкі па паштовых скрынях. Вось сям’я вячэрае з уключаным тэлевізарам (з якога гучаць невыпадковыя рэчы). Вось галава сям’і адносіць на рынак чарговы ўзнос за куртку, набытую для сына. Вось ён дорыць жонцы на гадавіну шпалеры. Вось ён гуляе ў латарэю... і гэтак далей.

Што не менш важна, дык звярнуць увагу на стасункі паміж жонкай і мужам і іх лад жыцця — беларуская рэчаіснасць зацягнула ў мернае наваколле, дзе жыць і любіць застаецца толькі аўтаматычна. Постапакаліпсіс нашых дзён — сіметрычныя планы невялікага беларускага горада, маўклівасць і рэдкі суп, безэмацыянальнасць, клопат пра надзённае і толькі бадзёры голас з тэлевізара.

І ты глядзіш карціну, згаджаешся з кожным кадрам, даверліва пранікаешся ідэяй аўтаркі і быццам разумееш яе пасыл, гэтыя экранныя дні, што расцякаюцца соусам, правілы і заканамернасці існавання, і раптам здараецца нешта незвычайнае. Латарэйны білет прыносіць удачу, і галоўны герой выйграе пуцёўку ў цёплую краіну на дваіх. Фільм рэзка мяняе сваю раўнамерную танальнасць, і рэалістычнасць пераключаецца на пэўнае фантастычнае рэчышча. З кантэксту карціны выйгрыш у латарэю моцна выбіваецца, прычым гэтая ўдача стала настолькі выключнай, што элементарна ў гэтым сюжэце не прыжылася. Галоўны герой эканоміяй на метро, кароткай сустрэчай з сынам і сваёй адмовай ад выйгрышу ўсё вярнуў на свае колы — стомлена-пяшчотныя дні беларускай рэальнасці працягнуліся.

Фільм Юліі Шатун — шчыры погляд на тую сістэму жыцця, якая склалася ў нашым грамадстве. Таму што аўтарка не выводзіць сябе за межы таго свету, які адлюстроўвае з жалем за тое, што ён з’яўляецца менавіта такім. Таму што ў паглынальнай безнадзейнай і няўсмешлівай руціне ёсць патэнцыял і хаваецца ён якраз у героях, то-бок увогуле ў людзях. І таму што нам лёгка падзяляць цёплую надзею, з якой рэжысёр завяршае карціну. Так, у спалучэнні ўсяго вышэйпералічанага — такая вось бездакорнасць, на якую не спатрэбілася ні рубля з рэспубліканскага бюджэту. Брава. Нарэшце можна стоячы апладзіраваць сучаснаму беларускаму ігравому фільму.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».