Вы тут

Адам Міцкевіч — адзін для ўсіх


Кажуць, каб лепш спазнаць паэта, трэба пабываць на яго радзіме. У мінулую суботу музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе» (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) паклікаў шматлікіх гасцей на свята «Адамаў шлях пад вечным небам», падчас якога разгарнулася вялікая літаратурна-мастацкая дзея. Баранавіцкі райвыканкам выступіў галоўным арганізатарам імпрэзы.


Кожнаму хацелася адчуць дух малой радзімы вялікага паэта, якая натхніла на ўнікальныя творы. Было відавочна: Адам Міцкевіч — адзін для ўсіх. І ў кожнага ён — свой. Калі вы вырашыце наведаць «Завоссе», загадчык музея-сядзібы Віктар Дмухоўскі падрабязна раскажа шмат цікавага пра эпоху, якая 24 снежня 1798 года падарыла свету Адама Міцкевіча — адну са знакавых фігур для многіх народаў. Перад будучым паэтам адкрывалася новае стагоддзе, напоўненае яркімі падзеямі. Як, уласна, і лёс самога Міцкевіча — няпросты, пакручасты. Працяглы час ён жыў далёка ад Радзімы і мог бы свой паэтычны талент скіраваць у іншае рэчышча: хапіла б уражанняў ад падарожжаў, цікавых сустрэч. Але радзіма заставалася ў сэрцы. Як вядома, эпічную паэму «Пан Тадэвуш» ён стварае ў Парыжы, а ў думках — на сваёй зямлі. Таму так рэальна глядзяцца вобразы тагачаснага шляхецтва, выразна паўстаюць карціны родных краявідаў, дакладна перадаецца побыт беларусаў.

Падчас свята Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі падкрэсліў значнасць імя Адама Міцкевіча для двух народаў — польскага і беларускага — як магчымасць больш блізкага сяброўства.

Пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк падтрымаў ідэю ўзвядзення на тэрыторыі музея-сядзібы «Завоссе» капліцы. Гэтую ідэю падтрымалі і прадстаўнікі Баранавіцкага райвыканкама.

Свята ў Завоссі стала яшчэ адным прызнаннем павагі да Адама Міцкевіча ў год яго 220-годдзя з дня нараджэння. Святочныя ўрачыстасці будуць ладзіцца ў Навагрудку і Мінску.

Алена СТЭЛЬМАХ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.

Грамадства

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

Вясковая матушка — пра гаджэты, адзнакі, якія закранаюць самалюбства бацькоў, і сакрэт трывалых адносін.