Вы тут

Сем пытанняў разгледзеў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка


Сем пытанняў разгледзеў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас асабістага прыёму грамадзян у Смалявічах. Як вядома, гэта горад-спадарожнік сталіцы, таму большасць заяўнікаў была з Мінска. Іх цікавілі пытанні будаўніцтва жылля, зямельных адносін, экалогіі і іншыя.


Член жыллёвага будаўнічага вытворчага кааператыва «Смалявічы-буд» Аляксандр Мікалаевіч паскардзіўся на зацягванне тэрмінаў будаўніцтва дома з дзяржаўнай падтрымкай.

Дом прызначаны для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дагавор падраду быў заключаны 4 студзеня 2016 года, узвядзенне планавалася закончыць на працягу васьмі месяцаў. Першачарговы кошт будаўніцтва па дагаворы са Смалявіцкім упраўленнем капітальнага будаўніцтва з 2,9 мільёна рублёў вырас за гэты час удвая нават без уліку ўнутранай аддзелкі.

— Нам абяцаюць кожны месяц, што дом здадуць у наступным. Тэрміны зацягваюцца, а кошт расце, — кажа заяўнік.

Як высветлілася падчас размовы, для гэтага ёсць прычыны. Дом пачалі ўзводзіць без адводу зямельнага ўчастка, інжынерных сетак і камунікацый, якія патрабуюць дадатковых затрат.

— Сёння дом практычна ў стадыі завяршэння, створана камісія па яго прыёмцы, — пракаментаваў сітуацыю Анатоль Ісачанка. — Калі ўсё будзе добра, пасля падпісання акта мы запатрабуем усе дакументы і даручым дзяржкантролю праверыць, ці абгрунтаваныя затраты, і падлічыць канчатковы кошт дома.

Акрамя таго, Аляксандр Мікалаевіч расказаў, што большасць членаў кааператыва хоча замяніць яго старшыню. Падабралі новую кандыдатуру, але райвыканкам яе не ўзгадніў: спасылаецца на тое, што чалавек не мае адпаведнай адукацыі.

Людзі плацяць грошы і маюць права наймаць чалавека, які іх задавальняе. Калі большасць за яго прагаласавала, то няхай самі прымаюць рашэнне, канстатаваў губернатар.

Тамара Аляксандраўна і Зінаіда Канстанцінаўна прадстаўлялі жыхароў вёскі Пяцілетка, якая знаходзіцца непадалёку ад Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

— Мы жывём паміж небам і зямлёй, — кажуць жанчыны. — То нас адсяляюць, то не. І так з 2011 года. Дамы, а іх 73 у населеным пункце, патрабуюць догляду, рамонту.

Але жыхары не хочуць укладваць уласныя сродкі, пакуль сітуацыя не высветліцца. Людзі хвалююцца, што з узвядзеннем новай паласы ўзровень шуму ад самалётаў, што ўзлятаюць і садзяцца, значна павысіцца.

— Замер шуму праводзіўся па дзейнай першай узлётнай паласе. Параметры адпавядаюць норме. Па другой паласе, якая адкрыецца 7 лістапада, праводзіліся разлікі па магчымых шумах. У сярэднім паказчык не перавышае норму. Рэальныя замеры будзем рабіць у ліпені наступнага года, калі чакаецца максімальная нагрузка, — адзначыў прадстаўнік Нацыянальнага аэрапорта.

Зыходзячы з вынікаў і будзе прымацца далейшае рашэнне. Губернатар узяў гэтае пытанне на кантроль.

Зямельны ўчастак Вікторыі Сяргееўны знаходзіцца на тэрыторыі Азярыцкаслабадскога сельсавета. У свой час жыхары населенага пункта стварылі кааператыў і правялі «блакітнае паліва» ў свае дамы за асабістыя сродкі. Аднак сусед і яшчэ некалькі чалавек ужо пазней падключыліся да газаразмеркавальнай трубы бясплатна. Дзяўчына запатрабавала, каб яны кампенсавалі частку затрат тым, хто ўклаў грошы ў падвядзенне газавых камунікацый, як таго патрабуе заканадаўства.

— Пытанне ў прынцыпе пастаўлена правільна, — падтрымаў яе Анатоль Ісачанка. — Павінен быць прынцып справядлівасці. Плаціць павінны ўсе карыстальнікі.

У няпростую сітуацыю трапіла сям'я Фалецкіх. Як расказала Ганна Іванаўна, у лютым 2014 года яе муж купіў зямельны ўчастак у садовым таварыстве «Пралеска-1». Адпаведнае рашэнне прыняў Смалявіцкі райвыканкам. Сям'я аформіла зямлю ў прыватнае карыстанне. Своечасова ўносілі паявыя, членскія ўзносы. Гаспадар паставіў вакол капітальную агароджу, пабудаваў невялікі домік і хляўчук. У чэрвені 2017 года аб'явіўся спадчыннік — муж былой гаспадыні, якая памерла ў 2008-м. Суд прыняў рашэнне на яго карысць. Канчатковую кропку ў гэтай гісторыі ставіць рана: судовыя пасяджэнні працягваюцца. Ганна Іванаўна хоча спагнаць з вінаватых кампенсацыю, каб у далейшым купіць новы ўчастак на аўкцыёне.

Старшыня аблвыканкама даручыў спецыялістам райвыканкама тэрмінова даць жанчыне на выбар спіс сфарміраваных для таргоў участкаў.

Таццяна Сяргееўна з аграгарадка Барсукі — маці чацвярых дзяцей. У 1991 годзе ёй выдзелілі дом. Малыя выраслі, а яна не можа засяліцца ў гэты дом, паколькі, як сцвярджае, ён не дабудаваны. Прадпрыемства «ЖодзінаАграПлемЭліта», на балансе якога значыцца гэтае жыллё, не дае дазволу на рэгістрацыю дома і зямельнага ўчастка. Пакуль паміж бакамі ідуць судовыя цяжбы.

— Мяне заўсёды прымушае задумацца тое, што некаторыя пытанні не рашаюцца на працягу дваццаці гадоў. Цяпер цяжка разабрацца, што калісьці было: часткова страчаны дакументы, у кагосьці пераважаюць меркантыльныя інтарэсы. За дзевятнаццаць гадоў заяўніца не аформіла дакументы на нерухомасць і зямлю. Гэта ўласнасць сельгасарганізацыі, дзе працуюць людзі, якія таксама маюць патрэбу ў жыллі. Таму задача ўлады — прымаць своечасовыя і ўзважаныя рашэнні. Калі сёння паддадзімся эмоцыям і пачуццям, то ўсё роўна няправільна прынятае рашэнне прывядзе да паўтарэння сітуацыі ў будучыні. Праблемы, бясспрэчна, трэба рашаць, але ў межах заканадаўства, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Не эмоцыі і пачуцці, а ўзважаныя рашэнні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».