Вы тут

У Шанхаі пройдзе выстаўка імпартных тавараў Сhіnа Іntеrnаtіоnаl Іmроrt Ехро


У Шанхаі з 5 па 10 лістапада ў самым вялікім у свеце выставачным комплексе (яго плошча — 1,5 мільёна квадратных метраў) пройдзе Першая кітайская міжнародная выстаўка імпартных тавараў і паслуг Сhіnа Іntеrnаtіоnаl Іmроrt Ехро. На яе прыедзе каля 2800 кампаній са 130 краін. Плануецца, што колькасць аптовых пакупнікоў дасягне 150 000. Беларускі бок актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў ёй.


Сяргей ЦЯРЭНЦЬЕЎ, начальнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Міністэрства замежных спраў Беларусі, на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры пракаментаваў асноўныя моманты падрыхтоўкі. Ён адзначыў, што, нягледзячы на тэндэнцыю да ўзмацнення пратэкцыянізму сваіх рынкаў, Кітай праводзіць выстаўку менавіта імпарту і паказвае сваю адкрытасць, гатоўнасць працягваць працу з замежнымі кампаніямі. «Гэта адпавядае нашым інтарэсам, таму на выстаўцы будзе прадстаўлены самы перадавы беларускі экспартны патэнцыял. Менавіта таму падрыхтоўцы дадзенай выстаўкі ўдзялялася вялікая ўвага», — падкрэсліў супрацоўнік МЗС.

Падчас падрыхтоўкі беларускім бокам былі праведзены два пробныя «прагоны» — прэзентацыі з дапамогай пасольства Кітая. Па словах Сяргея Цярэнцьева, наша краіна падыходзіць да мерапрыемства ў якасна новым выглядзе. Гэта ўнікальныя напрацоўкі, якія будуць і потым выкарыстоўвацца ў працы з кітайцамі, каб больш эфектыўна прасоўваць рэчы і паслугі на іх рынак. Беларускі бок разлічвае на вельмі пазітыўны вынік як падчас выстаўкі, так і на гады наперад.

Валерый Садоха, дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Міністэрства замежных спраў Беларусі, расказаў пра арганізацыю мерапрыемства. Выстаўка будзе падзелена на два блокі, якія будуць прадстаўляць краіну і прадпрыемствы. У рамках першага з іх будуць праводзіцца прэзентацыі, дэгустацыі, у нашай культурнай праграме будзе ўдзельнічаць ансамбль «Купалінка». Дызайн павільёна выкананы з выкарыстаннем беларускага арнаменту, выявы васілька — ужо прыступілі да яго будаўніцтва. На выстаўцы будуць прысутнічаць розныя міністэрствы і ўстановы, у тым ліку прадстаўнікі індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

У камерцыйным блоку Беларусь будзе прадстаўлена на шасці пляцоўках. Гэта «Сельскагаспадарчыя і харчовыя прадукты», «Аўтамабілебудаванне» і іншае. У Шанхай прыедзе больш за 80 айчынных арганізацый. З іх 28 прадпрыемстваў прадстаўляюць мяса-малочную прадукцыю. Як лічыць Валерый Садоха, кожнаму неабходна даць магчымасць выйсці на гэты рынак, а далей усё будзе залежаць ад іх. Сёння большасць прадпрыемстваў мае сайты на кітайскай мове. Шмат у каго ёсць кітайскія сертыфікаты.

Падчас выстаўкі — 7 лістапада — будзе праходзіць Беларуска-кітайскі дзелавы форум. А за дзень да яго беларускія прадпрыемствы плануюць паўдзельнічаць у Міжнароднай трансгранічнай канферэнцыі. Яна дазволіць устанавіць прамыя кантакты з кітайскімі кампаніямі-імпарцёрамі. Слоган канцэпцыі нацыянальнай экспазіцыі «Беларусь — Кітай: сяброўства, супрацоўніцтва, перспектывы».

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Сустракаемся ў Шанхаі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».