Вы тут

Згвалчаная рэчаіснасць А. Мрыя


Пісьменніку А. Мрыю (Андрэю Шашалевічу), з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 125 гадоў, многія сённяшнія крытыкі, не змаўляючыся, вынеслі прысуд, што нічога лепшага за свой раман «Запіскі Самсона Самасуя» ён не стварыў, а яго апавяданні, артыкулы, допісы маюць збольшага гістарычнае значэнне і не вызначаюцца нейкай мастацкай адметнасцю.


Адзінае максімальна поўнае выданне яго твораў (укладзенае Яўгенам Лецкам) з’явілася толькі ў 1993 годзе.

Пасля дастаткова позняй (6.01.1961) рэабілітацыі А. Мрыя яго творы заставаліся пад забаронай ажно да канца 1980-х. Пры жыцці ў яго не выйшла ніводнай кнігі, а першае выданне (вядома ж, «Запіскі Самсона Самасуя») з’явілася ў Мюнхене ў тым жа годзе, калі памёр Сталін.

Засмучаны такой няўвагай да гэтага пісьменніка, Міхась Мушынскі выказваў непакой: «Вядома, пра такую адметную творчую індывідуальнасць, як Андрэй Мрый, а тым болей, прымаючы пад увагу немалы час пасля рэабілітацыі пісьменніка і вяртання яго твораў у айчынную літаратуру, магло быць напісана болей даследчых прац, сабрана ўспамінаў. І яго апавяданні і раман маглі б часцей і большымі накладамі выдавацца /.../. І хоць бы “Кароткі летапіс жыцця і творчасці Андрэя Мрыя” мог бы ўжо стаяць на кніжных паліцах. І радыёперадачы хацелася б часцей чуць /.../. Праўда, ёсць фільм “Пратарачка жыцця, або Запіскі Самосна Самасуя”, створаны ў 1990 г., але фільм не набыў шырокай вядомасці, яго няма ў паўторных паказах. /.../ У “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры. 1917—1941” (1964) аўтар /.../ ацаніў раман А. Мрыя прадузята, з неаб’ектыўных пазіцый, а ў змешчанай таксама “Хроніцы літаратурнага жыцця” імя пісьменніка ўвогуле не згадваецца» (Міхась Мушынскі. Андрэй Мрый: на шляху да творчага самасцвярджэння. Да 115-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка / Пра час «Узвышша». Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2008—2011) Выпуск 5, 2011).

Непакой Мушынскага цалкам справядлівы. Пасля 1993 года проза А. Мрыя ў сваім поўным аб’ёме (з пошукам новых, неапублікаваных, знойдзеных твораў, лістоў, дакументаў) не выдавалася.

Такое адчуванне, што гэты аўтар быў і застаецца нікому не патрэбны. Вядома, многіх адметных беларускіх пісьменнікаў за савецкім хрушчоўска-брэжнеўскім часам ратавала Масква.

Напрыклад, да таго ж Андрэя Макаёнка ці Васіля Быкава было зусім іншае, уважлівае стаўленне на радзіме пасля таго, як на іх звярнулі сваю ўвагу ў саюзнай сталіцы.

А. Мрый і сам з болем пісаў пра свае «Запіскі Самсона Самасуя»: «На жаль, раман астаўся невядомы рускаму чытачу. /.../ Нават цяпер, праз 10 гадоў, у мяне мільгае ерэтычная думка, што калі б выпадкова гэтая кніжка была прагледжана Вамі, яна выклікала б у Вас вясёлы смех і ніякага непрыязнага пачуцця да “рэакцыйнага пісакі”, што руйную асновы новага жыцця» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. // Полымя, 1988, No 1).

Але ў 30-я гады такая спагадная ўвага да пісьменнікасатырыка была, вядома, немагчымая.

Увогуле, дзіўна, што арыштавалі яго толькі ў 1934 годзе, а не, скажам, у 1930-м, калі пачалася першая хваля рэпрэсій.

Апавяданні А. Мрыя, якія змяшчаліся ў часопісе «Узвышша», уражвалі сваім страшным, з’едлівым гратэскам. Ідэальнымі ілюстрацыямі да іх былі б страшныя ў сваёй экспрэсіяністычнай пачварнасці палотны Гоі.

Гэты мастак жыў, як вядома, паводле адчування, што канец свету ўжо наступіў, людзі ператварыліся ў пачвараў і могуць у сваім дзікім, вакхічным карнавале нішчыць, гвалціць, забіваць, нявечыць, жэрці адзін аднаго. І гэта нармальна. Гэта норма, бо згаданы намі «канец свету» — гэта на самай справе заўсёдны, нармальны наш стан.

Падобныя думкі адлюстраваны і ў творчасці А. Мрыя.

Амаль кожнае апавяданне — гэта маналог самазадаволенай пачвары, прадстаўніка новай рэчаіснасці, які з садысцкай радасцю ды імпэтам расказвае пра свае «подзвігі».

У творы «Няпросты чалавек» (Узвышша, 1927, No 3) звычайны бедны селянін Піліп распальвае ў фінагенце Сапрону Цяліцу агонь зайздрасці, распавядаючы пікантныя эпізоды з уласнага былога гарадскога жыцця: «Перайшоў я ў “Савою”. Вось дзе жыцьцё пайшло, дык і ў сьне не бачыў. Днём і ноччу ўсё круціцца. Тут ужо распуста пачалася, ды шалёныя грошы. /.../ Прыедзе які-небудзь купчык з Масквы, тут яму, як мартыха, дагаджай /.../ скажа ўзяць фурмана ды прывязьці паненку. /.../ Ды яшчэ накажа, каб у капелюшы была, пад зонтай хадзіла, ды каб маладая, каб вочы гарэлі, каб было і тут і там. (Піліп рукой ілюстраваў свае словы). Ну, нацалуецца, намілуецца купчык, дзесятку якую суне ў зубы, ды кацісь каўбасой. Адводзіш яе да прыстані, дзе жыве, а перад гэтым яшчэ да сябе зацягнеш, ды каб ведала маё дабро, сам з ёю ўцешышся...»

У Мрыя няма станоўчых герояў. Яны жывуць выключна паводле поклічаў жарсці. Пытанне дабра і зла для іх не існуе. «Няпросты чалавек» Піліп са смакам распавядае пра свае оргіі, затурканы сям’ёй фінагент ціха зайздросціць і сам марыць хоць у снах ператварыцца ў такога сексуальна-разбэшчанага Калігулу.

Калі ў гэтым творы яшчэ распавядаецца пра страшны блуд і распусту дарэвалюцыйных часоў, то апавяданне «Камандзір», змешчанае ў наступным нумары «Узвышша» (1927, No 4), мае выразнае антысавецкае гучанне.

А. Мрый быў першым, па сутнасці, беларускім савецкім пісьменнікам, хто паказаў камандзіра Чырвонай Арміі з такога боку. Перад намі ізноў маналог. З гэтага героя, на якім цяпер «брудная сялянская кашуля, абмазаная каланіцай світка», які «смаркаецца саматужным спосабам...», смяюцца, не вераць, што ён кіраваў войскам, але ён са здзіўляльнай упартасцю хоча расказаць пра сябе. Яго самы яркі ўспамін — эпізод, калі ён згвалціў дачку генерала: «Я і падсунуўся да яе. Паненка ні божа мой, крычаць хоча, адбіваецца, як замахнецца белай ручкай — усё ў месяц мне пападае. Валтузіўся я, валтузіўся з ёю. Бачу — незмага па-добраму ўзяць. Падмануў яе ды нахрапам дабіўся свайго. Зусім знямог, аж запышку нагнаў. Нічога ня ведаю, дзе я і што са мной. Усё цела томнае, і жывот томны. Ляжу, як нежывы.. /.../ А паненка плача, раве, як ваўчыха. Раптам трах — ра-зарвала на сабе сарочку, ды кідаецца на мяне, кусаецца, статуямі швыргае ў мяне. Я супакойваю: “...Хочаш з печы зваліцца і сядзелкі не пабіць”. /.../ На тое рэвалюцыя, кажу. Не толькі мы пакутуем, а і вы, паночкі, жыцьцю будзеце не рады...»

Савецкая рэчаіснасць у творах А. Мрыя — гэта і сапраўды свет, дзе напраўду «жыцьцю не будуць рады» тыя, што валодаюць кволай душой, маюць тонкую натуру, іншыя перакананні, хто чамусьці не хоча ўліцца ў экстаз усеагульнага згвалтавання. У гэтым «цудоўным, новым» свеце пануе сямейная здрада, каханкі дораць адно аднаму не кветкі, а венерычныя хваробы, сыны пішуць даносы на бацькоў. І, што самае цікавае, ніхто з герояў А. Мрыя не нясе ніякага пакарання, кожны са здзіўляльнай бессаромнасцю крычыць, якоча, пяе хваласпевы сваім злачынствам, якія ў рэальнасці ўспрымаюцца як норма.

Чытаеш апавяданні А. Мрыя і разумееш: па сутнасці, няма нічога дзіўнага, што пры жыцці не выйшла ніводнай яго кнігі, падчас допытаў у НКУС пісьменніку выбілі ўсе зубы, яго раман «Жывы дом» (дзе, па ўспамінах жонкі, згадваліся з яшчэ большай сілай розныя дзікія і страшныя анамаліі нашага ладу) быў знішчаны, а самога аўтара, выпусціўшы з лагера ў 1943-м, таемным чынам забілі ў цягніку...

Чаму такая няўвага да яго апавяданняў?

Мабыць, прычына ў тым, што і сёння дастаткова цяжка многім з нас успрымаць 20-я гг. так, як гэта брутальна паказаў нам А. Мрый. Свет татальнага гвалту і монстраў у стылі Гоі цяжка стасуецца з нашымі ўва многім ружовымі ўяўленнямі пра гэты час, калі «шпаркімі крокамі развівалася беларусізацыя», выходзілі адзін за адным шэдэўры беларускай літаратуры, радаваў цудоўнымі спектаклямі Еўсцігней Міровіч, жывапіснымі палотнамі — Міхась Філіповіч, а ў той жа час... нейкія таемныя «камандзіры» і не толькі... катавалі сваю чарговую ахвяру.

Навошта пра такое ўспамінаць? Лепей радавацца. Нам не хапае радасці.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».