Вы тут

Тэндэнцыя распавесці пра сябе


Жыццёвы шлях любога звычайнага чалавека можа мець нямала цікавага. Што ўжо казаць пра перыпетыі лёсу геніяльных і неразгаданых. Выдуманы ці сапраўдны лёс чалавека можа скласці аснову мастацкага або дакументальнага твора, які заўжды прэтэндуе на эпічнасць, філасафічнасць, выбітнасць і непрадказальнасць, — маўляў, такога больш нідзе не знойдеш.


Крыху іншы пункт гледжання — у аўтара дакументальна-мастацкай аповесці Віталя Кірпічэнкі «Над акенцам месяц» («Над окошком месяц») («Чатыры чвэрці», Мінск, 2018), выдадзенай у серыі «Дзеці вайны» (заснаваная ў 2010 годзе). Ніяк не напружваючы і не канцэнтруючы ўвагу чытача на ўнікальнасці падзей і з’яў, аўтар распавядае пра сябе ў кантэксце працоўнай дзейнасці і зменаў у грамадскім жыцці. Палкоўнік Ваенна-паветраных сіл, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, пісьменнік і публіцыст — вось кароткі пералік этапаў жыцця Віталя Кірпічэнкі. Зразумела, што аўтарам «прожито и видано немало»; ён вырашыў, што някепска падзяліцца ўнікальным досведам.

Змястоўна, захоўваючы храналагічную паслядоўнасць, але перамяжоўваючы яе шматлікімі адступленнямі, разважаннямі, успамінамі, пісьменнік расказвае пра вытокі сваёй сям’і, навучанне, працоўную дзейнасць, асабістае жыццё, спробы ў прозе і паэзіі. У аповесці маецца спроба асэнсаваць хібы ваеннай справы, якой аўтар прысвяціў жыццё, стаўшы лётчыкам. Да некаторых з’яў рэчаіснасці В. Кірпічэнка ставіцца скептычна, і дзесьці чытач зможа ўбачыць катэгарычны і даволі песімістычны погляд на нейкія моманты існавання грамадства, але гэта не болей чым простыя развагі, якія, безумоўна, не робяць аснову аповеду.

Найцікавейшая частка твора — першы раздзел пад назвай «Отчий дом», прысвечаны дзяцінству пісьменніка, падзеям і цікавым гісторыям перасяленцаў у Сібіры вачыма зусім малога дзіцяці, бо нарадзіўся В. Кірпічэнка да вайны: побыт, асаблівасці выжывання, адметнасці існавання нязвычных для беларусаў вёсак складаюць па дэталях выразнае бачанне мясцін тых часоў. Аўтар адзначае адну акалічнасць: да дзяцей ворагаў народа (высланых літоўцаў і ўкраінцаў) у тым асяродку ставіліся як і да астатніх дзяцей, што крыху не супадае з вядомым стэрэатыпам. Вартыя ўвагі і старонкі пра бачанне савецкім чалавекам замежных краін, некаторыя з якіх у той час былі часткай Савецкай дзяржавы. Уяўляюць цікавасць раздзелы, прысвечаныя адметнасцям побыту лётчыкаў, асабліва ў ваеннай сферы. Аналізуючы, аўтар амаль заўсёды дае ацэнку сваім учынкам, не абыходзячы ўвагай дзеянні іншых людзей, у тым ліку сваіх начальнікаў.

Захоўванне традыцый абароны Радзімы — здаецца, так можна сфармуляваць мэту жыцця аўтара, прачытаўшы кнігу. І тое, што пра рэкорды і дасягненні, трагедыі і страты забываюцца аднолькава хутка, раніць душу пісьменніка, абавязак якога быў і ёсць абараняць такі, на думку аўтара, часам няўдзячны народ. Вобраз Радзімы ключавы ў прозе Кірпічэнкі. Ён перш-наперш увасоблены ў назве твора — менавіта маладзік і дахі ў снезе, чорны лес ды белае неба сталі такімі дарагімі сэрцу аўтара, што на працягу пражытых гадоў, калі шматлікія падзеі захінаюць успаміны, ён усё часцей звяртаецца да іх. Хоць між радкоў і чытаецца бязмежная любоў да свайго краю, няма той сляпой замілаванасці, што стала пастаянным інструментам уздзеяння ў творчых спробах многіх пісьменнікаў.

Цяпер Віталь Кірпічэнка спадзяецца выдаваць свае кнігі, якія, на яго думку, будуць прыняты «на ўра», бо яны жыццёвыя, падаюцца без прыхарошванняў і напісаны добрай мовай. Такое шчырае прызнанне зможа прывабіць чытача. Спроба напісаць жыццёвую кнігу пра сябе выглядае даволі смела, хоць гэта цяпер даволі папулярна. Без сумневу, яна знойдзе сваю аўдыторыю.

Складана аналізаваць твор, ведаючы, што ў аснове — рэальныя падзеі, але крытыка займаецца не падзеямі з жыцця, а іх адлюстраваннем у літаратуры. Таму нельга не адзначыць, што твору «Над акенцам месяц» не хапіла стылёвай дакладнасці — адсутнасць патрэбнай ступені мастацкасці і моўнай дасканаласці патрабавальны чытач не даруе. Думаецца, у далейшым аўтару варта больш патрабавальна падысці да працы над мовай, каб пазбегнуць штампаў, гутарковасці і злоўжыванняў прафесійнай лексікай.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».