Вы тут

«І я бы пайшоў пад тыя нажы... ды які ў гэтым сэнс?..»


Халодная зброя — даволі зручны прастор для разгорнутай метафары літаратуры, ці так? Проза, напрыклад, замацоўвае ўжо засвоеную мовай навізну і таму сканцэнтравана ў тронку, надае зброі вагу. Гутарковая мова — лязо, якое ўваходзіць у непасрэдны кантакт з рэчаіснасцю і, у залежнасці ад формы зазубін ды іх матэрыялу, па-рознаму на яе ўплывае. Паэзія, якая знаходзіцца на самым кончыку моўнага вастрыя, заўсёды праразае акно ў невядомае і з’яўляецца самай актыўнай і сэнсастваральнай часткай ляза. Зразумела, халодная зброя бывае рознай, з рознымі характарыстыкамі тронкаў ды лёзаў, але асноўная задача — нязменная. Зброя павінна пранізваць. Калі клінок не выконвае гэтай відавочнай функцыі з прычыны сваёй затупленасці, ён прызнаецца непрыдатным, каб пазней ці аказацца завостраным, ці быць выкінутым у сметніцу. Чаму ж калі справа даходзіць да літаратуры, усё перастае быць такім відавочным?..

У літаратурным асяроддзі ёсць пэўнае кола словатворцаў, якія не думаюць пра прызначэнне халоднай зброі і таму выкоўваюць пазбаўленыя вастрыні вырабы, месца якіх — на сценах па-над камінамі. Як такая дэкаратыўная зброя ўспрымаецца кніга Анатоля Аўруціна «Нясцерпная музыка», што выйшла сёлета ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Адкрываецца яна чароўнай у выкарыстанні слоў прадмовай, напісанай Кацярынай Палянскай, паэткай (і лаўрэатам прэміі імя Ганны Ахматавай, без згадвання якой, відаць, прадмова не іграла б такімі фарбамі аўтарытэтнасці). Галоўны цуд гэтага свята гучных слоў і феерверыстых абстракцый — у звароце да паняцця «традыцыйная паэзія». Ну што ж: назваліся груздом — будзем капацца ў кашы з мэтай не дапусціць да стала чаго-небудзь з чырвонымі, у белую крапінку, шляпкамі.

Пад традыцыйнай паэзіяй Кацярына Палянская разумее «стремление к бесконечному совершенству, всегда движение в сторону вечности и беззаветное служение ей». Выразнай карцінкі пакуль не атрымліваецца. Чытаем далей: «традиционная поэзия — это самоотречение и стремление поэта выстроить свой (а, стало быть, и читателя) внутренний мир по высочайшим, порою просто недосягаемым ориентирам». Вось, у прынцыпе, і ўсё, што расказвае нам аўтар прадмовы аб традыцыйнай літаратуры: ці гэта сапраўдная спроба раскрыць паняцце, ці не чарговае ліццё пекных празрыстых кропель высокага стылю дзеля яго самога? Ці не сведчыць гэта пра нежаданне (ці немагчымасць?..) гаварыць пра літаратуру мовай літаратуры?

Маючы жывую цікавасць да літаратуры, за некалькі хвілін я накідаў наступнае: «Традыцыйная паэзія — гэта паэзія, якая арыентуецца на ўжо створаныя метрычныя формы і характарызуецца рэалістычнасцю, дакладнасцю апісанняў, шанаваннем прыроды ды Айчыны і да таго ж прытрымліваецца вытанчанай стылістыкі аповеду».

Гэтае азначэнне ўсё яшчэ не вяршыня дакладнасці, але ўжо хаця б дае глебу для больш істотнай размовы. І, у прынцыпе, паэзія Анатоля Аўруціна падпадае пад яго. Ёсць толькі адно «але»: абсалютная засяроджанасць аўтара на прыкладах рускай традыцыйнай паэзіі ў выкананні прадстаўнікоў Залатога веку. Дык традыцыйная паэзія — такі ж жывы арганізм, як і ўся астатняя паэзія. Яна, праходзячы праз рукі акмеістаў, паэтаў эміграцыі — таго ж Бродскага, паслядоўна расла і развівалася. Але што да Аўруціна, атрымліваецца так, што «традыцыяналізм» — эўфемізм аўтарскіх асаблівасцяў: мовы, адукацыі, літаратурных густаў. Існаванне «традыцыяналізму» менавіта ў якасці эўфемізму настолькі відавочнае, што першы паэтычны радок, які адкрывае зборнік, гучыць так: «Несовременно?.. Вот и пусть!». Такім чынам, можна ўявіць, наколькі сістэматычна ў бок аўтара павінны былі ляцець абвінавачванні ў архаіцы, каб ён, сталы літаратар, траціў друкарскае месца ў сваёй кнізе на адказы да нейкіх спрэчак, якіх звычайныя чытачы нават маглі не чуць?

А найбольш цікавае ва ўсім гэтым тое, што, нягледзячы на мой акцэнт на канкрэтнай кнізе, «традыцыйнасць» — уласцівасць несправядліва вялікай колькасці літаратараў, незалежна ад іх прыналежнасці да саюзаў, узросту ці мовы. Такіх людзей сапраўды шмат, што няма ніякага сэнсу прыводзіць нейкія прыклады, бо гэта, папершае, можа закрануць больш народа, чым мне на дадзены момант патрэбна, а па-другое, гэта наўпрост адвядзе матэрыял ад сутнасці. Да таго ж калі капаць глыбей, то гэтая праблема жыве не толькі ў літаратуры, але і ў крытычных матэрыялах, якія падмацоўваюць пазіцыі «традыцыйнасці» сваімі цукарнаватнымі пасажамі, у якіх «крытыка» — гэта не выяўленне моцных і слабых бакоў твораў і нават не наўмыснае абвінавачванне ва ўсіх сусветных грахах. У межах беларускага дыскурсу сучасная крытыка — гэта ў 90 % выпадкаў лагодна-бяздушны славесны субстрат, які толькі надае абгортцы лішні бессэнсоўны бляск.

А скончыць хачу своеасаблівай мікрапалемікай з аўтарам уступнага слова і ўсімі, хто стварае падобныя прадмовы. Калі вы сцвярджаеце пра кагосьці, што ён «ярчайшее и крупнейшее явление, именно явление, в современной поэзии и литературе вообще», — будзьце гатовыя да таго, што калі-небудзь аб’явіцца той, хто не згодзіцца з вашымі поглядамі, не проста пачне гаварыць аб перабольшванні, але і, натхніўшыся прэтэнцыёзнасцю старэйшага пакалення, без усялякага сораму заявіць наступнае: «Я, на мой взгляд, — пусть и начинающее, но уже ярчайшее критическое явление, именно явление, в белорусской литературно-художественной периодике».

Ды так, вось ён я. Аб’явіўся.

Іван ВАНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».