Вы тут

Гары, гары, свечачка!


Старажытныя грэкі верылі, што духоўная сутнасць чалавека складаецца з чатырох стыхій: агню, паветра, вады і зямлі. Прычым для гарманічнага існавання ў свеце ўсе стыхіі павінны быць паміж сабой збалансаваныя, без яўнай перавагі якой-небудзь з іх.


Зборнік паэзіі Вячаслава Данілава, што днямі пабачыў свет у выдавецтве «Каўчэг», мае «паветраную» назву — «Ветров попутных кораблю...» (Мінск, 2018). Але ў паэтычным свеце В. Данілава вельмі гарманічна суіснуюць і астатнія стыхіі: вада, агонь і зямля. Жывыя, яркія вобразы ўражваюць дакладнасцю, арыгінальнасцю, свежасцю ўспрымання. В. Данілаў — нястомны вандроўнік, мастак-пейзажыст, апявальнік зменлівага хараства прыроды. Ён з аднолькавым захапленнем паказвае дзень і ноч, сонца і дождж, лета і зіму, горад і лес.

СТЫХІЯ І. ПАВЕТРА

«...И пишешь поэму подвалов / На петлях, играющих соло. / Не греет небес одеяло... / Луны там холодный осколок». Урбаністычная замалёўка. Як часта горад адасоблівае людзей, змушае іх пачувацца нібыта ў каменных джунглях, дзе нікому ні да кога няма справы... І аўтар вельмі ўдала перадаў гэта адчуванне. Ён не выказваўся наўпрост, не ўжываў распаўсюджаных слоў (адзінота, туга, сум), — а выйшла пераканаўча. Мы верым лірычнаму герою, нябачна ідзём за ім (хай ён больш не будзе самотны!)

«Через тоннель проходит скорый поезд... / И я пытаюсь так же — через боль...» Адметнае параўнанне! Толькі добра зведаўшы на ўласным досведзе, што такое боль, атрымаецца гэтак сказаць. Але чым ніжэйшы болевы парог у творцы, тым мацнейшая насалода звычайным жыццём з яго звыклымі дзеямі, рытуаламі, тым вастрэй адчуваецца хараство імгненняў, нават калі не адбываецца нічога значнага... Нішто не мінае дарэмна. Любы псіхолаг пераканае: боль падштурхоўвае расці.

«Месяц ёжится над лесом, / В небесах ему несладко...» Як часта чытаеш, здаецца, пра прыродныя з’явы — а бачыш аўтара! Ён сказаў, вядома ж, не пра месяц, а пра сябе. Але жыццё — не камень пры дарозе, а вечная змена ліній, абрысаў. Мінае ноч — і «...радуга течет рекой / По краю неба, грея сердце».

СТЫХІЯ ІІ. ВАДА

«Здесь ночь, как черный волкодав, / Лежит, язык свой выставив», «Печальный месяц в реку окунулся», «Выжал Бог из тучи воду...», «Ты не рассчитывай на жалость, / Когда в снегу лежишь ничком...», «Юный клен мягкотелый / Пожелтевший свой фрак / Сбросил в лужу несмело, / Погружаясь во мрак...» Вада — зменлівая стыхія — прымае любую форму, можа стаць вострым, як лязо, аскепкам лёду альбо жыццядайным для ўсяго жывога дажджом. Так і ў паказаных аўтарам вобразах можа прысутнічаць і безвыходнасць («Ночью этой летнею короткой, / Глядя в небо, хочется кричать»), і чароўнае сузіранне, нават хутчэй самасузіранне, калі, нягледзячы на самоту, ён — шчаслівы, бо для адчування паўнаты жыцця ніхто не патрэбны («Тепло осеннее так хрупко... / Парк засыпает в неглиже»)...

СТЫХІЯ ІІІ. ЗЯМЛЯ

Ёсць прымаўка: ад зямлі адарваўся, а да неба не дастаў... Яна — пра людзей, не прыстасаваных да жыцця, практычна бездапаможных у побыце. Такое даравальна, калі чалавек — геній, але калі ён не вылучаецца нічым асаблівым, то ў лепшым выпадку гэтая недарэчная якасць выклікае паблажлівую ўсмешку. Лірычны герой, без сумневу, свае зоры з неба схопіць (бо мае для гэтага бясспрэчны паэтычны талент, як сведчыць кніга вершаў). Але ад зямлі ён не адрываўся, пра што не шкадуе (і мы не будзем)! Бо распавядае пра ўласныя слабасці з выключнай іроніяй: «С утра позанимавшись спортом, / Вкусив вчерашний винегрет, / А следом — парочку котлет, / Заев всё это сладким тортом, / Лежу, взираю пузом кверху / (Прошу прощенья, — животом) / На игры солнца за окном. / Девчонку вспоминаю — Верку».

СТЫХІЯ IV. АГОНЬ

«Горит в небесах желтый клык / Из пасти бездомного пса», «Солнце от дум невеселых / красным тюльпаном завянет», «Словно цветы, распускаются тени. / Снова свечу съел огонь-озорник», «...я видел слезы свечки / В цвет морского янтаря» — паэтычны агонь В. Данілава не выпальвае да чарнаты, не апякае. Ён далікатны і ненавязлівы. Міжволі прыцягвае вока, але не слепіць. Найчасцей сустракаецца вобраз свечкі. Лірычны герой грэецца і грэе сваю адзіноту... Сціх дзень, усе, акрамя яго, спяць. «Присев поближе к приоткрытому окну, / Я наблюдал, как ночь у клена за спиной / Вплела в прическу ярко-желтую луну, / Трамвай уставший проползал по мостовой»...

СТЫХІЯ V. ПОСТ(АЛЬБО ПАЗА-) СТЫХІЙНАЯ

«Ты не рассчитывай на жалость...» — сам сябе супыняе лірычны герой. Слушна. Калі ўжо стаў на гэты шлях, то і боль, і адзінота, і адчуванне проста-такі сусветнага смутку будуць вечнымі спадарожнікамі. Таму лепш адточваць паэтычнае майстэрства. У якасці кампенсацыі...

А ўдасканальваць пакуль яшчэ ёсць што. Вобразы прыходзяць лёгка, ненапружліва — гэта адчуваецца. Але часам узнікае ўражанне, што паэт і не збіраецца напружвацца ўвогуле: што прыйшло — занатаваў і Бог з ім. Не турбуецца, каб адрозніць сваё добрае ад свайго банальнага. Таму ў межах аднаго твора суседзяць часам і «перлінкі» ў жвіры, і зацяганыя клішэ (напрыклад, вершы «Мне надоело», «***Вот губы твои изогнулись в усмешке...», «***Проникает свет в зрачок»). У вершы «***Слушать дожди надоело...» — цудоўныя радкі «...В щели кривого забора / Ветер весёлый и шустрый, / Словно в губную гармошку, / Дует. Волнуются лужи». Астатняе, аднак, не ўражвае зусім. Яшчэ ў адным творы чытаем: «Река течением быстра, / Об камни ловко спину чешет, / И крылья вскинуты утра...» — о, які вобраз! — Але радкі, што ідуць далей, «змазваюць» утвораную карціну. Праўда, тут пытанне і да рэдактара выдання — для чагосьці ж ён пазначаны ў выхадных звестках...

Не харошыць паэтычныя творы таксама і маралізатарства — як у вершы «***Кто-то живет на земле червяком...». З кожнага Бог спытае адпаведна таму, колькі было дадзена. Чарвяк, раз ужо ён існуе, відавочна, для нечага патрэбны — ёсць у яго на зямлі свае чарвячыныя справы.

Сустракаюцца ў кнізе і асобныя творы, якія з паэзіяй яднае хіба толькі наяўнасць рыфмы (напрыклад «***Ты посмотрела на меня в последний раз...», «Возвращение в СССР»). На шчасце, іх мала — літаральна адзінкі.

А вось тэкст верша «Давно не виделись, малыш!», прасякнуты пачуццём светлага смутку і настальгіі, мог бы сур’ёзна пацясніць некаторыя «ўтварэнні» сучаснай эстрады, што не маюць у сабе ні каліва сэнсу — толькі немудрагелістыя паўторы. Гэта мог бы быць хіт! Так і «чуюцца» ў выкананні мяккага празрыстага тэнара пяшчотныя словы: «Открою я тебе секрет, / Кого люблю я столько лет. / И без кого мне в этой жизни очень плохо».

Несумненны «плюс» кнігі — цудоўнае мастацкае афармленне. Усе малюнкі і здымкі, якія ілюструюць выданне, падабраныя з густам, кожны — на сваім месцы. Яны не захінаюць лірычнага героя і яго перажыванні, а, наадварот, «падсвятляюць», робяць акцэнты. Зазірнуўшы ў яго душу, хочацца пажадаць: гары, гары, свечачка, сагрэй хаця б кагосьці — каб не перарываўся ланцужок цяпла, сяброўства і паэзіі.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?