Вы тут

Лукашэнка падтрымлівае наданне АБСЕ большай ролі ў вырашэнні праблем


Такое меркаванне выказаў беларускі лідар на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томасам Грэмінгерам.


"Мы сабраліся ў Мінску па вельмі важных праблемах. Для абмеркавання гэтай найважнейшай праблемы, якая сёння стаіць перад чалавецтвам. І тое, што мы гэтае мерапрыемства праводзім тут, у Мінску, — гэта перш за ўсё ваша заслуга і вашага сакратарыята, і я вам за гэта ўдзячны", — адзначыў у пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, тэрарызм, кіберзлачыннасць, гандаль людзьмі, нелегальная міграцыя — гэта тое, што вельмі турбуе ўсе краіны свету, а асабліва — дзяржавы нашага рэгіёна, паколькі яны пакутуюць ад праяў нечалавечых дзеянняў, якія, на жаль, уласцівыя грамадзянам многіх еўрапейскіх дзяржаў.

"Беларусь, як вы ведаеце, і гэта таксама вы ацанілі, заўсёды выступала і выступае за дыялог. У гэтым складаным супярэчлівым свеце дыялог з'яўляецца галоўным сродкам зносін паміж народамі і паміж лідарамі дзяржаў, паміж дзяржавамі наогул, — сказаў Прэзідэнт. — І тое, што мы сёння сабраліся ў Мінску на антытэрарыстычную канферэнцыю, — гэта вельмі моцны сігнал для рэгіёна. Мы зробім усё для таго, каб гэтая канферэнцыя, якая праходзіць у Беларусі ўпершыню, стала знакавай падзеяй і каб яна заняла годнае месца ў гісторыі развіцця не толькі АБСЕ".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: арганізацыя, якую прадставіў Томас Грэмінгер, можа разлічваць на дапамогу ў правядзенні любых мерапрыемстваў па лініі АБСЕ ў Мінску. Акрамя таго, беларускі лідар выказаў абсалютную падтрымку курсу на рэфармаванне арганізацыі, наданню ёй большай ролі ў вырашэнні міжнародных праблем, паколькі гэта абсалютна сугучна з нашымі ацэнкамі ролі і месца АБСЕ ў сучасным свеце.

Таксама Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы месяца ў Мінску пройдзе сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі, і запрасіў на яе генеральнага сакратара.

"Я хачу вас запэўніць, што мы, як і раней, будзем заўсёды імкнуцца да таго, каб адыграць вялікую ролю ў рэгуляванні канфліктаў, якія, на жаль, прысутнічаюць на нашым Еўразійскім кантыненце", — падкрэсліў ён.

У адказ Томас Грэмінгер падзякаваў Прэзідэнту за вялікі ўклад у працу АБСЕ. Ён нагадаў, што ў Беларусі праходзяць пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы, наша краіна аказвае арганізацыйную падтрымку. Яшчэ Беларусь, паводле яго слоў, аказвае і палітычную падтрымку.

У канцы ён адзначыў, што “Беларусь належыць да рэдкай групы краін, якія займаюцца будаўніцтвам мастоў, што цяпер, калі рознагалоссі паміж Захадам і Усходам толькі ўзмацняюцца, асабліва важна”.

Мэта афіцыйнага візіту генеральнага сакратара Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томаса Грэмінгера ў Беларусь — удзел у міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню пад эгідай Арганізацыі "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху" і абмеркаванне бягучага стану адносін паміж нашай краінай і АБСЕ, а таксама іх далейшага развіцця.

Так, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства будуць знаходзіцца пытанні барацьбы з тэрарызмам з акцэнтам на сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, уключаючы праблематыку дзяржаўна-прыватных партнёраў у гэтай галіне і абарону найважнейшых аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ад кібератакі.

У адпаведнасці з праграмай візіту прадугледжаны перагаворы Томаса Грэмінгера з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама сустрэча са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргеем Лебедзевым.


У гутарцы з журналістамі Томас Грэмінгер  падкрэсліў, што Беларусь робіць вельмі добрую працу, падтрымліваючы фармат пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы ў Мінску. “Але, вядома, магчымасці па забеспячэнні канкрэтных вынікаў шмат у чым залежаць ад палітычнай волі, — адзначыў ён. — І, як вы ведаеце, палітычная гатоўнасць да выканання палажэнняў Мінскіх пагадненняў у галінах і бяспекі, і палітычнага складніка не на вельмі высокім узроўні ў бакоў".

Акрамя таго, генеральны сакратар выказаў меркаванне, што канферэнцыя ў Мінску з'яўляецца красамоўным сведчаннем вельмі цеснага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і АБСЕ па цэлым шэрагу пытанняў, у тым ліку тэрарызму, гандлю людзьмі, рэфармавання сектара бяспекі, гендарнай роўнасці. Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся шляхі ўмацавання супрацоўніцтва, дадаў ён.

У Томаса Грэмінгера таксама спыталі, ці разглядаліся на сустрэчы з Прэзідэнтам кандыдатуры на пасаду прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі і ці можа ім стаць экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка. "Не, мы не абмяркоўвалі гэта. Зразумела, гэта справа ўкраінскага боку", — сказаў ён.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.