Вы тут

Поліфанія для чытання


У макракосмасе музыкі асаблівым чынам вылучаецца арганнае мастацтва. Арган — даволі старажытны інструмент і, як і ўсё з цягам часу, змяняўся на працягу вякоў. Нягледзячы на тое, што дзякуючы выканальніцтву ў храмах і правядзенню фестываляў арган не забыты, дакладнай інфармацыі аб зменах, асаблівасцях, нават колькасці арганаў менавіта ў Беларусі знайсці немагчыма. Цяпер сітуацыя змянілася: выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла кнігу «Арганы Беларусі» серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў».


Ідэя правесці даследаванне ўсіх арганаў Беларусі, а потым стварыць адзіны каталог належыць выдавецтву. Выданне здзейснена пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і падрыхтавана пры ўдзеле Беларускага фонду культуры і Беларускай акадэміі музыкі. Рэцэнзенты — вядомыя даследчыкі і спецыялісты-практыкі з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

— Упершыню мы сабралі ў адной кнізе тое, што пакінута нашымі нашчадкамі, чым мы можам ганарыцца, што павінны захоўваць і, самае галоўнае, развіваць, — заўважае дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. — Выданне — добрая платформа і аснова для даследчыкаў арганнай музыкі і культуры арганаў увогуле. Адштурхоўваючыся ад яго, мы яшчэ ўбачым не адну кнігу выдавецтва, якая будзе адпавядаць гэтай тэматыцы, а таксама знойдзем шмат навуковых артыкулаў у гэтым кірунку. І самае значнае — мы пачуем урачыстую музыку арганаў, бо яна вельмі адпавядае душы беларусаў.

Адным з першых адкрыццяў стала з’яўленне дакладнай лічбы ўнікальнага інструмента — 123 арганы налічвалася на тэрыторыі Беларусі на момант напісання кнігі. Дарэчы, зараз у краіну завезлі яшчэ два. Вядома, што большая частка з іх не працуе і патрабуе рэстаўрацыі. Таму аднаўленне гэтага кірунку вывучэння мае свой плён як у духоўнай, так і матэрыяльнай сферы. Гісторыя з’яўлення і ўзвядзення арганаў, развіццё арганнага выканальніцтва, імёны выдатных арганістаў, кампазітараў, майстроў, дэспазіцыі і тэхнічныя характарыстыкі кожнага аргана Беларусі, які захаваўся ў храмах да нашага часу, — ва ўнікальнай кнізе. Амаль 370 старонак суправаджаюцца аўдыядадаткам. Ён пазнаёміць чытачоў з музычнымі кампазіцыямі арганаў Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі Мінска, полацкага Сафійскага сабора, Віцебскай абласной філармоніі, мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы, пастаўскага касцёла Святога Антонія Падуанскага і інш.

— Я асабіста разглядаю гэту кнігу як пачатак рэалізацыі доўгатэрміновай грамадска-дзяржаўнай праграмы па адраджэнні старадаўніх арганаў на Беларусі. Гэта вельмі важны кірунак дзейнасці, і я невыпадкова называю яго грамадска-дзяржаўным, паколькі арганы ў абсалютнай большасці знаходзяцца ў касцёлах, якія з’яўляюцца ўласнасцю прыходаў, а дзяржава тут можа толькі спрыяць і дапамагаць. Асноўную нагрузку і ролю павінна ўзяць на сябе грамадскасць, — адзначае старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі.

Даследаванне заняло амаль год, а экспедыцыя складальніка, матэматыка-арганіста Аляксандра Бурдзялёва і фатографа выдавецтва Анатоля Дрыбаса ў пошуках ацалелых экзэмпляраў доўжылася 39 дзён на працягу 2017—2018 гадоў і 13 тысяч кіламетраў. Кніга выдатна праілюстравана. Анатоль Дрыбас адзначае, што фатаграфаваць арганы было задачай не вельмі лёгкай, але ў выніку атрымалася зрабіць 3600 выдатных кадраў, з якіх у кнігу ўвайшло 1100.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».