Вы тут

Не толькі гісторыя


Гавораць, што найцікавейшыя сюжэты не прыдумляюць — іх бяруць з жыцця. Доказ таму — дзейнасць супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, якія сустракаюцца з самым неверагодным падчас раскрыцця злачынстваў. Колькі сцэнарыяў пабудавана на аснове матэрыялаў крымінальных хронік...


Пачатак дзейнасці крымінальнага вышуку ў нашай краіне пакладзены 5 кастрычніка 1918 года, калі былі створаны аддзелы крымінальнага вышуку для барацьбы з бандытызмам і забеспячэння правапарадку ў гарадах і населеных пунктах з колькасцю жыхароў 40—45 тысяч. Але ж за ўсе 100 гадоў яго існавання мы не мелі грунтоўнага і ўсебаковага разгляду яго гісторыі, тым больш па-беларуску. Выданне «Беларускі крымінальны вышук = Белорусский уголовный розыск», што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» (Мінск, 2018), ліквідуе гэты недахоп.

Аўтар кнігі Юры Кур’яновіч, сам у мінулым супрацоўнік органаў унутраных спраў, прасочвае развіццё і дзейнасць крымінальнага вышуку і аналагічных яму службаў ад самых вытокаў: калі ў Вялікім Княстве Літоўскім у час княжання Казіміра IV Ягелончыка быў складзены першы кадыфікаваны крымінальны закон — Судзебнік Казіміра, а ў статуце ВКЛ 1566 года ўводзілася пасада вознага (раўназначная сучаснаму следчаму), былі зафіксаваны яго правы і абавязкі. Працэдура судовага следства па крымінальных справах (тады называлася шкрутэніумам) бярэ пачатак менавіта з тых часоў.

Для збору матэрыялаў, якія склалі кнігу, была створана працоўная група, што вяла сваю дзейнасць па ўсіх архівах Беларусі на працягу года. Выкарыстоўваліся таксама звесткі з музеяў Расійскай Федэрацыі. Свой унёсак зрабілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку нашай краіны.

Зразумела, нават такая грунтоўная праца не змагла змясціць усю гісторыю службы, якая вартая шматтомнага выдання. Калі мы кажам пра свае гістарычныя карані, то трэба адзначыць: гісторыя нашага крымінальнага вышуку не бяднейшая за ўсякую іншую. Хапала ў нас і падзей, і асоб, вартых стаць асновай для любога крымінальнага рамана або дэтэктыўнага кінасцэнарыя. А ўсё гэта было сапраўды.

Так, напрыклад, быў у нас уласны Шэрлак Холмс — Аляксандр Ільюкевіч. Звычайны сялянскі хлопец, ураджэнец Случчыны, пачаў працу ў паліцыі на пасадзе канцылярскага служачага 3 разраду і, прайшоўшы ўсе службовыя прыступкі, даслужыўся да начальніка вышуковага аддзялення Мінскай паліцыі. Яго біяграфіі няма аналагаў у гісторыі сусветнай паліцыі: пяць разоў змянялася ўлада — а ён заставаўся на сваім месцы, усё гэтак жа паспяхова раскрываў разнастайныя злачынствы, затрымліваў узброеных злодзеяў, паказваючы пры гэтым прыклады мужнасці і адвагі.

Ды ён такі быў у нас не адзін. 1913 год: у Швейцарыі праходзіць Міжнародны з’езд крыміналістаў. Вышуковая паліцыя Расійскай імперыі прызнаецца лепшай у свеце. А ўзначальвае яе Аркадзь Кашко, якога называлі рускім Шэрлакам Холмсам, — наш суайчыннік, нарадзіўся на Магілёўшчыне. Дарэчы, ветэранская арганізацыя ў Расіі ў 2015 годзе заснавала медаль імя Кашко, якой узнагароджваюцца як дзеючыя супрацоўнікі Расійскай паліцыі, так і ветэраны за лепшыя вынікі ў аператыўна-службовай дзейнасці, у выкрыцці злачыннасці.

Яшчэ прыклад — Павел Каралёў. У 1970-х гадах ён узначальваў крымінальны вышук Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У 2015 годзе заснаваны прыз ягонага імя, якім узнагароджваюцца лепшыя сышчыкі.

І свая «Чорная кошка» ў нас мелася. Апошняя банда з такой назвай была ліквідаваная ў 1956 годзе ў Барысаве.

У кнізе змешчана інфармацыя пра ўсе тэрытарыяльныя падраздзяленні крымінальнага вышуку Беларусі, а таксама біяграфіі ўсіх кіраўнікоў крымінальнага вышуку абласных упраўленняў. Гэта не толькі гісторыя, але і памяць...

Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».