Вы тут

Лукашэнка падтрымлівае наданне АБСЕ большай ролі ў вырашэнні праблем


Такое меркаванне выказаў беларускі лідар на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томасам Грэмінгерам.


«Мы сабраліся ў Мінску па вельмі важных праблемах. Для абмеркавання гэтай найважнейшай праблемы, якая сёння стаіць перад чалавецтвам. І тое, што мы гэтае мерапрыемства праводзім тут, у Мінску, — гэта перш за ўсё ваша заслуга і вашага сакратарыята, і я вам за гэта ўдзячны», — адзначыў у пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, тэрарызм, кіберзлачыннасць, гандаль людзьмі, нелегальная міграцыя — гэта тое, што вельмі турбуе ўсе краіны свету, а асабліва — дзяржавы нашага рэгіёна, паколькі яны пакутуюць ад праяў нечалавечых дзеянняў, якія, на жаль, уласцівыя грамадзянам многіх еўрапейскіх дзяржаў.

«Беларусь, як вы ведаеце, і гэта таксама вы ацанілі, заўсёды выступала і выступае за дыялог. У гэтым складаным супярэчлівым свеце дыялог з'яўляецца галоўным сродкам зносін паміж народамі і паміж лідарамі дзяржаў, паміж дзяржавамі наогул, — сказаў Прэзідэнт. — І тое, што мы сёння сабраліся ў Мінску на антытэрарыстычную канферэнцыю, — гэта вельмі моцны сігнал для рэгіёна. Мы зробім усё для таго, каб гэтая канферэнцыя, якая праходзіць у Беларусі ўпершыню, стала знакавай падзеяй і каб яна заняла годнае месца ў гісторыі развіцця не толькі АБСЕ».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: арганізацыя, якую прадстаўляе Томас Грэмінгер, можа разлічваць на дапамогу ў правядзенні любых мерапрыемстваў па лініі АБСЕ ў Мінску. Акрамя таго, беларускі лідар выказаў абсалютную падтрымку курсу на рэфармаванне арганізацыі, наданню ёй большай ролі ў вырашэнні міжнародных праблем, паколькі гэта абсалютна сугучна з нашымі ацэнкамі ролі і месца АБСЕ ў сучасным свеце.

Таксама Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы месяца ў Мінску пройдзе сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі, і запрасіў на яе генеральнага сакратара АБСЕ.

«Я хачу вас запэўніць, што мы, як і раней, будзем заўсёды імкнуцца да таго, каб адыграць вялікую ролю ў рэгуляванні канфліктаў, якія, на жаль, прысутнічаюць на нашым Еўразійскім кантыненце», — падкрэсліў ён.

У адказ Томас Грэмінгер падзякаваў Прэзідэнту за вялікі ўклад у работу АБСЕ. Ён нагадаў, што ў Беларусі праходзяць пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы па Украіне, наша краіна аказвае арганізацыйную падтрымку. Яшчэ Беларусь, паводле яго слоў, аказвае і палітычную падтрымку.

У канцы ён адзначыў, што «Беларусь належыць да рэдкай групы краін, якія займаюцца будаўніцтвам мастоў, што цяпер, калі рознагалоссі паміж Захадам і Усходам толькі ўзмацняюцца, асабліва важна».

Мэта афіцыйнага візіту генеральнага сакратара Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томаса Грэмінгера ў Беларусь — удзел у міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню пад эгідай Арганізацыі «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху» і абмеркаванне бягучага стану адносін паміж нашай краінай і АБСЕ, а таксама іх далейшага развіцця.

Так, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства будуць знаходзіцца пытанні барацьбы з тэрарызмам з акцэнтам на сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, уключаючы праблематыку дзяржаўна-прыватных партнёраў у гэтай галіне і абарону найважнейшых аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ад кібератакі.

У адпаведнасці з праграмай візіту прадугледжаны перагаворы Томаса Грэмінгера з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама сустрэча са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргеем Лебедзевым.

У гутарцы з журналістамі Томас Грэмінгер падкрэсліў, што Беларусь робіць вельмі добрую работу, падтрымліваючы фармат пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы ў Мінску. «Але, вядома, магчымасці па забеспячэнні канкрэтных вынікаў шмат у чым залежаць ад палітычнай волі, — адзначыў ён. — І, як вы ведаеце, палітычная гатоўнасць да выканання палажэнняў Мінскіх пагадненняў у галінах і бяспекі, і палітычнага складніка не на вельмі высокім узроўні ў бакоў».

Акрамя таго, генеральны сакратар выказаў меркаванне, што канферэнцыя ў Мінску з'яўляецца красамоўным сведчаннем вельмі цеснага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і АБСЕ па цэлым шэрагу пытанняў, у тым ліку тэрарызму, гандлю людзьмі, рэфармавання сектара бяспекі, гендарнай роўнасці. На сустрэчы абмяркоўваліся шляхі ўмацавання супрацоўніцтва, дадаў ён.

У Томаса Грэмінгера таксама спыталі, ці разглядаліся на сустрэчы з Прэзідэнтам кандыдатуры на пасаду прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі, ці можа ім стаць экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка. «Не, мы не абмяркоўвалі гэта. Зразумела, гэта справа ўкраінскага боку», — сказаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Курс — дакладны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».