Вы тут

Лукашэнка прагназуе яркі росквіт адносін Беларусі і Расіі


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі, спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю Міхаілам Бабічам.


У пачатку нарады кіраўнік дзяржавы адзначыў, што звычайна на першай афіцыйнай сустрэчы кажуць нешта важнае ці пратакольнае. "Ну, напэўна, было б смешна, калі б я абмежаваўся нейкай пратакольнай заявай або выказваннем, хоць гэта таксама важна", — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў Міхаілу Бабічу пра вялікую колькасць публікацый у інтэрнэце, прысвечаных яго прызначэнню. Пасол, у сваю чаргу, адзначыў, што чытаў усе.

"Сказаць, што там няма праўды нейкай долі, будзе несумленна. Калі сказаць, што там ёсць праўда, таксама будзе несумленна. Кожная група людзей, якія цікавяцца беларуска-расійскімі адносінамі, спрабавала праецыраваць праз асобу пасла — тым больш, вы ведаеце, што вельмі доўга працаваў ранейшы пасол, — нагадаў Прэзідэнт. — Тэма не была актуальнай,  а тут — прызначэнне новага пасла. І ў сілу нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй праз асобу вашу спрабавалі нешта выказаць. Скажу шчыра, што больш было негатыву. Шчыра скажу, я хацеў бы, каб ваш перыяд работы ў дыпламатычным ведамстве, пасольстве нашай братэрскай Расіі ў Беларусі, быў самым актыўным, эфектыўным і прарыўным. Калі вы на гэта настроены — а ў мяне менавіта такое ўражанне, што вы менавіта настроены на такую працу, — лічыце, што ў нас так і атрымаецца".

На думку кіраўніка дзяржавы, гэта будзе перыяд самага яркага росквіту двухбаковых адносін Беларусі і Расіі. Упэўненасць у гэтым пацвярджаецца размовай беларускага лідара з Уладзімірам Пуціным, на якой неаднаразова абмяркоўвалася кандыдатура Міхаіла Бабіча на адказную пасаду. Расійскі Прэзідэнт, надзяляючы пасла Расіі дадатковымі маштабнымі паўнамоцтвамі (у тым ліку ў сферы эканомікі, чаго раней не бывала), звярнуў увагу, што Беларусь — гэта найважнейшая краіна, з якой Расія будзе выбудоўваць адносіны.

Беларускі лідар нагадаў, як, рэагуючы на некаторыя словы і дзеянні расійскіх улад, адкрыта казаў: зразумела, што Расія не хоча страціць Беларусь. "І я б сапраўды так, будучы ў кіраўніцтве Расіі, паводзіў сябе і перажываў за Беларусь, з кім яна будзе: ці яна паверне на Захад, як некаторыя пісакі, асабліва ў Расіі, гэта абмяркоўваюць і нашы, як я кажу, плявузгаюць тут пастаянна. Ці ж яна будзе разам з брацкай Расіяй, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, адкрыта скажу, мне паварочваць туды-сюды, напэўна, не да месца. Мне, Прэзідэнту, які ўжо адзін раз павярнуў ад заўзятага нацыяналізму і іншых антырасійскіх пытанняў, правёўшы рэферэндум у Беларусі, калі народ вызначаўся: мы з кім? І за саюз Беларусі і Расіі прагаласавала не проста большасць — пераважная большасць нашага насельніцтва".

На яго думку, і сёння беларускі народ бачыць у Расіі блізкага саюзніка, які заўсёды прыйдзе на дапамогу пры неабходнасці. Тым жа будзе адказваць і Беларусь.

"Непарушна адно, і вы гэта добра ведаеце: мы суверэнная і незалежная краіна. Калі ўжо шчыра казаць, не толькі дзякуючы памкненням нашага народа мы сталі суверэннай і незалежнай дзяржавай. Гэтага хацела Расія і тагачаснае кіраўніцтва Расіі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што, паколькі цяперашняе кіраўніцтва заяўляла аб пераемнасці курсу, у XXI стагоддзі казаць пра ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі — проста смешна. "Я ні разу ад цяперашняга Прэзідэнта Расіі гэтага не чуў і ад мінулага, першага Прэзідэнта Расіі я ніколі пра гэта не чуў. Я думаю, мы выбудуем нармальныя адносіны, але я хачу, каб вы пра гэта пачулі з маіх вуснаў публічна, як я бачу нашы адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Крыху бязладна, можа быць, я сказаў, я гатовы на гэтую тэму размаўляць, я думаю, мы агульную мову знойдзем, але я б вельмі-вельмі хацеў, яшчэ раз паўтару, каб мы зрабілі гэты перыяд, якім ганарыліся б і мае, і вашы дзеці", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У адказ Міхаіл Бабіч падзякаваў Прэзідэнту за цёплы прыём. Пасол адзначыў, што за першы месяц працы ў нашай краіне ў яго склалася ўражанне, што ён знаходзіцца тут досыць даўно, паколькі з першых дзён адчуў увагу і жаданне ўсіх калег зрабіць так, каб перыяд азнаямлення са становішчам быў як мага больш кароткі і эфектыўны.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».