Вы тут

Самая распаўсюджаная птушка ў Беларусі - шпак


6 і 7 кастрычніка прайшлі юбілейныя  25-я Еўрапейскія восеньскія дні назіранняў за птушкамі. Іх праводзіць міжнародная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International.  Яе нацыянальным  партнёрам у Беларусі выступае грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”


Фота: wildlife-ru.livejournal.com

Пасля правядзення падлікаў высветлілася, што за першыя выходныя кастрычніка 25000 чалавек  з 41 краіны Еўропы і Цэнтральнай Азіі  ўбачылі 5,2 мільёна птушак.

Як паведамілі ў ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, у Беларусі ў EuroBirdwatch—2018. паўдзельнічалі 958 чалавек. Гэта менш, чым летась, але ўдзельнікі аказаліся больш назіральныя: кожны з іх убачыў у сярэднім 28 птушак! За два дні агульнымі намаганнямі ўдалося ўбачыць 27 262 птушкі 118 відаў. Гэты звесткі яшчэ могуць удакладняцца.

У ТОП-3 самых папулярных відаў у Беларусі ўвайшлі шпак  (3843 асобін), грак (2406 асобін) і крыжанка (2289 асобін).

А самыя цікавыя сустрэчы з птушкамі здарыліся ў людзей з гаваркімі прозвішчамі. Напрыклад, Мікалай Верабей назіраў у Любані стэпавага луня — гэта рэдкі ў нас госць, яго арэал знаходзіцца далёка на паўднёвым усходзе ад Беларусі. Дарэчы, Мікалай Верабей стаў рэкардсменам гэтага года па колькасці убачаных відаў: на яго рахунку іх 77! Назіранні ён праводзіў у Любані і яе ваколіцах. Часцей за ўсё Мікалаю сустракаліся шпакі, чыжы і крыжанкі.

А найбольшую колькасць асобін птушак налічыў у Лёзна і наваколлі Аляксандр Собалеў — 3547. Асабліва яму шанцавала на юркоў, шпакоў, звычайных аўсянак і палявых вераб'ёў.

Птушку года – чорнагаловага шчыгла — бачылі 15 чалавек.

Самымі ўдалымі для назіральнікаў месцамі аказаліся Любанскі раён, в. Лясное Верхнядзвінскага раёна, аграгарадок Свіслач Гродзенскага раёна і Рэчыцкі раён.

Самымі актыўнымі сталі жыхары Случчыны, дзе за два дні паўдзельнічалі ў акцыі 694 чалавека. Пляцоўкі для назіранняў былі арганізаваныя ў 19 установах адукацыі.  Школьнікі разам са сваімі педагогамі ўбачылі 4765 птушак 42 відаў.

ТОП-3 самых папулярных відаў сярод краін-удзельніц EuroBirdwatch—2018 застаецца ранейшым, толькі “месцы” размеркаваліся па-іншаму: на першым месцы — берасцянка (больш як 1,1 млн асобін),  затым шпак — больш за 1 млн і белашчокая казарка — больш за 590 тысяч.

Найбольшую колькасць птушак  зафіксавалі ў Нідэрландах (1 343 440 асобін розных відаў), Швецыі (794172) і Венгрыі (707315).

У 2018 годзе Еўрапейскім цэнтрам апрацоўкі дадзеных восеньскіх назіранняў за птушкамі выступіла арганізацыя Natur&ëmwelt (партнёр BirdLife у Люксембургу). На працягу 6 і 7 кастрычніка сюды сцякалася інфармацыя аб назіраннях з усіх куткоў Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.