Вы тут

Трое дзяцей у сталічнай сям'і нарадзіліся ў адзін дзень


Гісторыя гэтай сталічнай сям'і падобная на сучасную казку. Жылі-былі муж з жонкай і было ў іх тры сыны — Альгерд, Георгій і Яўген... Казачнасць у тым, што нарадзіліся хлопцы ў адзін дзень!


Магічная лічба

Для Ігара і Кацярыны Лапікавых 19 чэрвеня — дата асаблівая. Сёлета ў гэты дзень іх старэйшаму сыну споўнілася пяць, сярэдняму — тры, а малодшы ўпершыню пабачыў белы свет.

Калі нарадзіўся Альгерд, маладыя бацькі не маглі нарадавацца. На дварэ лета — не трэба было сядзець дома і баяцца выйсці на вуліцу з-за холаду, дажджу ці снегу. Праз год сын рабіў першыя крокі зноў жа па цёплых, залітых сонцам сцежках. Таму нараджэнне другога дзіцяці планавалі таксама на лета. Праўда, хто б мог падумаць, што супадзе не толькі месяц, але і дзень?

— На УГД урач паставіў дакладную дату — 19 чэрвеня. Але мы да апошняга хадзілі і ўсміхаліся. Ніхто не верыў, што такое магчыма. Схваткі пачаліся 18-га, і я ўжо нават настроілася, што паўтору не будзе. Аднак у Георгія былі іншыя планы. На свет ён выйшаў акурат 19-га! — кажа Кацярына. — Перажывала тады страшна. Усё думала, што падрастуць мае хлопцы і пачнуць запытвацца: «Як так, мама? У мяне няма свайго дня нараджэння». Затое, калі тэрміны нараджэння і трэцяга дзіцяці паставілі на чэрвень, усе ўспрынялі навіну спакойна. Нібыта так і трэба.

Яўген павінен быў з'явіцца 15-га, але, напэўна, вырашыў не парушаць традыцыю. Дарэчы, у нас не толькі дзеці ў гэты дзень нарадзіліся, але і родная сястра Ігара — Ала.

Цікаўлюся ў Лапікавых, як яны падбіралі імёны дзецям. Альгерд, Георгій, Яўген — надзвычай арганічна і сугучна.

— Гэта не мы. Дзеці самі вызначылі, як іх будуць зваць. Праўда, — заўважае Ігар.

— У нас ёсць фотаздымкі Альгерда з раддома. Ён там так ляжыць, нібыта ў сваіх маленькіх ручках кап'ё трымае. Ну выліты князь! — дадае Кацярына. — Імя Георгія мы падгледзелі ў царкоўным календары. Трэцяга сына думалі назваць Міронам. Але калі ён нарадзіўся, то адразу стала ясна: ніякі гэта не Мірон. Яўген — і кропка.

Нягледзячы на агульны дзень нараджэння, хлопчыкі вельмі розныя. Альгерд у дзіцячы садок пайшоў толькі ў пяць гадоў. Ён туды асабліва не рваўся, была магчымасць пакінуць яго дома — і Кацярына гэтым скарысталася. А Георгій, наадварот, як толькі яму споўнілася два, пабег у садок з задавальненнем. Які шлях абярэ Яўген, пакажа час.

Кацярына-краса і яе рыцары

Першае, на што звяртаеш увагу пры знаёмстве з Лапікавымі, — у бацькоў і траіх дзяцей русыя валасы і светлыя вочы. Мімаволі ловіш сябе на думцы, што менавіта так павінны выглядаць сапраўдныя беларусы. Пры гэтым немагчыма адарваць позірк ад касы Кацярыны, бо яна, як у той народнай песні, дастае да самага пояса.

— Дзеці растуць, і каса расце, а муж пільнуе, — з усмешкай заўважае жанчына. — Я раней з даўжынёй эксперыментавала. Можа, і зараз адважылася б на перамены. Але Ігару падабаецца натуральная прыгажосць.

У размове са мной бацька сур'ёзны, нешматслоўны. Ажыўляецца, як толькі да яго падыходзяць дзеці. З зацікаўленасцю ловіць кожнае слова сыноў.

— Сёння смешна пра гэта казаць, але на першым спатканні я папрасіла Ігара... паказаць пашпарт! Мы пазнаёміліся на вуліцы, сацсеткі тады былі не вельмі папулярныя, а мне хацелася з самага пачатку зразумець, што за чалавек перада мной.

Ці то жартуючы, ці то ўсур'ёз Кацярына кажа, што лёс двойчы даў іх пары магчымасць праверыць пачуцці часам і адлегласцю:

— Калі мы пачалі сустракацца, я выйграла грант на навучанне ў магістратуры Маскоўскага філіяла Манчэстэрскага ўніверсітэта. Такі шанц выпадае раз у жыцці, таму дзеля адносін ад вучобы адмаўляцца не стала — паехала ў Расію. Ігара гэта зусім не спужала. Наадварот. Ён кінуў звыклае жыццё ў Мінску і паехаў услед за мной у чужы горад, дзе ў яго не было ні сяброў, ні працы. Такая рашучасць з яго боку даказала сур'ёзнасць намераў у дачыненні да мяне, — прызнаецца Кацярына. — На гэтым выпрабаванні не скончыліся. Бо пасля паўгода я правяла ў Лос-Анджэлесе ў сям'і роднай сястры Вольгі. Калі вярнулася з-за акіяна, Ігар ужо нікуды мяне не адпусціў. І правільна зрабіў, дарэчы. (Смяецца.)

— Кажуць, што матулі, у якіх адны сыны, — асаблівыя.

— Нешта ў гэтым ёсць. Я вельмі радая, што ў мяне тры хлопчыкі. Ужо разумею ўсю цяжкасць выхавання. Але думаю, Бог пакуль дзяўчынку не дае, таму што ў мяне характар прамалінейны. Хлопцам як скажаш, так яны і разумеюць. Дзяўчаткі, напэўна, патрабуюць большай далікатнасці, схільныя надумваць.

Адказнасць — вельмі важная якасць для мужчыны. У сваіх хлопцаў мы яе развіваем з маленства: вучым прасіць прабачэння. Правініўся і адчуваеш гэта — даводзь сітуацыю да лагічнага завяршэння. Здаецца, дробязь, але калі ўпусціш яе з самага пачатку, дарослага чалавека такому ўжо не навучыш.

— Трымаеце сыноў у строгасці і дысцыпліне?

— Хутчэй наадварот. Мы ім поўнасцю давяраем, таму даём поўную свабоду. Узялі малаток ці адвёртку — добра. Дапамагаюць дранікі смажыць ці цеста замешваць — добра. Мыюць падлогу — добра. Калі прыязджаем у Ружаны да сваякоў, то дзяцей не стрымаць: бягуць з бацькам на рыбалку, у лазню, нешта рамантуюць, распальваюць камін. І тут галоўнае не адбіць ахвоту. «Ты яшчэ маленькі, адыдзі» або «Не дарос» — такога ў нашым доме не чуваць. Празмернай асцярожнасці быць не павінна. Ёсць у беларусаў нават такая прыказка — «Дзіця, не ўпаўшы, не вырасце».

— Не магу не запытацца пра ежу. Напэўна, гатуеце дома шмат?

— Мне часта даводзіцца чуць: «Калі сыны падрастуць, будзеш дзень і ноч каля пліты стаяць і боршч вёдрамі варыць». У адказ на такія фразы ўсміхаюся. Бо гэтае пытанне я для сябе ўжо вырашыла: ніколі не гатую загадзя. Перш чым пайсці да пліты, запытваюся: што будзем есці? Разам выбіраем, разам гатуем, разам ямо. Тады і лішняга нічога не застаецца, і я дарма часу не трачу.

Пра карэнне і насенне

Як толькі сыны пачалі гаварыць, у Лапікавых з'явілася цікавая традыцыя: на выхадных яны размаўляюць па-беларуску. Пакуль іншыя бацькі наракаюць на недахоп заняткаў на роднай мове ў школе ці садку, Ігар і Кацярына закладваюць беларускамоўны падмурак у сям'і. Увогуле, пара да культурнай спадчыны ставіцца з асаблівай павагай.

— З бязмежнай цеплынёй прыгадваю гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Я захаплялася гістарычнай рэканструкцыяй і сама шыла-вышывала нацыянальныя строі. Разам з сяброўкай арганізоўвалі майстар-класы па бытавых танцах і фальклорных спевах, нават разам з гуртом «Стары Ольса» гастралявалі.

Захапленне народнай культурай у студэнцтве паўплывала і на выхаванне дзетак.

— Развіццё ў першы год жыцця — самае актыўнае і хуткае. Менавіта ў гэты час дзіця атрымлівае самыя моцныя ўражанні ад навакольнага свету. Не трэба думаць, што «яно нічога з гэтага не запомніць», і засяроджвацца толькі на мінімальных патрэбах — ежа, догляд, сон. Укладвацца трэба па максімуме і ў плане духоўнага развіцця: спявайце і расказвайце немаўлятку ўсё, што ведаеце самі.

Маленькі Альгерд перад сном заслухваўся беларускімі калыханкамі — ад усім вядомай «Доўгі дзень, цёплы дзень...» да рэдкіх фальклорных песень. Георгій чуў ад мамы і таты казкі на роднай мове. Яўген падчас кармлення слухае Моцарта.

— Калі яго пераадзяваю, пачынаю чытаць вершы. Усе, што ведаю на памяць: магу і «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага, і лірыку Аляксандра Блока. Упэўнена, гэта цудоўная база для далейшага развіцця хлопчыка.

— А што з таго, што вам далі бацькі, вы хочаце перадаць сынам?

— Трэба ўкладваць не толькі сродкі, але і сілы ў дзяцей. Вялізныя катэджы і шматлікія аўтамабілі шчасця не прынясуць. А любоў абавязкова вернецца. Гэтаму мяне навучыў бацька. Акрамя таго, у яго можна пераняць лёгкасць і свабоду думак, пастаянны палёт ідэй, якія на нас з сястрой аказалі моцны ўплыў. Ад маёй матулі хочацца перадаць дзеткам імкненне да прыгожага ва ўсім, — кажа Кацярына.

— А мяне вучылі так: дзе б ты ні апынуўся, як бы высока ні ўзняўся, не павінен забывацца на свае карані, — разважае Ігар. — Нашая сямейная геаграфія — гэта Брэстчына, Гомельшчына, Магілёўшчына. Хачу, каб сыны памяталі не толькі адкуль выйші, але і ўсіх, хто быў у родзе да іх. Бо, як паказвае практыка, з тымі, хто адбіўся ад сваіх, нічога добрага не бывае.

Ганна КУРАК

Фота аўтара і з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».