Вы тут

Чаму быў раскрытыкаваны праект закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту»?


«Эканамічны гвалт», «пераследаванне» і «дамаганне», афіцыйная забарона біць дзяцей і іншыя новаўвядзенні і тэрміны маглі з'явіцца ў Беларусі, калі б у краіне зацвердзілі распрацаваную ў Міністэрстве ўнутраных спраў (МУС) канцэпцыю праекта закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту». Але падрыхтаваны дакумент жорстка раскрытыкавалі і Прэзідэнт, і розныя афіцыйныя ведамствы, і звычайныя беларусы.


Сям'я: каштоўнасць ці небяспека

У МУС лічаць, што канцэпцыя накіравана на ўмацаванне традыцыйных для беларускага грамадства сямейных каштоўнасцяў. Іх апаненты настойваюць, што прапанаваныя ідэі ўводзяць новую крымінальную адказнасць і падрываюць само паняцце сям'і.

— Некаторыя новаўвядзенні гэтай канцэпцыі зменяць усё наша жыццё, калі яны будуць прынятыя. Пачынаючы ад уладкавання нашай сям'і і ўзаемаадносін паміж дзецьмі і бацькамі і паміж мужам і жонкай і заканчваючы стасункамі паміж людзьмі ў грамадстве. Некаторыя моманты канцэпцыі зменяць самі асновы нашага грамадства, — упэўнены Пётр ШАПКО, старшыня аб'яднання «Горад без наркотыкаў». — Апошні год у прэсе тэма хатняга гвалту так шырока абмяркоўваецца, што ў многіх грамадзян, пэўна, ужо склалася меркаванне, што сям'я — самае небяспечнае месца для існавання чалавека.

Канцэпцыя мае каласальны дысбаланс паміж правамі і абавязкамі мужчын, якія часцей за ўсё падаюцца як агрэсары, і жанчын, якія пазіцыянуюцца як ахвяры. А бацькі, як правіла, выступаюць наўмыснымі крыўдзіцелямі сваіх дзяцей. Праектам гэтага дакумента справы хатняга гвалту фактычна выводзяцца за межы адміністрацыйнага і крымінальнага працэсу — адзінага спосабу з дапамогай закону высветліць, якія адбываліся падзеі, лічыць Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, і дадае, што пэўныя прапановы канцэпцыі супярэчаць і Кодэксу аб шлюбе і сям'і, і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі:

— Распрацаваная органамі Міністэрства ўнутраных спраў канцэпцыя — шкоднае і небяспечнае сатрасенне паветра. Гэта антыканстытуцыйны дакумент, што супярэчыць беларускаму заканадаўству. Ёсць фундаментальныя правы, гарантаваныя чалавеку дзяржавай. І адно з такіх правоў і каштоўнасцяў — сям'я — саюз мужчыны і жанчыны.

Гвалт эканамічны, сексуальны і фізічны

Якія ж прапановы канцэпцыі выклікаюць найбольшае абурэнне і чаму? Ёсць прэтэнзіі да расшырэння паняцця «гвалт». У канцэпцыі выкладзены азначэнні паняццяў «хатні гвалт», «сексуальны гвалт» і «фізічны гвалт». Пад эканамічным, у прыватнасці, разумеюцца наўмысныя дзеянні, якія ставяць чалавека ў залежнасць праз пазбаўленне яго жылля, ежы, грошай, а таксама калі яму забараняюць працаваць ці вучыцца.

— Я не ўбачыў у канцэпцыі дакладных дэфініцый! Што такое псіхалагічны гвалт? Нельга пражыць усё жыццё ў шлюбе і ні разу не пасварыцца. А што такое эканамічны гвалт? Не даў грошай на брыльянты? — эмацыянальна выказваецца Ігар Марзалюк.

Незадаволены спецыялісты і павелічэннем магчымасцяў прадстаўнікоў МУС і старонніх людзей, уключаючы грамадскія аб'яднанні, умешвацца ва ўнутраныя справы сем'яў, што таксама вынікае з канцэпцыі. Такое пашырэнне магчымасцяў для нашай краіны беспрэцэдэнтнае, падкрэсліў Пётр Шапко.

Выклікае эмоцыі і прапанаванае рашэнне пашырыць кола асоб, на якіх будзе распаўсюджвацца работа па папярэджанні хатняга гвалту. Гэта не толькі тыя, хто жыве разам і вядзе сумесную гаспадарку, а і былыя муж і жонка і дарослыя дзеці.

Афіцыйная забарона біць дзяцей — норма, якая таксама не павінна была стаць рэвалюцыйнай, бо вядома ж, што так рабіць у прынцыпе нельга і непедагагічна. Аднак гэта таксама выклікала шчырае абурэнне. «Чаму я як бацька не маю права пакараць сваё дзіця, я не маю на ўвазе фізічнае пакаранне, за рэчы, якія яно робіць няправільна?» — задаецца пытаннем дэпутат.

У канцэпцыі прапанаваны і спосабы абароны ад агрэсараў. Крыўдзіцель павінен будзе пакінуць дом на 15 сутак, узяўшы толькі асабістыя рэчы і пакінуўшы ключы ад кватэры пацярпелым. Мяркуецца, што агрэсару вынесуць абароннае прадпісанне і забароняць высвятляць месца знаходжання яго ахвяры, а таксама мець з ёй стасункі і распараджацца сумеснай маёмасцю. Хатні гвалтаўнік мусіць прайсці спецыяльную карэкцыйную праграму, скіраваную на змяненне паводзін. Канцэпцыя прадугледжвае, што дзеці, пацярпелыя ад гвалту, па магчымасці будуць з'язджаць да сваякоў, пакуль будуць вырашацца сямейныя праблемы.

Пункт невяртання

Думаецца аднак, што, колькі б законаў ні існавала і як бы ні гучалі іх фармулёўкі, усё адно самае галоўнае — тое, як яны прымяняюцца на практыцы і наколькі дзейснымі застаюцца для людзей. Напрыклад, вызначыць межы, дзе канчаецца сямейная сварка і пачынаецца метадычнае штодзённае зневажанне (чытай — псіхалагічны гвалт), вельмі цяжка, і ў кожным выпадку межы свае, іх не прапісаць ніякімі канцэпцыямі.

— У некаторых еўрапейскіх краінах канцэпцыі падобнага тыпу былі прынятыя, аднак наступствы іх прымянення за апошнія 10—15 гадоў не вывучаліся. Значыць, распрацоўшчыкі іх не даследавалі і, на маю думку, гэта памылка, — дадаў старшыня аб'яднання «Горад без наркотыкаў». — Прапанаваная нам канцэпцыя заснавана на замежным вопыце, а замежны вопыт базуецца на Стамбульскай канвенцыі.

Улічваючы крытыку на ўсіх узроўнях, канцэпцыя, наўрад ці будзе прынятая. Аднак застаецца пытанне: што рабіць, каб супрацьдзейнічаць хатняму гвалту? З аднаго боку, нельга замоўчваць праблему яго існавання. З другога — не трэба перабольшваць яе маштабы, заклікаюць спецыялісты.

— Сённяшняе заканадаўства гарантуе нармальнае чалавечае існаванне і ўсе правы ў межах сям'і і за яе перыметрам. Я не разумею, навошта прыдумваць дадатковы заканадаўчы акт, калі дастаткова сучасных інструментаў, каб пакараць дэбашыра, гвалтаўніка, хулігана, у тым ліку і таго, што займаецца хатнім хуліганствам, — здзіўляецца Ігар Марзалюк. — Мяне абражае рэклама ў беларускіх супермаркетах з плакатамі, адкуль я даведаўся, што жыву ў краіне паталагічных сямейных садыстаў. Калі чытаю, што трое з чатырох беларусаў зазналі хатні гвалт, я не разумею, адкуль гэтыя лічбы, наколькі бездакорная гэтая сацыялагічная статыстыка. Калі гэта вынік судовых расследаванняў, то ці пакараныя агрэсары?

Разам з тым у МУС сведчаць, што ў органы ўнутраных спраў штогод паступае каля 120 тысяч зваротаў аб хатнім гвалце, або кожны дзясяты зварот. І гэта толькі зафіксаваныя лічбы. Штогод каля 100 чалавек гінуць ад рук сваякоў, а гэта кожная трэцяя смерць ад гвалтоўных дзеянняў іншых людзей. А яшчэ статыстыка сведчыць, што каля 80 % гвалту ў сям'і здзяйсняецца пад уплывам алкаголю.

— Калі мы гаворым пра выкараненне хатняга гвалту як з'явы, то, на нашу думку, ніякіх рэальных спосабаў барацьбы канцэпцыя ў сабе не нясе. Калі мы хочам дасягнуць выніку ў супрацьстаянні гвалту ў сям'і, то трэба зразумець, што яго крыніца — не мужчына, не жанчына, не дзіця, а чалавек. І ад таго, якія якасці закладзены ў малое, будуць залежаць усе яго сацыяльныя стасункі ў дарослым жыцці і яго ўплыў на наша жыццё. І менавіта на гэта трэба скіраваць дзяржаўныя праграмы, — упэўнены Пётр Шапко. — Галоўнае — не перайсці пункт невяртання, за якім, як паказвае гісторыя, ідзе знікненне народа.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Крыніца гвалту — чалавек, або Як і ці трэба абараняць беларусаў ад саміх сябе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.