Вы тут

Як захаваць вітамін С у агародніне падчас гатавання


Даныя па вывучэнні харчавання дзяцей у Беларусі сведчаць, што вельмі часта школьнікі і дашкольнікі не атрымліваюць неабходныя ў іх узросце рэчывы — бялок, вітаміны і мінеральныя солі, кальцый. Іх дэфіцыт з часам вядзе да розных захворванняў.


— Незбалансаванасць амінакіслотнага складу ежы вядзе да нізкай забяспечанасці арганізма бялком. Празмернае ўжыванне тлустых страў і ласункаў, а менавіта гэтымі прадуктамі перш за ўсё імкнуцца дапоўніць харчаванне дома бацькі, вядзе да парушэння абмену рэчываў, а з часам і да розных хвароб, — расказвае загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Людміла Кіпцэвіч. — Нястача ў рацыёне агародніны, парушэнне тэхналогіі яе прыгатавання пазбаўляе дзяцей неабходнай колькасці вітамінаў і мінеральных соляў.

У хатніх умовах гэтыя недахопы ўзмацняюцца яшчэ і тым, што ежа нярэдка гатуецца на два дні. Доўгае яе захоўванне разбурае вітамін С, пагаршае засваенне іншых яе інгрэдыентаў. Недастатковае ўжыванне малака і тварагу вядзе да недахопу кальцыю ў арганізме. Мы назіраем яго рэзкі дэфіцыт асабліва ў дзяцей падлеткавага ўзросту.
І ў дзіцячых установах, і дома яшчэ недастаткова і часам няправільна выкарыстоўваецца алей, з-за чаго дзіця пазбаўлена важных у фізіялагічных адносінах поліненасычаных тлустых кіслот.

Нашы з вамі памылкі ў харчаванні можна пералічваць бясконца. У новай рубрыцы «Карысная шпаргалка» для бацькоў і ўсіх ахвотных мы раскажам пра сакрэты здаровага харчавання і правільнае прыгатаванне ежы. Калі ў вас ёсць пытанні з гэтай нагоды,  задавайце. На іх адкажуць педыятры і дыетолагі.

Не знішчыць далікатны вітамін

Сёння мы раскажам пра метады і хітрыкі, якія дазволяць захаваць як мага больш каштоўнага вітаміну С.

  1. Агародніну падчас варкі апускаюць у кіпячую падсоленую ваду. Падчас прыгатавання супоў агародніну закладваюць у гатовы кіпячы булён (мясны, рыбны, грыбны) у такой паслядоўнасці, каб яна не пераварылася. Капусту апускаюць у кіпячую ваду часткамі, каб вада адразу закіпала зноў, і не пераварваюць. Зялёны гарошак і буракі ў салёнай вадзе не вараць, паколькі гарошак такім чынам доўга не разварваецца, а буракі губляюць свае смакавыя якасці.
  2. Агародніну пакрываюць вадой ці булёнам цалкам. Нельга папаўняць вадкасць, якая выкіпела, халоднай вадой. Кісларод, які паступае з вадой, акісляе вітамін С і зніжае яго колькасць.
  3. Нельга часта размешваць змесціва каструлі. Пры неабходнасці гэта робяць асцярожна, не дастаючы агародніну з вадкасці, каб пазбегнуць яе кантакту з паветрам.
  4. Агародніну (моркву, буракі, бульбу), прызначаную для прыгатавання халодных страў (салатаў, вінегрэтаў), вараць у неачышчаным выглядзе ў вадзе ці на пары.
  5. Адвары ачышчанай агародніны выкарыстоўваць для прыгатавання першых страў, соусаў і падлівак. У іх змяшчаюцца вітамін С, некаторыя вітаміны групы В, солі калію і іншыя мінеральныя рэчывы.
  6. Падчас прыгатавання кампотаў і кісялю са свежазамарожаных ягад і фруктаў іх абмываюць праточнай вадой, не размарожваючы, і адразу ж кладуць у кіпень. Так лепш захоўваецца вітамін С. Калі фрукты размарозіць на паветры да варкі, вітамін С цалкам разбурыцца.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?