Вы тут

Сумесна зрабіць вопратку, якая не гарыць


Выгадныя здзелкі і прадукцыйнае супрацоўніцтва, экспарт і імпарт тавараў — такія тэмы цікавілі бізнес-дэлегацыю з Іжэўска, якая наведвала знакавыя прадпрыемствы сталіцы. А ў сераду адбылася сустрэча кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў Удмурцкай Рэспублікі з беларускім бокам у Мінскім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Пасля сустрэчы кіраўнік цэнтра каардынацыі падтрымкі экспартна арыентаваных суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва АТ «Карпарацыя развіцця Удмурцкай Рэспублікі» Валерыя Антаненка адказала на нашы пытанні.


— З якімі планамі вы прыехалі ў Беларусь гэтым разам?

— У нас гэта ўжо другі афіцыйны візіт сёлета ў вашу краіну. Нягледзячы на тое што Удмурцкая Рэспубліка адкрыта да ўсяго свету, мы вялікую ўвагу ўдзяляем менавіта Беларусі. Сеня мы прыехалі ў Мінск з чатырма канкрэтнымі прапановамі. Адна з іх датычыцца сумеснай дзейнасці паміж ВНУ нашых краін: Іжэўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі.

Таксама прыехалі адказныя асобы прадпрыемстваў, якія ўзаемадзейнічаюць у галіне вытворчасці і прамысловасці. У прыватнасці, Сарапульскі электрагенератарны завод і беларускае прадпрыемства «Амкадор» падпісваюць пагадненне ў галіне сумеснай вытворчасці электрацялежак.

Наша мясцовая кампанія «Руская» і «Магатэкс», найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў Беларусі, падпісваюць выніковы дакумент аб сумеснай вытворчасці негаручых тканін. Таксама ў нас ёсць праект ад кампаніі «Гідрасістэмы» і завода з Барысава, які прадугледжвае абмен распрацоўкамі ў галіне абслугоўвання радыёэлектроннага абсталявання.

— Чаму менавіта Беларусь абраная для больш цеснага супрацоўніцтва?

— Па-першае, таму што тут існуе мінімальная колькасць рэгуляторных бар'ераў. Мы разумеем, што паміж нашымі краінамі практычна адсутнічае мытня, у нас падобныя менталітэт, галіны прамысловасці, што дае нам магчымасці для сумеснай працы.

— Якая асноўная задача ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў?

— Галоўнай мэтай нашага чарговага візіту ў Беларусь стала наведванне Форуму рэгіёнаў. Плануем наша выступленне на секцыі лічбавай эканомікі. І гэта не дзіўна, таму што ў нас вельмі моцны ІT-кластар. Акрамя гэтага, мы маем намер правесці сустрэчы з міністэрствамі прамысловасці, аховы здароўя і сельскай гаспадаркі, таму што па кожнай з гэтых галін ёсць канкрэтныя праекты, якія трэба абмеркаваць разам. Напрыклад, праект ільнаводства ў нашай рэспубліцы і перапрацоўкі лёну.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?