Вы тут

Еўрарэгіён «Нёман» спрыяе сувязям Беларусі і Расіі


Паспяховы вопыт рэгіянальнага супрацоўніцтва ў розных сферах паміж краінамі-суседкамі прадэманстраваны падчас міжнароднага бізнес-форуму «Еўрарэгіён «Нёман» — 2018», які 10-ы раз прайшоў у Гродне.


Абласны выканаўчы камітэт, адміністрацыі прыгранічных рэгіёнаў Польшчы, Літвы, Расіі вось ужо 21 год развіваюць супрацоўніцтва ў рамках Еўрарэгіёна «Нёман». Пагадненне аб стварэнні трансгранічнага саюза было падпісана ў 1997 годзе ў польскім Аўгустове. Паступова яго межы пашыраліся, далучаліся новыя тэрыторыі. З 2002 года ў склад Еўрарэгіёна ўваходзяць раёны Калінінградскай вобласці Расіі.

Гэта паспрыяла наладжванню сувязяў паміж абласцямі. Не так даўно Калінінград наведала дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў Воранаўскага, Лідскага, Мастоўскага, Гродзенскага раёнаў. У выніку падпісаны дагавор аб арганізацыі паставак у расійскі рэгіён сельскагаспадарчай тэхнікі, а гродзенскія будаўнікі плануюць узвесці шматпавярховы дом. Таксама расіяне маюць намер падпісаць кантракт на будаўніцтва малочнатаварнай фермы і сховішча для агародніны. Сваю прадукцыю ў расійскі рэгіён сталі адпраўляць Гродзенская агароднінная фабрыка і кампанія «Краснасельск-
будматэрыялы».

Між іншым, на Гродзеншчыне працуе каля 200 прадпрыемстваў з расійскім капіталам. Самы буйны праект інвестыцыйнага супрацоўніцтва — узвядзенне атамнай станцыі ў Астраўцы.

Сёлета да бізнес-колаў Еўрарэгіёна далучыліся іншыя рэгіёны Расіі.
Удзел у рабоце форуму прынялі прадстаўнікі адміністрацыі Ніжагародскай вобласці. Яны высока ацанілі прадукцыю гродзенскай кампаніі «Малочны свет», якая ідзе на расійскі рынак. На думку прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, варта зрабіць наступны крок і стварыць сумесныя прадпрыемствы. Гэта стане не толькі добрым прыкладам інтэграцыі паміж абласцямі, але і замацуе супрацоўніцтва, выведзе яго на новы ўзровень. Па заканчэнні дыскусіі было падпісана каля двух дзясяткаў пагадненняў, мемарандумаў і кантрактаў з новымі партнёрамі з Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі і Кітая.

— Гэта не толькі іміджавы праект. На форуме падпісаны буйны кантракт па будаўніцтве мэблевага прадпрыемства на Гродзеншчыне, падпісана пагадненне аб пачатку вытворчасці баваўнянай пражы, а таксама дагавор у сферы лагістыкі. Гэта будзе садзейнічаць прыцягненню ў рэгіён звыш 120 мільёнаў долараў, — падкрэсліў начальнік упраўлення эканомікі аблвыканкама Андрэй СВІРЫДАЎ. — Таксама падпісаны трансгранічныя кантракты на 5 мільёнаў еўра, якія будуць рэалізаваны ў наступныя два гады. Яшчэ 20 мільёнаў долараў складаюць камерцыйныя кантракты, з якімі прадпрыемствы Гродзенскай вобласці выйдуць на экспартныя пастаўкі.

Еўрарэгіён стаў добрай пляцоўкай і для сельгасвытворцаў. Гродзенцы актыўна супрацоўнічаюць менавіта з расійскімі рэгіёнамі. Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валерыя ХЕЛСКАГА, больш за 80 % вырабляемай сельгаспрадукцыі экспартуецца на расійскі рынак. Ад гэтага залежыць і работа гродзенскіх прадпрыемстваў, якія імкнуцца знайсці партнёраў. І вынік ёсць. Заключаны дагавор на пастаўку крухмалу Рагозніцкім заводам на суму больш за 2 мільёны рублёў.

Значны эканамічны эфект можна атрымаць і ад турызму. Гэты кірунак развіваюць усе краіны — удзельніцы Еўрарэгіёна. Са з'яўленнем бязвізавага рэжыму значны рух адчувае і Гродзенскі рэгіён, і, як вынік, — колькасць турыстаў за гэты час склала больш за 120 тысяч чалавек. А калі ўлічваць, што кожны турыст пакідае ў сярэднім 100—120 долараў, можна падлічыць эканамічны эфект.

— Кожны месяц мы прырастаем у дынаміцы на 25—30 % у параўнанні з мінулым годам, — паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег АНДРЭЙЧЫК. — За гэты час створана звыш 500 новых працоўных месцаў, уведзена 20 аб'ектаў грамадскага харчавання, актывізаваўся малы і сярэдні бізнес. Далейшае развіццё мы бачым у пашырэнні бязвізавай зоны ў кірунку турыстычнай «меккі» — Навагрудка, Міра, Ліды, Слоніма. Наогул, варта зрабіць увесь Гродзенскі рэгіён бязвізавым.

Важная роля ў рэгіянальным супрацоўніцтве надаецца малому і сярэдняму бізнесу. Гэта асяроддзе таксама з'яўляецца эфектыўным інструментам развіцця рэгіёнаў. Па стане прадпрымальніцтва Гродзеншчына займае лідарскія пазіцыі ў краіне, адзначыў дырэктар абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрыймальнікаў Аляксандр ПАНАМАРОЎ.

Прыгадалі і праекты, якія былі заяўлены на папярэднім форуме і зараз паспяхова рэалізуюцца. У іх ліку — будаўніцтва буйнога лагістычнага цэнтра ў Смаргоні прыватным расійскім інвестарам.

Форум дае магчымасці будаўнічай галіне пашырыць экспарт паслуг і будаўнічых матэрыялаў, адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Міхаіл ПЕТУХ. За восем месяцаў аб'ём экспарту паслуг склаў 73 мільёны долараў. Гэта больш, чым летась. Будматэрыялы пастаўляюцца ва ўсе краіны Еўрарэгіёна і за яго межы. Гродзенскія будаўнікі ўзводзяць жылыя мікрараёны ў Маскоўскай вобласці і Калузе Расійскай Федэрацыі. Вядуцца перагаворы па заключэнні кантракта на выкананне будаўніча-мантажных работ на прамысловым аб'екце ў Калінінградзе.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ад іміджу да мільённых дамоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.