Вы тут

Як працуе камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва на Лепельшчыне


Дзеля рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» ў раёне створана адмысловая камісія, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, піша «Лепельскі край».


 

Фота: lepel-kraj.by

Перад членамі камісіі — непрацуючы жыхар адной з вёсак Лепельскага сельсавета Арцём. Апошняе месца працы — філіял «Лепельскі» ААТ «Віцебскаграпрадукт». Стропальшчык — запатрабаваная прафесія, ёсць варыянт і перавучыцца. Пад ляжачы камень вада не бяжыць. Арцёму параілі не цягнуць час, а праглядаць вакансіі. У сваю чаргу члены камісіі будуць трымаць пытанне працаўладкавання Арцёма на кантролі.

... У лепяльчаніна Віталя таксама нядрэнная прафесія — слесар-сантэхнік. У цяперашні момант даглядае хворую маці, аднак з афіцыйнай работы па доглядзе яго нядаўна звольнілі. У сям'і праблемы, маці часта тэлефануе ў міліцыю са скаргай, што сын не працуе. Адным словам, калі называць рэчы сваімі імёнамі, жыве на ўтрыманні ў састарэлай маці.

— На маю думку, не зусім этычна жыць за кошт хворай маці, — спрабуе дастукацца да мужчыны Ігар Урбан. — Бо можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе вам прапануюць вакансіі або магчымасць прайсці перанавучанне. Акрамя таго, нагадаю, што, згодна з Дэкрэтам № 1, з першага студзеня працаздольныя непрацуючыя грамадзяне будуць цалкам аплачваць субсідаваныя дзяржавай камунальныя паслугі. Так далей жыць нельга ні па этычных, ні па маральных нормах. Калі ёсць жаданне, працаваць вы будзеце заўсёды. У новай краме «Дыяніс», напрыклад, вісіць аб'ява аб вакансіі грузчыка. Чаму б не схадзіць туды і не пахадайнічаць за сябе, не спадзеючыся на кагосьці?

Да мяне і цяпер звяртаюцца з просьбай працаўладкаваць чалавека. Дапаможаш, а праз некаторы час з-за паводзін нядбайнага работніка сорамна кіраўнікам у вочы глядзець. Патэлефануем, паклапоцімся, але не больш як адзін раз. Прыходзьце са спісам неабходных дакументаў у цэнтр занятасці, а варыянт працаўладкавання заўсёды можна падабраць.

Станіславу, які жыве ў адной з вёсак Горскага сельсавета, крыху за пяцьдзясят. Пастаянныя скандалы ў сям'і з братам, які папракае Станіслава ва ўтрыманстве. Сітуацыя няпростая. Цяжкую працу мужчына па стане здароўя выконваць не можа, але няма сведчанняў і для афармлення інваліднасці. Зрэшты, па вонкавым выглядзе Станіслава лёгка выказаць здагадку, што здароўе было падарвана ў сяброўстве з чаркай. У свае «крыху за пяцьдзясят» выглядае на дзясятак гадоў старэйшым. Вясковец запэўніў, што апошнім часам з алкаголем «завязаў».

Члены камісіі паспрабуюць дапамагчы знайсці нескладаную работу. Для Станіслава ж выбар просты. Адновіць стасункі з алкаголем — з'едзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый, калі не — усе шанцы выбрацца з багны.

У Аляксандра з вёскі Бароўскага сельсавета жыццёвая дарога таксама напоўнена ямамі і выбоінамі: злоўжыванне алкаголем, знаходжанне ў ЛПП, работа ў КУПП «Бароўка», звальненне па артыкуле. Як вынік — адсутнасць работы і «прысутнасць» вялікай запазычанасці за кватэру.

Лепяльчанка Святлана ў свой час атрымала ад дзяржавы сацыяльную кватэру, бо мела статус сіраты. Здавалася б, жыві і радуйся. Праўда, затым з-за нявыплаты камунальных паслуг выгоды былі адключаныя. Аднак на камісіі жанчына запэўнівала, што з запазычанасцю расплацілася і зрабіла рамонт. На апошнім месцы працы замяшчала прыбіральшчыцу на час адпачынку. Святлана ведае швейную справу і ўладкавацца пры жаданні можна. Ёсць і магчымасць прайсці перанавучанне. Адна праблема — біць лынды не атрымаецца. Зрэшты, жаданне працаваць у вачах Святланы чыталася даволі выразнае, а гэта — галоўны аргумент на яе карысць.

Анатолю, жыхару адной з вёсак Лепельскага сельсавета, у хуткім часе споўніцца шэсцьдзесят. Яго было шчыра шкада: працавіты мужчына са стажам больш за сорак гадоў трапіў у няпростую жыццёвую сітуацыю. Выплаты па трэцяй групе інваліднасці невялікія, трэба работу шукаць. Яму прапанавалі падысці ў цэнтр занятасці.

— Работа з асацыяльнымі элементамі ў раёне арганізавана на належным узроўні, — упэўнены Ігар Урбан. — Цесная сувязь існуе паміж прадстаўнікамі гарадскіх і сельскіх пунктаў аховы грамадскага правапарадку, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Тут важна памятаць, што ўсё залежыць ад чалавека. У нас няма самамэты змагацца з такімі людзьмі, мы змагаемся за тое, каб дапамагчы ім знайсці работу і змяніць жыццё да лепшага.

Падрыхтавала Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: «Неэтычна жыць за кошт хворай маці»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».