Вы тут

З чым варта лічыцца прафесіяналу


Расказвае намеснік дырэктара Руслан СМІРНОЎ:

— Наша зона абслугоўвання ўсё больш пашыраецца, як таго і патрабуе сучасная эканамічная сітуацыя. Па нейкіх кірунках мы абслугоўваем не толькі суседнія раёны, але і аб'екты па ўсёй краіне. Напрыклад, маем унікальнае абсталяванне, дзякуючы якому выконваем работы, звязаныя з вымярэннем электрамагнітнага поля, што ўтвараецца навокал вышак сотавай сувязі. Шчыльна ўзаемадзейнічаем з усімі аператарамі сотавай сувязі. Заказчыкі нам давяраюць і жадаюць, каб з імі працавалі толькі мы. Дарэчы кажучы, у 99 працэнтах выпадкаў электрамагнітная абстаноўка побач з вышкамі нармальная.

Намеснік дырэктара — галоўны метролаг Вера ХАНДОГІНА (злева) і намеснік дырэктара па стандартызацыі і кіраванні якасцю Руслан СМІРНОЎ на міжнароднай канферэнцыі.

А яшчэ аказваем унікальныя паслугі па паверцы і каліброўцы камерцыйных сістэм уліку электраэнергіі, заказы паступаюць не толькі з Віцебскай вобласці. Нашы спецыялісты выконваюць заяўкі кваліфікавана, своечасова.

Айчынныя прамысловыя прадпрыемствы працуюць у дастаткова жорсткіх рынкавых умовах і разумеюць, што без сістэмнага падыходу да пытання якасці прадукцыі ў сучасным свеце існаваць немагчыма. На многіх з іх укараняюцца сістэмы менеджменту якасці (СМЯ) на аснове міжнародных стандартаў, сертыфікацыяй якіх мы таксама займаемся.

Зона ў нас насычаная і прамысловымі аб'ектамі, і будаўнічымі арганізацыямі, развіты аграрны сектар. І каб адпавядаць гэтай шматпрофільнасці, якая да таго ж дапаўняецца дынамічнасцю развіцця суб'ектаў гаспадарання, мы вялікую ўвагу ўдзяляем падрыхтоўцы персаналу. Без чаго не зможам дапамагаць свайму рэгіёну працаваць эфектыўна.

І трымаем цесную сувязь са сваімі прадпрыемствамі. Даволі часта праводзім кансультацыі для іх. Нашы спецыялісты выязджаюць на месцы і дапамагаюць у вырашэнні канкрэтных праблем. Пастаяннымі сталі кансультацыйныя семінары і іншыя формы навучання персаналу прадпрыемстваў. Скажам, кожны месяц у нас праходзяць два-тры семінары, у рабоце якіх удзельнічаюць 20—25 спецыялістаў з розных прадпрыемстваў. Гэта людзі, што адказваюць за якасць у рэальным сектары эканомікі, і яны павінны разумець, як будаваць работу.

З верасня гэтага года спыніла сваё існаванне старая версія стандарту 9001. За год-паўтара мы ведалі, што будзе новая версія, і паспелі падрыхтавацца і падрыхтаваць уласную зону. Старыя сертыфікаты не дзейнічаюць, і зараз усе заняты ўкараненнем новай сістэмы. У ёй крыху іншыя падыходы, усё разглядаецца праз прызму рызыка-арыентаванага менеджменту. Прадпрыемствы павінны перагледзець свае падыходы і навучыцца бачыць магчымыя рызыкі, ацэньваць іх і правільна на іх уплываць — каб мінімізаваць. Пачынаючы ад інфраструктуры — абсталявання, памяшканняў, рабочых месцаў, і заканчваючы персаналам, ад якога залежыць захаванне ўсіх тэхналагічных момантаў. Каб цалкам выключыць уплыў чалавечага фактару. Размова ідзе пра больш скрупулёзнае захаванне тэхналогіі вытворчых працэсаў.

Начальнік сектара сертыфікацыі сістэм менеджменту Аляксандр КУЛЯШОЎ, начальнік сектара стандартызацыі і сертыфікацыі прадпрыемстваў харчовай галіны Алена РАВУНОВА і вядучы інжынер гэтага сектара Ірына ДАРАФЕЕВА за абмеркаваннем актуальных праблем.

Прадстаўляем калектыў

Гісторыя Віцебскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі (ЦСМС) пачыналася са стварэння яшчэ ў 1922 годзе (раней, чым створана метралагічная служба ў рэспубліцы) пастаяннага аддзялення Петраградскай паверачнай палаты. У сферу яе дзейнасці была ўключана ўся Віцебская губерня.

У 1926 годзе Віцебская палата мер і вагаў далучаецца да аналагічнай Беларускай палаты, потым арганізавана і рамонтная майстэрня.

Дырэктар РУП «Віцебскі ЦСМС» Павел ЯКАЎЛЕЎ.

Пасля вайны метралагічная служба адраджалася разам з усёй разбуранай народнай гаспадаркай. Даваенны ўзровень адноўлены да 1950 года, а потым пайшло планамернае развіццё. У 1956 годзе з'явілася Віцебская дзяржаўная кантрольная лабараторыя па вымяральнай тэхніцы, распачалася работа ў раёнах — Полацкім, Аршанскім і іншых.

Сёння ў цэнтры, які займаецца разнастайнымі кірункамі прафесійнай дзейнасці, працуе каля 160 інжынераў.

— У якой ступені вы ўплываеце на чыста сельскагаспадарчую вытворчасць, не на перапрацоўку? Як часта бываеце на ферме, у полі?

— Асноўная задача органаў стандартызацыі — дапамога прадпрыемствам, усім тым працэсам, якія там адбываюцца. Напрамую мы не ўмешваемся, але ад нашай працы таксама многае залежыць. Скажам, калі будуюцца новыя малочнатаварныя фермы, то яны таксама павінны адпавядаць пэўным нормам праектавання. У разгар масавага будаўніцтва комплексаў мы праводзілі свае абследаванні ў месцах іх узвядзення, работы было вельмі многа. Як і клопатаў з самімі прадпрыемствамі, што ўзводзілі гэтыя комплексы, — праводзілі кантроль якасці будаўніча-мантажных работ. Маем спецыяльны выпрабавальны цэнтр, персанал якога ўмее гэта рабіць. Мы акрэдытаваны на выкананне такой работы, валодаем дастатковай кваліфікацыяй, аснашчаны адпаведнымі прыборамі і абсталяваннем. Кантроль праводзіўся ў рамках сертыфікацыі будаўнічых прадпрыемстваў, яны таксама павінны мець сертыфікаты на пэўныя віды будаўнічых работ.

Да нас прыходзіць на выпрабаванні ў харчовай лабараторыі значная колькасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Усе стандарты, дзеючыя тэхнічныя ўмовы, рэгламенты накіраваны на тое, каб упэўніцца, што прадукцыя бяспечная.

Прымяненне стандартаў у нашай краіне — справа для прадпрыемства добраахвотная, але прадукцыя павінна быць бяспечнай для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.

Вядучы інжынер Уладзімір МАЛЮЖАНЕЦ.

— Як спажывец прадукцыі, якая выпускаецца ў Беларусі, скажу вам, што не разумею, чаму стандарты — добраахвотная справа для вытворцаў.

— Сёння рэальнаму сектару можна працаваць па дакументацыі, якую вытворца выпускае сам — па тэхнічных умовах, рэцэптурах і гэтак далей. І нельга зрабіць такі сур'ёзны дакумент, а яго зацвярджае кіраўнік прадпрыемства, не адштурхоўваючыся ад патрабаванняў стандартаў. У тэхнічных умовах могуць быць закладзены нават больш жорсткія пазіцыі.

Абавязковыя кантроль сыравіны і камплектуючых, а таксама пасляаперацыйны кантроль.

Наладжаны і кантроль з боку дзяржавы — праводзяцца дзяржаўныя прыёмачныя і дзяржаўныя кантрольныя выпрабаванні ў перыяд дзеяння сертыфіката.

— Даказана практыкай, што дзейсным механізмам гарантаванага ўплыву на якасць з'яўляюцца сістэмы менеджменту якасці (СМЯ), пра якія вы ўпамянулі. Ці можна казаць аб іх татальным укараненні на прадпрыемствах вашай зоны?

— У прамысловасці — так, бо гэта востра неабходна самой прамысловасці.
І наша работа сфакусіравана на гэтым кірунку. У нас моцныя канструктыўныя сувязі з усімі прадпрыемствамі зоны ў самых разнастайных галінах. На ўсіх прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці сістэма менеджменту якасці ў тым ці іншым выглядзе існуе. Недзе яна ўжо сертыфікавана, недзе дапрацоўваецца, а недзе мы яшчэ дапамагаем укараняць. Сёння адна з найважнейшых задач — павышэнне эфектыўнасці ўжо дзеючых сістэм. Важна, каб персанал не пакідаў сістэму без увагі і пасля таго, як завершана ўкараненне.

Вядучы інжынер Аляксей ПЛЕЦЯГА.

— А ў тых выпадках, калі на прадпрыемстве да гэтага часу не ўкаранёна СМЯ, — што перашкаджае?

— У кіраўніка адсутнічае разуменне таго, што гэта табе і калектыву можа прынесці несумненную карысць. Адсутнасць бачання перспектывы. Але на сённяшні дзень такіх усё менш.

— СМЯ пазней пачалі ўкараняць у будаўніцтве, бытоўцы, гандлі... Мы не ўпусцілі гэтыя галіны?

— Усё пазнаецца ў параўнанні. Многае ў нашым жыцці, у тым ліку ў эканоміцы і яе інфраструктуры, знаходзіцца на значна больш высокім узроўні, чым у нашых суседзяў. Мы займаем дастойнае месца. Магчыма, знаходзімся не на першых пазіцыях, але і не ў хвасце. Супакойвацца не варта, бо свет не стаіць на месцы, развіццё ідзе пастаянна. Укараненне стандартаў у паўсядзённым жыцці рухае нас да вяршынь цывілізаванага грамадства. Мы ўсе хочам не толькі якаснай прадукцыі, але і якаснага жыцця.

— Паралельна вялося ўкараненне сістэмы ХАССП...

— Другія Еўрапейскія гульні гэтым разам будуць праводзіцца наступным летам
у Беларусі, і адно з патрабаванняў арганізатараў — абавязковая наяўнасць сістэмы ХАССП на прадпрыемствах, занятых абслугоўваннем гульняў ці пастаўкамі сваёй прадукцыі ўдзельнікам і гасцям. Гэта хоць і не вялікі, але ёмісты сегмент грамадскага харчавання і харчовай прамысловасці. Персанал цэнтра задзейнічаны ў аказанні дапамогі такім калектывам ва ўкараненні і адладжванні сістэмы ХАССП. Нашы спецыялісты ў свой час прыйшлі з вытворчасці і маюць багаты асабісты вопыт. Іх амаль ніколі няма на месцы, яны пастаянна ў камандзіроўках, на прадпрыемствах, «адпрацоўваюць тэму».

Ці патрэбны сям'і стандарты

Мы папрасілі адказаць на некалькі пытанняў і дырэктара цэнтра Паўла ЯКАЎЛЕВА.

— У апошняе дзесяцігоддзе органамі стандартызацыі ўсё большая ўвага ўдзяляецца рабоце прыватнага сектара эканомікі, бізнесу. Раскажыце пра гэты кірунак сваёй дзейнасці, Павел Леанідавіч.

— Вялікі, сур'ёзны ўчастак работы. Калі гаварыць пра сярэдні бізнес, асабліва ў вытворчай сферы, то мы вельмі шчыльна з ім працуем. Гістарычна склалася, што ў Віцебску былі развіты станкабудаванне і прыборабудаванне, прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці таксама налічваўся не адзін дзясятак. З распадам вялікай краіны сітуацыя змянілася. На базе прамысловых гігантаў створана шмат невялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, якія прынялі на работу іх людзей. Той жа кабельны «Энергакамплект». Дзейнічаюць і іншыя невялікія прыборабудаўнічыя прадпрыемствы. Праводзім выпрабаванне і сертыфікацыю іх прадукцыі, ацэнку вытворчасці, вучобу кадраў.

Стварылі выпрабавальную лабараторыю, якая дазваляе праводзіць выпрабаванні прадукцыі лёгкай прамысловасці па многіх паказчыках, і яе паслугамі карыстаюцца і індывідуальныя прадпрымальнікі. Многія з іх працуюць проста цудоўна.

Тыя прыватныя прадпрыемствы, дзе працуе СМЯ, як правіла працвітаюць, бо выпускаюць прадукцыю якасную, запатрабаваную, канкурэнтаздольную. Маюць заказчыкаў і заказы. Але, на жаль, так не ўсюды.
І сваю задачу бачым у тым, каб перастаў пераважаць праславуты «чалавечы фактар».

— І тут мы выходзім на цікавую тэму. Не ўсе сферы чалавечага быцця пакуль ахоплены стандартызацыяй, пра што засведчылі і ўдзельнікі нядаўняга Сусветнага дня акрэдытацыі. Ці падлягае стандартызацыі сфера чалавечых адносін, міжасабовых — і не толькі?

— Ці распаўсюджваецца стандартызацыя на сферу чалавечых адносін? У ахове здароўя ўжо зараз існуюць свае стандарты — схемы лячэння захворванняў, так званыя пратаколы.
У адукацыі — адукацыйныя праграмы па розных дысцыплінах, зацверджаныя міністэрствам. Школы вельмі неахвотна ад іх адступаюць. Гэта свайго роду стандарты. У нас у краіне ўкараняюцца сацыяльныя стандарты, іх структура шырока вядомая. Той жа пералік неабходных прадуктаў у любым магазіне —
таксама стандарт.

— А грамадскія адносіны?

— Падагнаць усё ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі пад нейкія стандарты складана. Тым не менш чалавецтва заўсёды да гэтага імкнулася, распрацоўваючы сістэмы разгалінаванага заканадаўства. Любы закон — гэта стандарт. Напрыклад, у сямейных адносінах існуе Сямейны кодэкс, апошнім часам з'явіўся шлюбны дагавор. Чым вам не стандарт?

Нам не варта забываць выпрацаваны чалавецтвам досвед пакаленняў, якія жылі да нас. Напрацаваны стагоддзямі вопыт народа нічым не заменіш. У пэўным сэнсе стандарты ў эканоміцы — гэта таксама сфармуляваны вопыт вялікіх груп людзей, цэлых прафесій, нават галін. Гэта найлепшае, што ёсць у прафесіяналаў, і з ім варта лічыцца.

Калі гаварыць пра эфектыўнасць нашай работы, то прывяду ўсяго дзве лічбы. За мінулы год мы пералічылі ў бюджэт адзін мільён сорак тысяч рублёў. На старыя грошы — дзесяць мільярдаў. У фонд сацыяльнай абароны — пяцьсот семдзесят тысяч рублёў. Гэта значыць, яшчэ пяць мільярдаў у старых грашах. Падаткі плацім дзень у дзень, заработную плату таксама своечасова, без спазненняў. Гэта як бы наш унутраны стандарт, якога мы прытрымліваемся.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

УНП 300000224

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.