Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Пашлі дурнога...

Некалі ў гэтай вёсцы жыццё бруіла, як крыніца вясной: у калгасе «Шлях да камунізму» мясцовая брыгада была адной з найбуйнейшых. Але ж гэта — даўно. Цяпер тут засталіся хіба што бабулі-ўдовы, якія не хочуць з'язджаць да дзяцей, бо свая хатка як родная матка, ды некалькі хранічных выпівох.

Суседзі Іван і Яўхім не з такіх. Першы — жыве з жонкай, трымае якую-ніякую гаспадарку з коз ды курэй. У другога на падворку толькі Піначэт — вялікі дварняк і гэтакі ж злодзей. Неяк бабуля Антоля запрасіла куму, каб адзначыць свой юбілей. Паставіла на стол міску яечні з каўбасой, талерку блінцоў (астатняе было ў халадзільніку)... Выбегла з хаты кропу нарваць ды госцю сустрэць (тая ўжо ў двор заходзіла). А вярнулася і вачам не паверыла: ля стала стаяў Піначэт, міска з-пад яечні парожняя, на талерцы — апошні блін...

Але ж гісторыя мая зусім не пра сабаку і не пра Яўхіма. Іван, збіраючы грыбы, аднойчы выйшаў да старога кар'ера, пастаяў ля яго ды падумаў, што добра б сюды рыбы запусціць...

Ад акунёў і шчупакоў адмовіўся адразу (сват не параіў, бо надта пражэрлівыя). З'ездзіў у рыбгас, купіў карпаў і карасёў.

Пачуўшы пра гэта, сусед вырашыў далучыцца, таксама прыкупіў, сказаў, што ўдваіх яно ж будзе весялей і гадаваць тую рыбу, і потым вудзіць...

Карацей, суседзі, зарыбіўшы кар'ер, то паасобку, то разам хадзілі туды штодня — падкарміць, прасекчы зімою палонкі, паглядзець, што ды як, чаплю паганяць (яна стала паляваць на рыбу)...

— Трэба, мусіць, і нам ужо, — прызналі тады разводчыкі.

На другі дзень Іван, прыхапіўшы вуду, прыйшоў на кар'ер і ўбачыў, што... спазніўся: Яўхім ужо стаіць на беразе, ужо цягае карасёў, прычым спінінгам... І не толькі вялікіх, але і малых. Гэта для Піначэта, маўляў.

Ну як было такое сцярпець, як не сказаць суседу, што ён — такі ж дармаед, як яго сабака!

Ды і далей слова за слова... Пасварыліся дзяды, два дні не размаўлялі.

...На трэці Іванава Дуня сабралася ў райцэнтр. Трэба, маўляў, зялёную цыбулю прадаць і яйкі, лекаў сабе прыкупіць...

— А мне — спінінг, — тут жа загадаў Іван.

Дапытвацца, што гэта і для чаго, жонка ўжо часу не мела: спехам падсунула мужу паперку і аловак, сказала:

— Напішы во тут, што табе трэба, а то забудуся.

Ужо добра слепаваты Іван дрыготкай рукой нешта крамзануў, і Дуня «пабегла» на аўтобус.

...Яйкі і цыбулю яна прадала хутка. Купіла сабе, што хацела. Паспрабавала прачытаць, што ж трэба Івану, але сама не змагла: як на тое ліха акуляры дома пакінула. Прыйшлося паказаць паперку аднаму з хлопцаў-гандляроў, але той адразу сказаў:

— Я гэтым не гандлюю. Ідзіце да Анжэлы, у той вунь кіёск.

У тым сядзела, відавочна, не Анжэла, бо амаль равесніца Дуні. І такая ж слепаватая. Не адразу прачытаўшы дзедавы крамзолі, яна спытала, які патрэбен памер?.. Каму яна гэта купляе?

— Ды муж загадаў, — адказала Дуня. — Трэба ж яго парадаваць?

Тая «не Анжэла» запытальна акругліла вочы... Але часу, каб паразмаўляць з ёй, Дуня не мела.

— Ты давай, разлічвай хутчэй, — загадала ёй, — а то я на аўтобус спазнюся.

...Па дарозе разглядваць пакупкі звычкі ў яе не было. Дастала іх з сумкі дома — і свае, і, вядома ж, мужаву.

— Што гэта?! — спытаў ён, атрымаўшы... невялічкі бліскучы пакунак.

— Тое, што ты прасіў... Што напісаў, — праз паўзу ўдакладніла жонка.

Муж тым часам разарваў упакоўку, двума пальцамі выцягнуў з яе нешта... ружовае і закрычаў:

— Я пісаў «спінінг»! Рыбу лавіць... А гэта што?

Дуня разгублена маўчала.

На выручку ёй ці не бог прыслаў паштарку Веру.

— Ой, дзядзька, дык гэта ж стрынгі, — сходу прызнала тая. — Іх цяпер маладыя дзяўчаткі носяць. Унучцы падарыце.

Але было позна: Іван ужо кінуў пакупку за Яўхімаў плот...

Адтуль і амаль адразу ж выскачыў Піначэт, на ашыйніку якога прыгожым бантам віселі ружовыя не тое шорцікі, не тое трусікі. І тым самым нагадвалі вяскоўцам старое «пашлі дурнога, за ім другога», ды мудрае «хочаш зрабіць нешта добра, — зрабі гэта сам»...

Ці хоць напішы разборліва.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


З божай дапамогай

Багатая наша мова! Мноства ў ёй прыгожых, ёмкіх слоў! Ніколі не забудуся: прыйшла неяк з работы дамоў ды хвалюся маме, што па дарозе нарвала лекавых траў. «Гэта ж якіх?» — пытаецца яна. «Рамонкаў, — кажу, — зверабою...» «Ён па-нашаму не так называецца, — папраўляе мама, — ён па-нашаму — святаяннічак».

Замілавала мяне гэта слова, бо яно ж і праўда: на свята, на Яна (яно ж Купалле) прыпадае самы росквіт прыроды. Усе травы, сабраныя ў гэты час, маюць найбольшую гаючую сілу. І адна з іх так і называецца.

Ёмкасцю сваёй мне падабаецца і слова немаўля, немаўлятка, бо, пачуўшы яго, адразу разумееш, што гэта пра маленькіх, якія не маюць пакуль мовы, то-бок не могуць, не ўмеюць пакуль размаўляць. Але ж іншых яны слухаюць, пачынаюць разумець і памалу вучацца. Нават вершык гэтакі ёсць: «Первое слово ребенок сказал — «мама»... Альбо «тата» ці «дай». Але ж так не заўсёды...

У наш лучынскі калгас некалі прыехала маладая сямейная пара. Ён — ужо галоўным аграномам, яна — так званым насенняводам.

Кватэру ім далі адразу ж. І дзіцятка хутка з'явілася. Маці з ім да года ў дэкрэтным пасядзела (болей не давалі), а тады стала думаць, што ж далей рабіць, бо ні садка табе, ні блізкіх бабуль і дзядуляў... З кім пакінуць дзіця?

Прыйшлося няньку шукаць, а паколькі ахвотных на гэтую працу было няшмат, абяцалі і добрае жалаванне, і «поўнае харчовае забеспячэнне», і падарункі да свят...

Карацей, баба Прося, «уладкаваўшыся да аграномаў на працу», можна сказаць, зроду так не жыла: гэтак не ела, не піла і не прыбіралася. То ў яе шаліноўка новая, то спадніца-сукенка...

Але ж і Светачку яна глядзела. Не толькі за даброты: дзіцятка само па сабе было вельмі ціхмянае, спакойнае, а ўжо ж прыгожае... Кудзеркі светлыя, носічак бульбінкай, вочкі па яблычку... Ну чыста анёл! Толькі без крылцаў! На яго ж нават не зазлуеш — хіба што пацешышся.

Гэта вось нянька і рабіла, бо бацькам вечна часу не было: работа ў іх. І не тое каб з дзевяці да шасці, а з шасці да дзесяці. Ды не ў ціхіх кабінетах, а на палях ды лугах: аграномы за дзень на сваім матацыкле іх па некалькі разоў аб'язджалі...

Ці трэба казаць, што дамоў пасля гэтага часам вярталіся, як тыя шахцёры, — на тварах толькі вочы ды зубы блішчаць.

«Божа-божа!» — гледзячы на іх, казала тады баба Прося і адпраўляла мыцца, каб дзіця, крый бог, не спужалі.

Ну і наогул — на абед не прыехалі? Нянька: «Божа-божа...», куры ў грады залезлі — «Божа-божа...», Светачка кашу па стале размазала — таксама.

Але ж галоўнай бабінай «божа-божай» было тое, што дзіцятку пара б размаўляць, а яно, як выглядае, нават не збіраецца: гудзе нешта сваё і ніякіх там «мамаў-тат».

«З гэтым трэба нешта рабіць», — падумала нянька і таемна ад бацькоў (бацька ў камуністах хадзіў) стала чытаць над малой «Ойча наш».

Дзіця на гэта — ніякай увагі, і, адпаведна, ніякіх наступстваў. Баба Прося тады на новы ўзровень перайшла, як кажа моладзь: стала заводзіць чароўнае «Верую...».

Светачка падняла на яе блакітныя вочкі і строга сказала: «Ату!» (сціхні, маўляў).

— Дык я ж для цябе стараюся, — пакрыўдзілася бабуля. — Хачу, каб ты загаварыла хутчэй — са мною, з бацькамі...

А тут якраз і яны — лёгкія на паміне: з работы з'яўляюцца. І зноў ледзь жывыя, мурзатыя.

Светачка паглядзела на іх, цяжанька ўздыхнула і, склаўшы рукі на жывоціку, выдала:

— Бозя-бозя...

— Што?! Дачушка, што ты сказала? Калі ласачка, паўтары! — наперабой папрасілі малую ўсхваляваныя бацькі.

— Ату, — сказала ім Светачка.

І толькі назаўтра ўжо выдала і «маму», і «тату», і «бабу», і «каку», і ўсё астатняе, быццам не было ніякай маўчанкі.

...А што доўга не размаўляла, дык, можа, прадчувала, што, стаўшы настаўніцай, нават завучам школы, яшчэ нагаворыцца.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае — працуе, гісторыі пошта прыносіць...

Дасылаючы іх, калі ласка, паведамляйце свае пашпартныя даныя і — на ўсякі выпадак — нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.