Вы тут

Прадстаўнік ваеннай дынастыі ў 4-м пакаленні дзеліцца сакрэтамі майстэрства


— Знаёмцеся! — намеснік камандзіра 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады па ідэалагічнай рабоце гвардыі падпалкоўнік Юрый Кавеня прадстаўляе мне маладога гвардыі капітана. — Яўген Астроўскі — найлепшы камандзір артылерыйскай батарэі Узброеных Сіл па выніках 2016/2017 навучальнага года.


Пасля ўзаемнага поціску рук пачынаем размову ў клубе вайсковай часці. І вось тут высвятляецца цікавы факт: аказваецца, мой суразмоўнік — афіцэр-артылерыст ужо ў чацвёртым пакаленні. Пытанні аб штогадовым конкурсе камбатаў часова сыходзяць на другі план, і я прашу афіцэра падрабязней расказаць пра тых, чыю сямейную традыцыю ён працягвае.

— Гісторыю службы ў артылерыі мужчын нашай сям'і варта пачаць з майго прадзеда па матчынай лініі — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Іванавіча Баравіцкага, — пачынае аповед Яўген. — Вайну ён скончыў у званні старшага лейтэнанта — камандзіра ўзвода кіравання артылерыйскай батарэяй 96-га артылерыйскага палка 90-й стралковай Чырванасцяжнай ордэна Суворава Ропшынскай дывізіі. Прымаў удзел у баях за вызваленне Ленінградскай вобласці, польскага Гданьска, у разгроме гітлераўскіх войскаў ва Усходняй Прусіі. Пасля вайны ён прадоўжыў службу на тэрыторыі Беларусі.

З дзяцінства памятаю, як прадзед па святах надзяваў свой парадны кіцель, які ўвесь быў абвешаны ўзнагародамі. Сярод іх былі два ордэны Айчыннай вайны, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Ленінграда», «За ўзяцце Кёнігсберга» і іншыя. Зрэшты, пра свае баявыя справы мне, хлапчуку, прадзед расказваў вельмі скупа. У асноўным звесткі аб яго баявой біяграфіі я атрымаў з апавяданняў маёй мамы — яго ўнучкі Алены Юр'еўны.

Прафесію афіцэра-артылерыста ў юнацтве выбраў і дзед Яўгена па бацькоўскай лініі — палкоўнік Міхаіл Астроўскі. Апошняя пасада Міхаіла Міхайлавіча — намеснік начальніка штаба артылерыі 7-й танкавай арміі, кіраванне і штаб якой размяшчаліся ў Барысаве. Пасля звальнення ў запас у 1995 годзе ён перабраўся ў Расійскую Федэрацыю, у Валгаградскую вобласць, дзе сёння і жыве.

Сямейную традыцыю прадоўжыў бацька Яўгена — сёння падпалкоўнік запасу Аляксандр Астроўскі. Пасля заканчэння Хмяльніцкага вышэйшага артылерыйскага каманднага вучылішча ён праходзіў службу ў Групе савецкіх войскаў у Германіі, а завяршыў яе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, і маці Яўгена — Алена Юр'еўна таксама звязала лёс з арміяй. Яна працуе медыцынскай сястрой у 592-м ваенным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Барысаве.

— Як бачыце, самім лёсам мне было наканавана, каб я стаў не проста прафесійным ваенным, а менавіта афіцэрам-артылерыстам, — гаворыць гвардыі капітан Яўген Астроўскі.

Выбар без выбару

Першыя артылерыйскія залпы Яўген пачуў, калі вучыўся ў шостым класе 16-й барысаўскай сярэдняй школы (у гэтай школе, дарэчы, вучыўся і цяперашні начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў). Тады бацька ўпершыню ўзяў з сабой Жэню на палігон. Па цэлях стралялі супрацьтанкавыя гарматы МТ-12 «Рапіра». «Музыка» артылерыйскіх батарэй на ўсё жыццё зачаравала хлопца і канчаткова пераканала ў тым, што служба «богу вайны» ёсць самая выдатная прафесія з усяго спектра ваенных спецыяльнасцяў.

За спінай засталася вучоба ў ваенна-патрыятычным класе, і ў 2008 годзе Яўген Астроўскі стаў курсантам факультэта ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Спраўдзілася мара дзяцінства, быў зроблены першы крок у прафесію, якую, можна сказаць, юнак выбіраў на безальтэрнатыўнай аснове.

— Сказаць, што прамудрасці будучай прафесіі даваліся мне з лёгкасцю, значыць схітраваць, — прызнаўся Яўген. — Артылерыйская навука вельмі дакладная, і не дапускае паблажак. Веды самі па сабе не даюцца. Калі падыходзіць да вучобы з усёй сур'ёзнасцю, то прыходзіцца выкладвацца на ўсе 100 %. Вось чаму я грыз «граніт артылерысцкіх навук» не шкадуючы ні сіл, ні часу. Самая цікавая і значная вучэбная дысцыпліна для мяне ў акадэміі — баявая работа, дзякуй за гэта падпалкоўніку Сяргею Уладзіміравічу Маруку.

Афіцэр ганарыцца, што пасля заканчэння вышэйшай установы атрымаў перавод у праслаўленую 51-ю гвардзейскую Аршанскую Чырванасцяжную ордэна Аляксандра Неўскага артылерыйскую брыгаду. Гэтая вайсковая часць рэгулярна займае лідарскія пазіцыі сярод артылерысцкіх часцей Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Да таго ж спраўдзілася яшчэ адно яго жаданне курсанцкіх часоў: служыць у самаходнай артылерыі. «У яе больш магчымасцяў, а галоўная перавага — высокая мабільнасць, — гаворыць Яўген. — Так я апынуўся ў гарматным самаходным артылерыйскім дывізіёне, які мае на ўзбраенні 152-мм самаходныя гарматы 2С5 «Гіяцынт». Хацелася, праўда, праходзіць службу на вежавых самаходных артылерыйскіх сістэмах, але потым, калі набыў вопыт службы на «Гіяцынтах», пераканаўся, што на прыладах, устаноўленых на адкрытых гусенічных платформах, з падначаленымі працаваць прасцей — добра бачныя дзеянні кожнага з нумароў разліку, хутчэй можна ўнесці карэктывы. Я задаволены тым, што служу менавіта ў такім дывізіёне».

Камбатамі не нараджаюцца

У воінскім калектыве наваспечанага лейтэнанта сустрэлі вельмі цёпла, прызначылі на першую пасаду. Ужо праз месяц дывізіёну, у якім пачаў службу гвардыі лейтэнант Яўген Астроўскі, трэба было выконваць палявы выхад. Акрамя таго, давялося прымаць удзел у конкурсе на званне найлепшага артылерыйскага падраздзялення Узброеных Сіл.

— Трэба было не толькі асвоіцца, але і шмат чаму навучыцца, — успамінае пачатковы перыяд службы Яўген. — А час, шчыра кажучы, падціскаў. Адказнасць — найвышэйшая! Я ні ў якім разе не мог падвесці сваіх камандзіраў: камандзіра дывізіёна (цяпер падпалкоўніка запасу) Сяргея Касцюковіча і камандзіра батарэі (цяпер камандзіра цяжкага гаўбічнага артылерыйскага дывізіёна) гвардыі маёра Андрэя Шчаснага. Ім я абавязаны сваім афіцэрскім станаўленнем і тым узроўнем прафесійных ведаў і навыкаў, якімі сёння валодаю. Асабліва цёплыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць на адрас Андрэя Віктаравіча, які шмат часу аддаваў на падрыхтоўку маладога камандзіра ўзвода. Шчаслівы, што тады мы паспяхова выканалі ўсе вучэбна-баявыя задачы і выйгралі конкурс на званне найлепшага артылерыйскага падраздзялення. Дарэчы, за чатыры гады ў арміі дывізіёны, у якіх я служыў і служу зараз, тройчы прызнаваліся найлепшымі ва Узброеных Сілах. Сёння нашым падраздзяленнем камандуе гвардыі падпалкоўнік Андрэй Гнядзько.

У 2016/2017 навучальным годзе камандзіру гарматнай самаходнай артылерыйскай батарэі гвардыі капітану Яўгену Астроўскаму давялося ўпершыню адстойваць гонар воінскай часці на конкурсе камандзіраў артылерыйскіх батарэй, які праходзіў на Асіповіцкім артылерыйскім палігоне. І ён стаў пераможцам.

— Можна сказаць, што дома і сцены дапамаглі, — з усмешкай працягвае суразмоўнік. — Але калі шчыра, то да спаборніцтваў я падышоў з усёй магчымай адказнасцю. Прыйшлося асвяжыць атрыманыя ў акадэміі і за час службы веды. Асаблівага хвалявання не было, у пераліку пытанняў было нямала такіх, на якія любы афіцэр-артылерыст павінен, што называецца, адказваць без запінкі. Перамога, праўда, далася нялёгка. Узровень падрыхтоўкі сапернікаў быў вельмі высокі.

У ходзе конкурсу праводзіўся агляд экіпіроўкі, даводзілася адказваць на розныя тэарэтычныя пытанні, выконваць нарматывы: наносіць на карту тактычную абстаноўку, працаваць з бусоллю, прыборам кіравання агнём, дальнамерам, карыстацца гарматай і камандзірскай машынай кіравання, кіраваць баявой стральбой. Строгая камісія старанна ацэньвала хуткасць і дакладнасць дзеянняў канкурсантаў.

— Поспех для мяне стаў некаторай нечаканасцю, спачатку нават не верылася, што я прызнаны найлепшым камандзірам артылерыйскай батарэі ва Узброеных Сілах. Першыя з перамогай мяне павіншавалі камандзіры і таварышы па службе. Потым прымаў цёплыя віншаванні ад бацькоў: яны сказалі, што вельмі ганарацца мной. Тым не менш служба мая працягваецца, я маю намер і далей расці як афіцэр-артылерыст, удасканальваць прафесійныя веды і навыкі...

У сям'і Яўгена Астроўскага падрастае дачка. У наступным годзе яна пойдзе ў школу. Марыць гвардыі капітан і пра сына.

— Калі з'явіцца на свет спадчыннік, абавязкова выхаваю яго патрыётам. Не буду настойваць на тым, каб ён стаў прафесійным ваенным, але калі выявіць жаданне стаць афіцэрам-артылерыстам ужо ў пятым пакаленні, буду шчаслівы!

* * *

Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, высветлілася, што Яўген Астроўскі атрымаў павышэнне. Нядаўна ён прызначаны на пасаду начальніка разведкі 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады.

Сергей Ручанаў, «Ваяр», фота з архіва воінскай часці

Загаловак у газеце: Прафесія — артылерыст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».