Вы тут

Экскурсія ў падарунак


Учора ў Палацы Незалежнасці было надзвычай прыгожа. Напярэдадні свята туды запрасілі прадстаўніц Беларускага саюза жанчын — дырэктараў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, выкладчыкаў, урачоў, ветэранаў працы.


У вячэрніх сукенках і дзелавых касцюмах, серабрыстых лодачках і чорных батыльёнах спадарыні аглядалі палац. Даведаліся, што ўся мэбля і прадметы інтэр'ера выраблены беларускімі прадпрыемствамі, што Прэзідэнт любіць халодную тэмпературу (таму ў пакоях будынка звычайна не больш за 17—18 градусаў цяпла), а з падарункаў аддае перавагу карцінам. Пабывалі ў Зялёнай зале, дзе ў лютым 2015 года засядала «нармандская чацвёрка», і сфатаграфаваліся на раскошных канапах, на якіх, магчыма, сядзелі Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін.

— Я тут ўпершыню. Трэба сказаць, прыемна ўражана, — дзеліцца Наталля Міранчук, дырэктар інфармацыйнай сацыяльна-дабрачыннай установы «БэйбіСторы». — Ёсць адначасова адчуванне і гасціннасці, і сілы, улады. Калі заходзіш у палац, хочацца адразу расправіць плечы, надзець прыгожую сукенку і танцаваць вальс.

Пра падарункі, якія б ёй яшчэ было прыемна атрымаць да Дня маці, кажа коратка: галоўнае — каб іх рыхтавалі з клопатам. «Гэты дзень абавязкова мусіць быць з кветкамі. А наогул вельмі класна было б у такую дату даведацца, што ты станеш мамай».

Сярод тых, хто быў запрошаны на экскурсію, і старшыня Саюза жанчын Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алена Парчук. Адзначае, што спадарыні, якія працуюць у МНС, могуць абсалютна ўсё і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Па-за межамі рабочага кабінета Алена Парчук — шчаслівая мама дзвюх дачок і бабуля. «Для жанчыны быць мамай — гэта вялікае шчасце. Я шчыра жадаю кожнай зведаць гэта пачуццё. Свята будзем адзначаць у коле сям'і. Павіншуем з мужам сваіх мам — у знак удзячнасці за тое, што нас выхавалі».

Намеснік галоўнага ўрача РНПЦ «Маці і дзіця» Святлана Нагібовіч прызнаецца: 14 кастрычніка, магчыма, правядзе на рабоце. «Бачыце, хаджу з тэлефонам, працую анлайн нават у Палацы Незалежнасці. Усё на карысць мацярынства!» — усміхаецца.

Палац, куды яна сёння, як і многія, трапіла першы раз, Святлана Нагібовіч параўноўвае з храмам палітычных рашэнняў. «Так атрымалася, што тут прымаліся сур'ёзныя рашэнні на ўзроўні не толькі нашай краіны, але і свету. Вельмі знакава, што Беларускі саюз жанчын запрошаны сюды напярэдадні Дня маці. Важна, калі дзяржава падтрымлівае жаночыя грамадскія арганізацыі. Адчуваецца ўвага да службы мацярынства, таму мне прыемна працаваць у гэтай сферы».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».