Вы тут

Адзінства дзяржавы і канфесій — найлепшая абарона ад пагроз, — Прэзідэнт


Такое меркаванне выказаў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з членамі Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.


У пачатку мерапрыемства беларускі лідар выказаў падзяку за тое, што месцам чарговага пасяджэння Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы стала беларуская сталіца. На думку Прэзідэнта, гэта з'яўляецца сведчаннем высокай ацэнкі намаганняў нашай дзяржавы па захаванні міру і згоды, развіцці міжканфесійнага дыялогу і падтрымцы канструктыўных ініцыятыў рэлігійных арганізацый.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў неацэнны ўклад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ва ўмацаванне ўзаемадзеяння царквы і беларускіх улад, падтрыманне і развіццё духоўных сувязяў брацкіх народаў Беларусі і Расіі. «Мы высока цэнім Вашу пастырскую апеку і ўвагу да нашай краіны», — дадаў ён.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што Беларусь за гады сваёй незалежнасці разам з праваслаўнай царквой прайшла доўгі і цярністы шлях умацавання духоўных асноў, здабыцця грамадствам маральных, жыццёвых арыенціраў.

 «Цяперашні напружаны, насычаны імклівымі зменамі час ставіць новыя задачы і ўвесь час выпрабоўвае нас на трываласць. XXI стагоддзе — эпоха глабальных трансфармацый. Гэты час прагрэсіўных тэхналогій з іх бязмежнымі магчымасцямі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Але гэтая бязмежнасць, на жаль, становіцца крыніцай шматлікіх пагроз і ў палітычнай, і ў духоўнай сферах».

На яго думку, сёння ў імя ўяўнай дэмакратыі вольна ці мімаволі такія дзяржаўныя каштоўнасці, як абарона правоў і свабод грамадзян, падмяняюцца ўседазволенасцю і адмаўленнем нашых маральных асноў. Як вынік — адчужэнне, абыякавасць і нецярпімасць, якія спараджаюць непрыманне людзей іншых нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

«Спрэчкі і рознагалоссі выліваюцца ва ўзаемны недавер, інфармацыйнае супрацьстаянне, гандлёвыя войны, ды і ўзброеныя сутыкненні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мноства канфліктаў — гарачых, тых, якія тлеюць, замарожаных — бесперапынку адбіраюць чалавечыя жыцці, сеюць боль і пакуты, спараджаюць агрэсію ў розных рэгіёнах, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці да Беларусі».

Прэзідэнт дадаў, што на пытанне, як вярнуць мір людзям, якія не па сваёй волі апынуліся ў эпіцэнтры гэтых падзей, адказу часцяком не бывае. Пры гэтым пытанне актуальнае для ўсіх і не раз станавілася прадметам дыскусій на розных, у тым ліку самых аўтарытэтных, міжнародных пляцоўках і форумах.

Таксама беларускі лідар падкрэсліў: Беларусь яшчэ памятае трагічныя ўрокі сваёй гісторыі. «Таму мы цэнім мір, бяспеку, дружбу і паразуменне. Выступаем за адкрыты дыялог, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дзяржаў і народаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, беларускія ініцыятывы, накіраваныя на абарону і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў, вядомыя. Частка з іх легла ў аснову рашэнняў ААН, міжнародных і рэгіянальных арганізацый.

Ён канстатаваў, што Мінскі працэс і Мінскія дамоўленасці сталі візітнай карткай Беларусі як пляцоўкі для перагавораў па сітуацыі ва Украіне. «Мы найбліжэйшыя суседзі, брацкія, славянскія народы. І далей будзем рабіць усё магчымае для таго, каб на ўкраінскую зямлю хутчэй вярнуліся мір і згода. Раскол — гэта не пра нас, гэта не для нас. І мы зробім усё, я ўпэўнены ў гэтым. Час — самы лепшы лекар і суддзя, мы абавязкова будзем разам, таму што раскалоць нас немагчыма», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку беларускага лідара, попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванні даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе з кожным днём толькі расце. І зараз прыйшоў час звярнуцца да найлепшага вопыту сусветнай гісторыі — Хельсінкскага працэсу мінулага стагоддзя, які быў агучаны на мінскай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

«Пазіцыя Беларусі ў пытаннях пераадолення рознагалоссяў у еўрапейскай і еўразійскай прасторах застанецца нязменнай. І тут, па маім глыбокім перакананні, голас царквы — адзін з найбольш магутных і ўплывовых — павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт адзначыў, што на шляху супраціву разбуральным тэндэнцыям сучаснасці ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных поглядаў, найважнейшыя з іх — умацаванне хрысціянскіх жыццёвых арыенціраў, міжнацыянальнага міру, міжканфесійнага дыялогу і добрасуседства ўсіх рэлігій.

«Абарона інстытута сям'і, шанаванне бацькоў, любоў да людзей, выхаванне патрыятызму, павага да гісторыі, мовы і культуры, сумленная праца — гэта базавыя каштоўнасці, уласцівыя праваслаўю, каталіцтву, іўдаізму, ісламу. Таму згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з'яўляецца непарушнай асновай жыцця ў нашай краіне», — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: аб'ядноўваючыся ў духоўных і маральных арыенцірах, дзяржава і канфесіі паказваюць узор высокаарганізаванага грамадства. «Наша адзінства — найлепшая абарона ад знешніх і ўнутраных пагроз», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Прэзідэнт заявіў, што ад Украіны ідуць колы ў розныя бакі, гэта немагчыма не ўбачыць, тым больш тут, у Беларусі. Ён адзначыў, што ведае, як служыцелям царквы няпроста, паколькі яны — уладары сэрцаў людзей. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што прычыны, з якімі ім пазней даводзіцца разбірацца, ляжаць у саміх людзях.

«Як бы ні складвалася сітуацыя, мы будзем рабіць усё, каб у мірнай Беларусі ніколі не было антаганістычных сутыкненняў не толькі рэлігій, а дзяржава і народ умацоўваліся ў праваслаўнай веры. Мы зробім усё, каб захаваць наша адзінства», — запэўніў прысутных кіраўнік дзяржавы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?