Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Маладыя «пагулялі» і... купілі гатэль

Муж і жонка з Лондана адзначалі мядовы месяц на востраве Шры-Ланка, выпілі з супрацоўнікамі гасцініцы і выкупілі ўвесь гэты гатэль цалкам, паведамляе Fox News.

33-гадовая Джына Лаянс і 35-гадовы Марк Лі выпілі 12 шклянак рому і пасябравалі з супрацоўнікамі гатэля ў горадзе Тангале. Пагаварыўшы з імі, маладыя высветлілі, што гэты гатэль здаецца ў арэнду, і вырашылі зняць яго цалкам на тры гады. «Мы не разумелі большасць дыялогаў, таму проста працягвалі піць і напівацца яшчэ мацней. Трохі патаргаваўшыся, мы ў выніку сышліся на суме ў 39 тысяч долараў за тры гады арэнды і пагадзіліся выплаціць 19 тысяч долараў за першы год, а астатнія грошы — да сакавіка 2019 года», — расказала Лаянс.

Здзейсніўшы такі неабдуманы ўчынак, муж і жонка запанікавалі, таму што, як пазней высветлілася, яны чакаюць дзіця. «Нашы сябры вырашылі, што мы ідыёты. Я ўжо адчувала сябе дрэннай маці, таму што патраціла ўсе падораныя на вяселле грошы на бізнес, які можа прагарэць», — падзялілася жанчына. Тым не менш зараз іх бізнес квітнее і прыносіць добры прыбытак. Аднак муж і жонка вырашылі, што наступны сур'ёзны крок яны будуць прымаць на цвярозую галаву.


Пацукі паабедалі рэдкімі кнігамі

Нашэсце пацукоў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Штутгарта прывяло да псуты васьмі тысяч рэдкіх кніг, паведамляе DW.

Прадстаўнікі бібліятэкі расказалі, што з пачатку года грызуны сапсавалі тысячы кніг, у тым ліку выдадзеных у мінулым стагоддзі. У прыватнасці, былі знішчаны навуковыя выданні 1970—1980-х гадоў, а таксама працы па эканоміцы, юрыспрудэнцыі і сацыялогіі. Агульны памер шкоды ацэньваюць у 200 тысяч еўра. Супрацоўнікі бібліятэкі ўпэўненыя, што такая колькасць грызуноў з'явілася ў будынку з-за суседскага парку, наведвальнікі якога пазапаўнялі яго смеццем. Прыборка саду адбываецца раз на тыдзень, а ў астатнія дні на зямлі часта можна сустрэць выкінутыя аб'едкі. Універсітэт плануе правесці дбайную прыборку ў бібліятэцы і перакрыць пацукам усе магчымыя шляхі ўваходу.


Ірландзец украў і з'еў дарагі пярсцёнак

Турыст з Ірландыі ўкраў пярсцёнак за 30 756 фунтаў стэрлінгаў і праглынуў яго, спалохаўшыся паліцыі, паведамляе Metro.

Інцыдэнт адбыўся ў ювелірнай краме правінцыі Мугла ў Турцыі. Спачатку 54-гадовы ірландзец Ян Кэмпбэл сціснуў пярсцёнак у кулаку і накіраваўся да выхаду, аднак прадавец заўважыў зладзюжку і заблакіраваў дзверы. Пасля гэтага ён праглынуў украдзены тавар, каб не быць злоўленым, але супрацоўнікі паліцыі, якія прыехалі на месца злачынства, схапілі яго і накіравалі ў мясцовую бальніцу. Там з дапамогай рэнтгену ўрачы выявілі ў Кэмпбэла ў страўніку брыльянт у 2,5 карата. Пазней уладальнік ювелірнай крамы заявіў, што ён усё яшчэ чакае вяртання ўпрыгажэння.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».