Вы тут

Якія новыя культуры варта пасяліць у садзе?


Наспеў час, калі яблыням і парэчкам давядзецца пацясніцца: сёння дзякуючы актыўнай рабоце селекцыянераў на рынку з'явілася багата экзатычных навінак, прычым нязвыклыя раней для нас ягады выдатна прыстасаваныя да беларускага клімату. Многія з іх непераборлівыя — не патрабуюць асаблівага догляду, не хварэюць (айчынныя шкоднікі не праяўляюць цікавасці да такіх навінак). Экзоты ўпрыгожаць любы ўчастак: вясной парадуюць дружным цвіценнем, летам укрыюць альтанкі, а ўвосень аддзячаць гаспадарам карыснымі пладамі.


Шаўкоўніца

У садах Інстытута пладаводства НАН Беларусі сёння прадстаўлены 29 ягадных культур, сярод іх травяністыя (накшталт суніц садовых), ліяны (актынідыі і ажыны-расянікі), кусты (гумі, парэчкі, агрэст) і дрэвы (чаромха, ірга).

Карысная прыгажосць

Адным з прэтэндэнтаў на сонечнае месца ў вашым садзе, бясспрэчна, будзе кізіл. Нягледзячы на тое, што расліна прыйшла да нас з Украіны, яна можа выдатна вырошчвацца па ўсёй Беларусі. Так, у садах Інстытута пладаводства вучоныя ніколі не мелі з гэтай культурай праблем: яна цудоўна зімуе і пачынае квітнець, як толькі сыходзіць снег. Менавіта за сакавіцкае цвіценне кізіл палюбілі ландшафтныя дызайнеры, але варта на яго звярнуць увагу і пчалярам. Адзін з самых першых меданосаў, кізіл вельмі радуе пчолак, якія толькі пачынаюць аблятацца. Яшчэ плюс у тым, што плады выспяваюць у канцы жніўня, верасні. Як правіла, да гэтага часу традыцыйныя ягадныя культуры ўжо адышлі, а тут — такі шыкоўны падарунак, прычым з яго можна рабіць усе тыя ж нарыхтоўкі, як і з вішні. Да таго ж кізіл можа доўга захоўвацца. Калі ягады сабраць крыху недаспелымі, яны могуць каля тыдня «пачакаць», пакуль гаспадыня не прыдумае, як упарадкаваць ураджай.

Увосень радуе вітаміннымі падарункамі актынідыя. Хто адпачываў у Іспаніі, напэўна заўважыў, што ў супермаркетах прадаюцца так званыя міні-ківі. Яны выдатна растуць і ў Беларусі. У нас раянаваныя ўкраінскія жаночыя сарты Кіеўская буйнаплодная і Цудоўная. Для іх вучоныя падабралі мужчынскія формы-апыляльнікі Камандор і Прывабны. Каб атрымаць ураджай, актынідыі, як і абляпісе, патрабуецца пара. Але сёння на рынку можна знайсці і сарты, якія могуць абыходзіцца без апыляльніка. Праўда, як заўважылі вучоныя, нават самаплодныя ліяны даюць большы ўраджай, калі побач расце мужчынская форма.

Каб разабрацца, якая з актынідый лепшая — аргута ці каламікта, — звяртаюся па кансультацыю да загадчыка лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур Інстытута пладаводства Людмілы ФРАЛОВАЙ.

— Я параіла б вырошчваць каламікту. Яе можна выкарыстоўваць у якасці жывой агароджы, яна непатрабавальная, вельмі дэкаратыўная, калі пачынае квітнець, лісты становяцца бела-малінавымі. У свеце ж больш распаўсюджаная аргута. Расліны розняцца формай ліста, памерам.
У садзе інстытута пад аргуту нават жалезную шпалеру паставілі, бо драўляная пад гэтай магутнай трапічнай ліянай ламаецца. Ягады на ёй буйнейшыя і выспяваюць пазней, чым у каламікты.

Такія расліны змяшчаюць актынідын (рэчыва, якое дапамагае перапрацоўваць бялок у арганізме чалавека) і будуць карысныя для ляжачых, хворых з парушэннем абмену рэчываў, цяжарных жанчын. Але трэба ведаць меру — ужываць не больш за сем пладоў за раз, каб не было слабіцельнага эфекту. Актынідыю можна марозіць, рабіць фруктовы лёд, дадаваць у смузі.

Актынідыя.

Яшчэ ёсць такі від актынідыі, як палігама, — з горкімі пладамі, падобнымі на маленькія перчыкі. Апыляльнік для гэтага сорту знайсці складана, і таму часта расліна бясплодная і выкарыстоўваецца ў дэкаратыўных мэтах.

У азеляненні знайшлося прымяненне і іншым ягадным культурам — барбарысу (з яго пладоў можна зрабіць добрую прыправу), каліне (пойдзе на жэле, сок, настойкі), шыпшыне (ягады можна сушыць ці пускаць на варэнне).

Садовыя лекі

У садах і на ўчастках можна ўбачыць і хенамелес, ці айву японскую. На гэтых невысокіх кустах, што шыкоўна квітнеюць, выспяваюць плады, якія можна дадаваць у чай як заменнік лімона. Ягады таксама сушаць, пускаюць на варэнне, робяць з іх мармелад, цукаты.

«Іншаземцаў» усё часцей пачынаюць сяліць на ўчастках людзі, якія клапоцяцца пра сваё здароўе. Так, садаводы ацанілі абляпіху, усё большую папулярнасць набываюць годжы і бружмель. Заслугоўвае ўвагі і гумі (лох мнагакветкавы) — госць з Далёкага Усходу. Менавіта на ім растуць маладзільныя ягады з высокай канцэнтрацыяй антыаксідантаў і біялагічна актыўных рэчываў. У Японіі гумі шырока выкарыстоўваюцца як «жывыя лекі» ад розных хвароб, а таксама як вітамінная дабаўка ў дзіцячым харчаванні.

Хенамелес.

Вяртае маладосць і шаўкоўніца. За карысныя якасці ў сярэдняй Азіі яе называюць «цар-ягадай». У асаблівай пашане яна ў старэйшага пакалення, людзі вераць, што ягада падаўжае працягласць жыцця. Шаўкоўніца змяшчае шмат жалеза ў лёгказасваяльнай форме. Будучыя мамачкі, людзі з нізкім гемаглабінам, абавязкова звярніце на яе ўвагу. Дарэчы, у садзе Інстытута пладаводства шаўкоўніца — адна з самых старых раслін, ёй пераваліла за паўстагоддзя, і кожны год вялізнае дрэва цешыць сакавітымі ягадамі.

Але не трэба забывацца і на культуры, якія ўжо даўно вядомыя нашым садаводам: бузіну, глог, аронію чарнаплодную. На жаль, да гэтага часу мала ў садах гранатавай рабіны (атрыманай у выніку скрыжоўвання чырвонай і чорнай). Яна паніжае ўзровень халестэрыну ў крыві (рэкамендуецца ўжываць па пяць-сем ягад штодня), некаторыя людзі спецыяльна яе марозяць. З'явіліся на рынку і новыя сарты іргі (часам яе называюць беларускімі разынкамі), у тым ліку нізкарослыя, прыстасаваныя да механізаванай уборкі. І нават традыцыйныя парэчкі сёння мяняюцца. Добрая навіна для людзей, у якіх ёсць алергія на цёмныя ягады: можна вырошчваць і зялёныя парэчкі (з закрытымі вачыма па смаку іх не адрозніць ад чорных).

Сярод навінак — маліны сунічныя (яшчэ іх называюць тыбецкімі, нектарнымі). Ягады выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання пірожных і ў лікёрнай прамысловасці.

Выпрабоўвалі вучоныя і маліны арктычныя — княжаніку. Яна прыйшла ў калекцыю з Новасібірскага батанічнага саду. Але, як паказала назіранне, — беларускі зменлівы клімат (то цёпла, то маразы, то засуха) для расліны — стрэс.

Кізіл.

Вітаміны круглы год?

Сёння можна падабраць культуры для саду так, каб ягады на іх выспявалі з мая па кастрычнік, а ці магчыма «вітамінны перыяд» зрабіць яшчэ больш працяглым? Сучасныя тэхналогіі дазваляюць планаваць ураджаі. Напрыклад, можна разлічыць пасадкі суніц так, каб атрымаць свежыя ягады ў пэўным месяцы (хоць у сакавіку, хоць у лютым). Зразумела, тут звычайныя ўмовы не падыходзяць, сёння ва ўсім свеце назіраецца пераход на вырошчванне ягадных культур у абароненым грунце, тунэлях, у цяпліцах з ацяпленнем. Важна загадзя падрыхтаваць пасадачны матэрыял. Як правіла, такія саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай захоўваюцца ў халадзільніках, у пэўны час пераносяцца ў цяпліцу, дзе абуджаюцца і даюць ураджаі пад спланаваныя чалавекам даты. У Беларусі таксама будуць працаваць у гэтым кірунку.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Маладзільныя ягады

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.