Вы тут

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца


Уладзімір Шантаровіч прыйшоў у веславанне, калі вучыўся ў сёмым класе, да гэтага ў полі яго інтарэсаў таксама быў спорт — футбол і баскетбол. З юных гадоў ён прывык да працы: спачатку падпрацоўваў на заводзе ў бацькі, а потым трапіў у сферу, якая стала яго стыхіяй, сэнсам жыцця і лёсам. Перад уласнай спартыўнай кар'ерай ён аддаў перавагу трэнерскай справе, стаўшы настаўнікам у зборнай СССР не дасягнуўшы нават трыццаці. Сёння Уладзімір Уладзіміравіч ужо практычна два дзясяткі гадоў стаіць каля руля зборнай Беларусі. Яго вучні штогод прывозяць россып медалёў рознай вартасці, у тым ліку алімпійскія, а галоўнае, ён пабудаваў сістэму падрыхтоўкі весляроў, якая працуе ўжо больш за 20 гадоў. Пра тое, як усё пачыналася ў далёкія 70-я, пра адносіны настаўніка і вучняў, пра свае перамогі і паражэнні Уладзімір Уладзіміравіч расказаў у інтэрв'ю «Звяздзе».


Фота: Уладзімір Несцяровіч, Sputnik.by

«Рэдка бывае, што вялікія спартсмены становяцца выдатнымі трэнерамі»

— На першай трэніроўцы па веславанні вы селі ў лодку з будучым алімпійскім чэмпіёнам Мікалаем Гарбачовым. Верыце ў знакі, можа, гэта не проста так?

— Вядома, веру! Мікалай Сцяпанавіч — вялікі спартсмен, таленавіты чалавек, на той момант ужо быў чэмпіёнам СССР, але, калі прыязджаў у родны Рагачоў, падпрацоўваў. Сядаў у лодку і абкатваў маладых. Так зараз робяць і нашы некаторыя спартсмены. Ён пракаціў мяне і сказаў: «Давай, малы, ідзі, трэніруйся, у цябе ўсё атрымаецца!» Пасля Гарбачоў стаў алімпійскім чэмпіёнам, а я пачаў калупацца, хадзіць на гэтую працу. Для школьніка гэта ўжо праца, пакуль гульня, але ўсё роўна праца.

— Хто для вас тады быў аўтарытэтам?

— Нашы першыя алімпійскія чэмпіёны Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка, яны тады былі вельмі папулярныя, асабліва ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У Саюзе была вельмі моцная канкурэнцыя, веславанне было вельмі распаўсюджаным відам спорту, але будавалася толькі на энтузіязме. Калі спартсмен трапляў у маладзёжную або дарослую зборную, то ведаў, што са спаборніцтваў дакладна прыедзе з медалямі, таму ўсе імкнуліся туды трапіць. Можна параўнаць той час з сённяшнім: мы прыязджаем з маладзёжнага чэмпіянату свету — 14—15 медалёў, студэнцкі чэмпіянат свету ў беларусаў — 23 узнагароды, дарослыя чэмпіянаты свету, Еўропы — 8-9 медалёў. Усяго, дарэчы, у нас сёлета 45 узнагарод. Сёння Беларусь — адна з найлепшых краін па падрыхтоўцы рэзерву, у якой прысутнічае тэхналогія адбору і методыка падрыхтоўкі.

— Вы вельмі рана сталі трэнерам, гэта сведчыць аб тым, што амбіцый настаўніка было больш, чым спартсмена?

— У 1973 годзе я скончыў універсітэт і па размеркаванні паехаў на працу ў Мазыр. А калі трэніраваўся, бачыў усе недапрацоўкі спецыялістаў, у якіх я вучыўся, у педагогіцы, у пабудове руху. У Мазыр з сабой запрасіў сябра Віталя Віктаравіча Скрыганава. Там мы стварылі з ім моцную дзіцяча-спартыўную школу з унутранай канкурэнцыяй, яна нарадзіла вынік. Паехалі на першыя ўсесаюзныя спаборніцтвы і там яго паказалі. А з часам атрымалася выбудаваць сістэму, якую спрабуе стварыць уся краіна і ўвесь свет. Пасля дзіцячай спартыўнай школы нашы весляры пераходзяць у вучылішча алімпійскага рэзерву, далей — у ВНУ, калі працягваюць паказваць вынікі, аказваюцца ў школе найвышэйшага спартыўнага майстэрства, а потым — нацыянальныя і зборныя каманды. Гэтая сістэма і нарадзіла восем алімпійскіх медалёў, чэмпіёнаў свету, іх у Мазыры толькі дзесяць, а ёсць і сяміразовыя, і пяціразовыя. Хоць у раёне 120 тысяч насельніцтва, уяўляеце, якая статыстыка? І гэта мы толькі аб дарослых спаборніцтвах гаворым.

У кнігах не пішуць, як рыхтаваць чэмпіёнаў...

— Колькі вам спатрэбілася часу, каб самому выбудаваць гэтую сістэму?

— Галоўны трэнер сёння — зборны вобраз, я выслухаю навуку, спецыялістаў у многіх галінах, а потым толькі пачынаю нешта рабіць, гэта руцінная праца. Не прыходзяць ідэі ў галаву проста так, спантанна. Кажуць, вялікі палкаводзец Шантаровіч, геній. Мне гэта вельмі не падабаецца. Што такое геній? Я ж нічым не адрозніваюся, напрыклад, ад старшага трэнера, нават калі браць заробак. Самае важнае для галоўнага трэнера — праз прызму бачыць усю краіну, дзе ёсць базы, дзе ёсць цэнтры, што рабіць з канкрэтнай узроставай групай, як змяняць тэхнічнае абсталяванне. Сёння ў нас аснова асноў — антрапаметрыя, функцыянальная дыягностыка, а далей залежыць ад таго, як ты правільна пабудуеш спартсмену крок у веславанні. Гэта тэхнічнае выкананне, якасць веславання, гэта прыкладанне намаганняў, перадача іх вадзе, каб лодачка
рэагавала, біямеханіка. Калі гэтыя навыкі не закласці з пачатковай стадыі падрыхтоўкі, не ўдзяліць сур'ёзна гэтаму ўвагі, няма сэнсу спрабаваць чагосьці дасягаць у вялікім спорце.

Колькі часу мне спатрэбілася, каб выбудаваць гэтую сістэму? Не магу адказаць дакладна. Сёння ўвесь свет вяслуе, у нас сем тысяч займаюцца веславаннем, але становяцца чэмпіёнамі нямногія. Спыняцца нельга, кожны год трэба ўводзіць нешта новае, вось я ўжо сёння сяджу і думаю, што трэба рыхтавацца да Токіа-2020, таму што прадстаўленне матэрыялу ўжо павінна быць іншае, не як чатыры гады таму. Калі ты не прыехаў на нейкую канферэнцыю, ты ўжо адстаў, нічога не ўкраў сваімі думкамі. Калі варышся ў сваёй руціне, паўтараеш уласныя памылкі.

Сёння я сам сябе прымушаю працаваць, хоць усе свае амбіцыі ўжо задаволіў, алімпійскія чэмпіёны ёсць, чэмпіёны свету таксама. Быў час, калі атрымліваў зарплату 15—17 долараў, але ўсё роўна застаўся на гэтай працы, таму што хачу вынікаў. Не тое, каб я нічога больш не мог рабіць, магу, але душа не ляжыць.

— Пра што вы марылі, калі толькі пачыналі рабіць першыя крокі ў трэнерскай справе?

— Усе мары прыходзілі паэтапна, перамагчы адзін узровень, маладзёжны, потым другі. А цяпер ужо, вядома, галоўная мэта — Алімпійскія гульні. Хацеў бы прыехаць з Алімпіяды з працэнтамі сарака медалёў, якія там разыгрываюцца. Сёння гэта складана з той колькасцю людзей, якія займаюцца, з якасцю здароўя, характарам, таму патрэбна прадуманая якасная праца. Некалькі няправільных трэніровак выбіваюць спартсмена на месяц. Сёння мы вялікую ўвагу ўдзяляем селекцыйнай працы на вёсцы, таму што там яшчэ ёсць здаровыя, дужыя людзі, гэта ім генетыкай закладзена. Мы, дарэчы, вельмі шмат займаемся гэтай навукай.

«Ехаў, абяцаў, перамог»

— Хто стаў вашым першым алімпійскім чэмпіёнам?

— Чацвёрка ў складзе Петрушэнкі, Абалмасава, Літвінчука і Махнева.

— Памятаеце тыя эмоцыі?

— Так. Гэтая эмоцыя доўжыцца літаральна пару хвілін, пачуццё выкананага доўгу і працы. Ехаў, абяцаў, перамог і да вечара забыўся. Трэба забываць, таму што інакш не будзе прагрэсу.

— Псіхалогія ва ўсіх алімпійскіх чэмпіёнаў адна?

— Яны ўсе валодаюць псіхалагічнай устойлівасцю, моцным характарам, агрэсіяй, але кожны ў рознай ступені. Камусьці гэтых якасцяў хапае на адзін старт, а ў другога ў кар'еры па дзве, тры алімпіяды. Часам у спартсмена ёсць усе даныя, але правал у псіхалогіі, ён выходзіць на старт і становіцца ватны, увесь адрэналін ужо выйшаў ноччу, ён ужо наспаборнічаў. Чэмпіён — гэта штучны матэрыял. Ракету запусціць складана, трэба шмат спецыялістаў, а мы працуем з жывым матэрыялам, які на парадак больш непрадказальны, асабліва гэта разумеюць тыя, хто працуе з дзяўчатамі.

— Чэмпіёны, як і многія таленавітыя людзі, часта бываюць з няпростым характарам, складана з імі працаваць?

— Я не звяртаў на іх характар асаблівай увагі. У прафесіяналаў павінна быць адно разуменне: ты атрымліваеш заробак, а значыць, павінен прыходзіць і выконваць заданне. Калі ты яго не робіш, значыць, гэта сабатаж. Калі ў цябе характар і ў мяне характар, значыць, трэба памяняць трэнера. Былі выпадкі, што сыходзілі. Панібрацтва пачынаецца, калі выкладчык не можа выразна растлумачыць заданне спартсмену. Я прымаю дыялог, вучні могуць спрачацца, але толькі калі гэта не «гнілая» філасофія. Ведаеце, калі б я біўся з усімі, каго лічу няправым... Трэба берагчы сваю энергію, таму я стараюся не канфліктаваць. Робіш — рабі, не — сыходзь. Хочаш нешта даказаць, дакажы, у нас жа няма прыгоннага права, заўсёды можна пераехаць у іншую краіну.

— Любімчыкі былі?

— Такога паняцця быць не павінна.

«У поўную сілу я і зараз яшчэ да працы не прыступіў»

— Як успамінаеце перадалімпійскі час 2016-га?

— Не хачу яго згадваць. Гэта трагедыя, мы страцілі два-тры медалі на роўным месцы.

— У гэты складаны для вас час хто быў побач?

— Знаёмыя стараліся не нагадваць мне пра гэта. Былі людзі, якія выказваліся ў СМІ, маўляў, трэба разбірацца, не да канца верылі ў нашу чысціню. Гэта казалі ў тым ліку і некаторыя вялікія спартсмены, «рэвізоры» жыцця, для іх увесь час усё будзе дрэнна.

— Якія словы тады вы знаходзілі для спартсменаў, што былі адхіленыя ад Алімпійскіх гульняў?

— Яны не мелі патрэбы ў словах, ім хацелася падтрымкі на больш высокім узроўні. Міжнародная федэрацыя або САДА (Сусветнае антыдопінгавае агенцтва. — Заўв. рэд.), калі ладзяць скандал, чакаюць рэакцыі кіраўніцтва краіны або Міністэрства спорту. У нас было маўчанне, а яны разлічвалі на тое, што галовы пачнуць секчы без разбору.

Людзі не разумелі, як мы маглі за тры-чатыры алімпійскія цыклы так падняць беларускае веславанне. Тая аблава на нашу каманду ў Францыі не была першай, яны праводзілі заканамерныя праверкі і раней, потым зачасцілі, потым зусім сціхлі. Але на чэмпіянаце Еўропы ў Мілане мы заваявалі пяць залатых медалёў і вялікія краіны не разумелі, што яны з такім раскладам будуць рабіць на Алімпіядзе.

— Пасля гэтай трагедыі вы не склалі рукі, як хутка вярнуліся да працы?

— Пасля пэўнага адпачынку, але ў поўную сілу я і зараз яшчэ да працы не прыступіў. Не толькі мяне гэтая сітуацыя падкасіла на пару гадоў. Напрыклад, Арцём Козыр на той Алімпіядзе мог мець медалі, а цяпер яго дысцыпліны зусім няма ў алімпійскай праграме. Ён тры разы выйграваў чэмпіянат свету ў ёй, разумееце? А алімпійскім чэмпіёнам так і не стаў.

«Часам здавалася, што цябе не разумее ўвесь свет»

— Ваша жонка таксама са спорту, сын сёння трэніруе зборную Казахстана па веславанні...

— Калі б я са спявачкай сустрэўся ці яшчэ з кімсьці, думаю, жыцця б не было. Бо я 10—11 месяцаў з заплечнікам за спінай па аэрапортах. Жонка прыняла мой лад жыцця толькі таму, што сама са спорту. Сур'ёзных грошай ніколі не было, яны з'явіліся толькі цяпер. Яна разумела, што мне трэба было ўгнацца за гэтай індустрыяй, заўсёды вельмі моцна мне дапамагала. Часам здавалася, што цябе не разумее ўвесь свет, а дома я заўсёды адчуваў падтрымку. У шлюбе мы ўжо 39 гадоў.

Сын з пяці гадоў ездзіў са мной на зборы, таму вельмі шмат увабраў у сябе, выйсці з гэтай секты, а спорт найвышэйшых дасягненняў — гэта секта, было яму складана. У сілу абставін я вялікага спартсмена заўважыць у ім не мог, таму што на гэта проста не хапала часу. Зараз мы заўсёды на сувязі, стэлефаноўваемся кожны дзень у сем вечара, у якім бы месцы свету не знаходзіліся.

— Ці не баіцеся, што калі-небудзь ён вас перарасце?

— Дай Божа! Калі вучань перарастае свайго настаўніка, то надыходзіць прагрэс.

— Уладзімір Уладзіміравіч, у чым вы чэрпаеце сілы?

— Нічога акрамя спорту. З хобі ў жыцці неяк не склалася: ні з грыбамі, ні з рыбалкай. Магу выйсці ў цырк, тэатр, музей, але гэтыя, здавалася б, прыгажосці мяне ўжо не ўражваюць. Мне трэба час у жыцці некалі гэта зразумець і перабудавацца. Трэба ўжо вучыцца, бо яшчэ тры гады і семдзесят.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.