Вы тут

Шалаш сярод залатых дрэў


Ёсць такая сучасная прыказка: «Зімой занадта холадна, каб рабіць тыя справы, якія летам было рабіць занадта горача». Жарты жартамі, але задумайцеся, ці не так мы сапраўды часам жывём? Праўда, цяпер восень — і гэта добрая нагода пагаварыць менавіта пра яе.


Асабіста я пахмурным лістападаўскім днём неяк магла злавіць сябе на думцы, што прыгожую, залатую, чырвоную восень я прапусціла... Дрэвы афарбоўваюцца ў такія яркія, прыгожыя колеры не на працяглы час. Прабягаеш міма, спяшаешся на працу ці па нейкіх іншых пільных справах і хіба што бакавым зрокам заўважаеш, што навокал жоўта і чырвана... У кагосьці з сяброў на старонках у сацыяльных сетках пабачыш асенняе фота і подпіс пра тое, як жа прыгожа навокал! Праходзіць тыдзень, два, тры — моцная залева, вятры — і няма больш на дрэвах іх залатых куртак. Што рабіць? Цэлы год чакаць, каб пабачыць прыроду такой самай найпрыгажэйшай парой...

Пра сябе скажу, што сёлета я ўбачаным больш-менш задаволеная. Не буду далёка назад забягаць, але пачалося ўсё яшчэ ўзімку з вандроўкі па карпацкіх заснежаных горах і з блукання ў беларускіх сталічных снежных завеях — зіму я тады адчула напоўніцу. Што праўда, вясна была не такой яскравай — але ў Батанічны сад у час цвіцення бэзу і некаторых іншых дэкаратыўных кустоў я завітала — і гэта ўжо, лічы, плюс у гісторыі. Летам я пайшла ў адпачынак на цэлы месяц і свядома не паехала да мораў-акіянаў, вырашыўшы, што трэба атрымаць асалоду ад мясцовай прыроды і вольнага часу, праведзенага з роднымі.

І вось адны з мінулых выхадных ужо адкрылі мне сапраўдную залатую восень! Мы сабраліся ў сяброў, якія жывуць у вёсачцы за 30 кіламетраў ад Мінска. Такая ціш стаіць, проста неверагодная! І паветра, як толькі выходзіш з машыны, адразу ледзь не кружыць галаву сваёй свежасцю і чысцінёй. Пабыўшы там два дні, я нагледзелася і налюбавалася (хаця гэтага рэдка бывае дастаткова). Вялікі чырвона-жоўты клён, які расце на схіле. Даволі надзейны шалаш, зроблены мясцовымі хлапчукамі пасярод ужо жоўтых дрэў. Стройныя, высокія кусты сіне-фіялетавых кветак — нідзе ў горадзе не бачыла такіх, а там растуць проста на кожным кроку. Спакойных, пастэльна-бежавых адценняў нязжатае поле кукурузы — кажуць, пакінулі на зерне. Неверагодна рахманыя белыя козы (іх клічуць, між іншым, Снега і Буся). Круглыя залацістыя цюкі саломы ў полі.

На цюках варта спыніцца падрабязней. Лавіце лайфхак (падказку, як штосьці зрабіць прасцей і карысней). Такі цюк — цудоўны антыдэпрэсант. Залазіш на яго, кладзешся на спіну, раскідваеш рукі і глядзіш у бяздоннае сіняе неба, пранізанае белымі аблокамі. Думаеш, што ўсё часова ў гэтым свеце, і вечна, і так прыгожа. Ці, наадварот, пераварочваешся на жывот і звешваеш уніз рукі, ногі, галаву — і так ляжыш, боўтаеш імі ў паветры. Ідэальная поза для тых, хто вельмі марыў расслабіцца. Дарэчы, салома — натуральны матэрыял, таму яна, як высветлілася, сапраўды забірае стрэс, дадае станоўчай энергетыкі (да таго ж выдатна захоўвае цяпло, увабранае ад сціплых восеньскіх сонечных промняў). Пасля такой дзесяціхвіліннай рэлаксацыі адчуваеш сябе новенькім!

Асеннія свойскія яблыкі, грушы не параўнаць з крамнымі вінаградам і бананамі, гэта я вам дакладна кажу! А толькі што заквашаная капустачка! А грыбы, сабраныя ўласнымі рукамі ў казачным лесе (такой парою лес бывае толькі «казачным», не іначай). А вараная бульбачка свежага ўраджаю з салёнымі агуркамі з бочкі!

Прырода пускае нас да сябе, дазваляе паглыбіцца ў таемнае, прасякнуцца відавочным. І для кожнага ў яе свая мова, свае непаўторныя і непараўнальныя краявіды. А што пачулі ці ўбачылі вы?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.