Вы тут

Паліцы для сяброў


Абмяркоўваецца магчымасць адкрыцця ў Мінску кніжнай крамы «Дружба» з паліцамі выданняў розных краін. Пра гэта паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара «Белкнігі» Генадзь Сілінскі падчас падвядзення вынікаў удзелу ў XII Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы друкаванай прадукцыі і навуковай канферэнцыі «Кніга — шлях супрацоўніцтва і прагрэсу» ў Туркменістане. Беларуская дэлегацыя вярнулася са шматлікімі ўзнагародамі і новымі ідэямі.


— Мы працягваем рабіць крокі да ажыццяўлення ідэі адкрыць у Мінску краму, у якой будуць створаны кніжныя паліцы выдавецтваў розных краін. Назву праекту ўжо далі — «Дружба». У мінулым месяцы адкрыліся паліцы Кітайскай Народнай Рэспублікі, цяпер плануем выставіць лепшыя выданні Туркменістана, — расказаў Генадзь Сілінскі.

Усяго ў ашхабадскай выстаўцы ўзяло ўдзел больш як 20 краін свету, сярод якіх каля 150 прадстаўнікоў з ЗША, Польшы, Ірана, Румыніі, Расіі, Украіны і інш. Ад Беларусі было прадстаўлена шэсць выдавецтваў: «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларусь», Выдавецкі дом «Звязда», «Пачатковая школа», «Бяловагруп», а таксама гандлёвае прадпрыемства «Белкніга». Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі перамаглі адразу ў чатырох намінацыях з 7, а ў яшчэ адной занялі і трэцяе месца. Лепшымі сталі выданні Чынгіза Айтматава «Бураны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век» («Народная асвета»), «Беларускі касцюм» («Беларусь»), Валянціны Паліканінай «Ни к чему быть одному» («Мастацкая літаратура») і «Развіццё маўлення» («Пачатковая школа»). Дыплом трэцяй ступені атрымала выданне «Беларусь — пасланне міру» («Бяловагруп»).

— З нашага боку туркменскай літаратуры ўдзяляецца вялікая ўвага, і мы друкуем творы сучасных туркменскіх паэтаў, празаікаў і крытыкаў. Што датычыцца публікацыі твораў беларускіх аўтараў у Туркменістане, ідзе вельмі актыўная работа ў самых розных літаратурных выданнях, у прыватнасці ў часопісе «Сусветная літаратура» і газеце «Літаратура і мастацтва». Там друкуюцца творы Міколы Мятліцкага, Таццяны Сівец, Алеся Карлюкевіча, Сяргея Трахімёнка, Ірыны Карнавухавай і многіх іншых пісьменнікаў, — падкрэсліў дырэктар «Мастацкай літаратуры» Алесь Бадак.

Выстаўка доўжылася два дні, на працягу якіх беларускія кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюджвальнікі змаглі паўдзельнічаць у мностве цікавых сустрэч з туркменскімі калегамі, аўтарамі, адзказнымі асобамі. Адной з такіх стала сустрэча намесніка дырэктара выдавецтва «Народная асвета» Юліі Дашкевіч з намеснікам дэкана Кітайскага інстытута нафты і газу, па выніках якой дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб рэалізацыі сумеснага ўзаемавыгаднага кніжнага праекта, які павінен ажыццявіцца на мінскай кніжнай выстаўцы. Пытанні перспектыўнага развіцця беларуска-туркменскіх культурных сувязяў былі абмеркаваны падчас рабочай сустрэчы беларускай дэлегацыі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Туркменістане Алегам Табанюховым.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».