Вы тут

Таццяна Шамякіна: Наша будучыня – у нашай мінуўшчыне


На яе манаграфіях, артыкулах у літаратурна-мастацкіх выданнях і прафесійнай перыёдыцы для настаўнікаў і выкладчыкаў-філолагаў вырасла не адно пакаленне чытачоў. Гэта як асобы, якія прысвяцілі свой жыццёвы шлях вывучэнню айчыннай літаратуры, яе вытокаў, так і аматары беларускага слова. Дачка знанага народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Шамякіна і сама за многа дзесяцігоддзяў плённай дзейнасці стала легендай даследчыцкай і філалагічнай працы. Адсвяткаваўшы днямі свой 70-гадовы юбілей, Таццяна Іванаўна яшчэ і цяпер займае пасаду загадчыка кафедры тэорыі літаратуры БДУ. Яна прызналася, што не любіць даваць інтэрв’ю, але пагадзілася пагутарыць з нашым карэспандэнтам. Натуральна, гаворка ішла пра творчыя і даследчыцкія набыткі, супрацу з калегамі і стаўленне да сучаснай айчыннай літаратуры.


— Таццяна Іванаўна, ваш даследчыцкі і выкладчыцкі шлях доўжыцца ўжо амаль паўстагоддзя. Гэта доўгі перыяд, у якім, магчыма, знойдуцца найбольш плённыя часы.

— З вялікім імпэтам я працавала ў 1990-я гады, тады займалася вывучэннем славянскай міфалогіі, рыхтавала вучэбны дапаможнік, курсы лекцый. Урэшце, гэтыя набыткі выліліся ў доктарскую дысертацыю, прысвечаную беларускай класічнай літаратурнай традыцыі ў сувязі з міфалогіяй. Такія працы навукоўцам звычайна даюцца з вялікай цяжкасцю, а ў мяне ўсё атрымалася неяк лёгка, склалася само сабой. Над тэмай працавала каля 10 гадоў, але нават не брала адпачынак, не паступала ў дактарантуру, увесь час выкладала, чытала курсы лекцый. Лічу, што і апошнія 7—10 гадоў — надзвычай плённыя. Штогод пішу не менш за 15—20 прац.

— Звычайна ў гэты час пачынаюць крыху ленавацца, спасылацца на ўзрост, агульную стомленасць і сямейныя клопаты, маўляў, усе дасягненні ўжо зробленыя. У вас атрымалася наадварот?

— Якраз цяпер працуецца лёгка. Дочкі выраслі, самі кандыдаты навук, узялі на сябе ўсе гаспадарчыя клопаты. А пішу я вельмі хутка, але, праўда, напісаўшы, доўга вывяраю, праўлю, перапрацоўваю стылістычна. Такі перфекцыянізм і патрабавальнасць да сябе выпрацаваліся з цягам часу. Радуе, што ўсё пакуль што атрымліваецца з лёгкасцю.

— Сёння многа разважаюць пра месца жанчыны ў літаратурным асяродку нашай краіны. Кажуць пра тое, што галоўныя кіруючыя пасады займаюць мужчыны, яны ж часцей атрымліваюць прэміі... Якое стаўленне адчуваеце да сябе з боку мужчын-калег?

— Калектыў філалагічнага факультэта ў цэлым, ды і нашай кафедры ў прыватнасці, — жаночы. Тут, наадварот, мужчын не хапае. Таму пра нейкую няўвагу на працоўным месцы я казаць не магу. Да фемінісцкага руху стаўлюся з іроніяй. Падаецца, што ў нашай гуманітарнай сферы існуе раўнапраўе полаў. А што датычыцца пасадаў бюракратычных, чыноўніцкіх, — відаць, сапраўды прыродай прызначана займаць іх мужчынам. Яны, лічу, лепшыя кіраўнікі. Сама ніколі да пасадаў не імкнулася, але так сталася, што ўжо 18 гадоў кірую кафедрамі: беларусазнаўства, беларускай літаратуры і культуры, тэорыі літаратуры.

— З узростам прасцей ці больш складана кіраваць калектывам выкладчыкаў?

— Проста так здарылася ў жыцці, сама я да такой працы не зусім прыстасаваная, мне не падабаецца кіраваць. Я па натуры не арганізатар, хутчэй — сузіральнік, тым не менш з нашымі выкладчыкамі вельмі лёгка працаваць, усе — добрыя людзі, выдатныя прафесіяналы. Сказаць, што становіцца цяжэй, не магу. З іншага боку, жыццё, грамадства змяняюцца, адносіны ў соцыуме ўскладняюцца неверагодна, а выкладанне літаратуры — гэта і выкладанне жыцця.

— Ваша сястра Алеся Іванаўна — таксама філолаг, кандыдат філалагічных навук у галіне тэксталогіі. Ці адчувалі нейкае саперніцтва ў даследаваннях, а, магчыма, яна імкнулася вас «дагнаць» у навуцы, як малодшая сястра — старэйшую?

— Што вы, якое спаборніцтва! (Усміхаецца.) Так, Алеся заўсёды са мной раілася, я была для яе ў нечым куратарам у працы, часам дапамагала, але яна ўжо даўно самастойны даследчык. Наша старэйшая сястра таксама філолаг, спецыяліст у выкладанні французскай і нямецкай моў. Мама таксама была філолагам. Да вайны скончыла медыцынскае вучылішча, а пасля вайны, ужо маючы траіх дзяцей, атрымала дыплом (з адзнакай!) філалагічнага факультэта тагачаснага педагагічнага інстытута. Памятаю, калі была яшчэ маленькая, а мама ці рыхтавалася да экзаменаў, ці пісала нейкія работы, я пастаянна задавала ёй розныя пытанні. Часам яна распавядала цікавыя гісторыі з жыцця пісьменнікаў. Так што на філалагічныя тэмы мы пачалі размаўляць яшчэ з майго дашкольнага ўзросту. Можна сказаць, што ў нашай сям’і склалася ўсё арганічна і натуральна. Тры сястры прадоўжылі шлях бацькоў. Праўда, брат наш быў геолагам.

— Ваш бацька, народны пісьменнік Беларусі, знакаміты Іван Шамякін, напэўна, радаваўся навуковым поспехам дочак?

— Натуральна. Асабліва маім. Ён быў яшчэ жывы, калі я абараніла доктарскую дысертацыю і стала кіраўніком кафедры. Гэта было для яго вельмі прыемна.

— Ёсць і іншы бок сваяцтва са знакамітасцю. З аднаго боку, дзеці пачуваюцца няёмка ў цені славы бацькоў, а з іншага — звонку сямейных і сяброўскіх стасункаў падаецца, што многае вы атрымліваеце незаслужана і перад вамі апрыёры адчыненыя дзверы, да якіх звычайна не так і проста наблізіцца.

— Відаць, у маім жыцці прозвішча знакамітага бацькі сапраўды мела нейкае значэнне, адыграла сваю ролю. Неяк само сабою. Але лічу, што я дастаткова ў жыцці працавала, а не імкнулася скарыстацца іменем, каб нешта атрымаць. Маю больш як 500 друкаваных работ. Хіба гэтага мала? Калі вучылася ў школе, ва ўніверсітэце, то было вельмі сорамна ленавацца, не магла падвесці бацьку. Наадварот, усяляк імкнулася даказаць сваю стараннасць і ўласныя здабыткі, каб нават і не падумалі, што карыстаюся сваяцтвам. Рабіла як мага больш, каб не быць аб’ектам такіх размоў.

— Думаю, так і атрымалася.

— Не ведаю, што гавораць людзі. Хто добра мяне ведае, называе працаголікам. Але мой аднакурснік дагэтуль крыўдуе, што я заняла яго месца ў аспірантуры. Падаецца, дарэмна: па адзнаках я сапраўды ішла першая, але ён быў старастам нашага курса, таму лічыў, што варты стаць аспірантам. Аднак жыццё яго склалася выдатна, зрабіў бліскучую кар’еру, займаў самыя высокія кіруючыя пасады, а я — педагог. Па-мойму, для жанчыны ў наш час гэта таксама няблага.

— Вы ўжо назвалі сябе сузіральнікам па натуры. Чытаючы вашу публіцыстыку, успаміны, нельга не зрабіць акцэнт на змене падыходаў да пісьменніцкай працы, асобы творцы, падтрымкі з боку дзяржавы, што вы назіралі на працягу ўласнага жыцця.

— Пасля развалу Савецкага Саюза пісьменнікі вельмі рэзка адчулі сваю непатрэбнасць новым гаспадарам жыцця. Літаратура перастала быць цэнтрам культуры. Таму пачаўся заняпад і самой літаратуры, і ўзроўню пісьменніцкага попыту. Усе страшна збяднелі. Успамінаецца такі эпізод з пачатку 1990-х гадоў. Неяк я завітала да бацькоў і пабачыла ў іх кватэры незнаёмую жанчыну. Мае бацькі заўсёды былі вельмі гасцінныя і з задавальненнем размаўлялі з нечаканай госцяй. У працэсе гутаркі высветлілася: гэтая жанчына — прадпрымальнік. Яна распавяла, што займаецца продажам тканін, прычым паспяхова. Неяк даведалася, што інтэлігенцыя перажывае горшыя часы (а вы не ўяўляеце, як жылі ў ліхія 90-я!) і, каб неяк аддаць свой доўг Богу, вырашыла дапамагаць людзям. Таму хадзіла па кватэрах пісьменнікаў і проста раздавала кавалкі тканіны як падарункі. Пасля кватэры бацькі яна збіралася завітаць да Васіля Быкава... Гэта быў вельмі паказальны момант. Розніцу ва ўзроўні жыцця мы адчулі адразу, ды і ганарары страшна знізіліся. Сёння дык і ўвогуле пра ганарары нават смешна некаму расказваць...

— Але ці правільна, што пісьменнік мусіць пачувацца залежным ад кіраўніцтва дзяржавы? Галоўнае ж — задавальняць патрэбы калі не рынку ў цэлым, то асобных чытачоў, працаваць менавіта на сваю аўдыторыю.

— Мы служым не ўладам, а менавіта дзяржаве. Дзяржава — наша адзіная абаронца. Межы ж існуюць, яны не зніклі, хоць назіраецца тэндэнцыя да ліквідацыі нацыянальных дзяржаў. Гэта адзінае, што ў нас ёсць, мы можам спадзявацца на медыцынскую дапамогу, адукацыю і абарону менавіта з боку дзяржавы. Значыць, і мы самі павінны рабіць свой унёсак у агульную скарбонку, ахвяраваць сваёй працай, здольнасцю, талентам.

— Вы ўжо адзначылі зніжэнне цікавасці чытача да мастацкага слова высокага гатунку. Але ж кнігі паранейшаму выдаюць, набываюць і чытаюць, хай і ў меншым аб’ёме. Гэта таксама прыкмета часу?

— Людзям нешта патрэбна для душы, але часцей за ўсё гэтае памкненне задавальняецца сурагатамі. У прыватнасці, рознымі «мыльнымі операмі». Аднак і гэтыя прадукты масавай культуры эксплуатуюць набыткі, прыёмы, метады класічнай літаратуры, праўда, на самым нізкім узроўні. Публіка прывыкла да такіх твораў, таму чагосьці больш высокага і не патрабуе. Зараз многа гавораць пра выхаванне інтарэсу да чытання ў дзяцей, а яго і не будзе, калі бацькі ў сям’і не чытаюць. Значыць, да кнігі варта прывучаць усё насельніцтва. А як гэта зрабіць, калі ёсць тэлебачанне і інтэрнэт? Цэнтрычная роля літаратуры знізілася праз аб’ектыўныя прычыны.

— Самі сочыце за навінкамі на кніжных паліцах?

— Мае прыхільнасць і любоў засталіся ў мінулым. Мяне не цікавіць сучасная літаратура, бо ўсё жыццё займаюся класікай. Акрамя таго, захапляюся публіцыстыкай. Да гэтага часу выпісваю дваццаць розных выданняў. Магчыма, журналістыкай ужо і атручана: залішне многа яе паглынаю. Безумоўна, чытаю літаратурна-мастацкія часопісы, сачу за тым, якія кнігі выходзяць, рэкамендую іх студэнтам, але нешта вось так, адразу, прыгадаць не магу. Акрамя таго... Назавеш аднаго пісьменніка, а дваццаць пакрыўдзяцца. І правільна пакрыўдзяцца. Хоць прыдумляць не вельмі ўмеюць. Рэальнае жыццё — большы майстар на сюжэты. Люблю чытаць не мастацкую літаратуру, а мемуары, дакументалістыку, навукова-папулярныя кнігі на самыя розныя тэмы. Гэта бачна і па тым, пра што пішу сама. Напрыклад, пра космас, сацыяльныя з’явы, аналізую фантастычную літаратуру, савецкую і замежную. Нават калі казаць пра сучасную фантастыку, то і тут нічога асабліва не закранае, мабыць, толькі апошнія з раманаў Сяргея Лук’яненкі «Чарнавік» і «Чыставік». Гэтая прыхільнасць да фантастыкі ў мяне засталася з юнацтва. Калі ж браць літаратуру больш высокага ўзроўню, тут аддаю перавагу класіцы. Наша будучыня — у нашым мінулым. Неабходна вяртанне да класічных традыцый, і ўжо на іх аснове можна зрабіць нейкі прарыў.

— У літаратуразнаўстве вам таксама бліжэй класічная метадалогія?

— Тут я прыхільнік міжпрадметнага падыходу, калі тэорыя літаратуры імкнецца ажыццявіць больш шырокія выхады ў іншыя сферы — сацыялогію, грамадазнаўства, палітыку, гісторыю. Калі літаратуразнаўства не замыкаецца ў сваім вузкім коле, і мы бачым сінтэз навук. Але як гэта зрабіць практычна? У выкладанні ўдаецца лепш, чым у непасрэдным літаратуразнаўчым аналізе твораў. Магчыма, таму мяне апошнім часам больш цягне да навукова-папулярных кніг і мемуарыстыкі. Пачаўся новы этап антысаветызму з акцэнтам на побыт. Многія імкнуцца паказаць, як бедна, брудна і нецікава жылі савецкія людзі. Але насамрэч усё было наадварот, ва ўсялякім разе, цікаўнасці да жыцця, да навук у нас, маладых, было больш, чым у эпоху інтэрнэту ў сучаснай моладзі. І мне хацелася б пра гэта больш расказаць. Не ведаю, ці атрымаецца і ці зацікавіць чытачоў такі падыход.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».