Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Знайсці паразуменне з рэчаіснасцю

Сфармуляваць сутнасць існавання чалавека — справа няўдзячная. І адназначнага адказу на пытанне «Навошта ты жывеш?» не знайсці. Але якая мэта ў чалавека, які ўвогуле не імкнецца «зразумець незразумеласць» свету? Аўтары «Маладосці» — у пошуках.

Паэтэса Марыя Бадзей прадстаўляе нізку вершаў «Развяртанне», якія вылучаюцца безліччу яркіх метафар, увасабленняў, эпітэтаў і аксюмаранаў і злучаюцца між сабой так, што паўстаюць у зусім нечаканых значэннях. Творы па-мастацку выразныя і ствараюць такую неверагодную колькасць вобразаў, што, пакуль разбіраешся ў іх, няма часу шукаць сэнс. А ці ёсць ён? І ці патрэбны пры такой цікавай гульні?

Дзмітрый Шулюк з даволі змрочнымі вершамі «Зямля ў скураных шорціках» карыстаецца часцей лексічнымі паўторамі, якія надаюць тону вершаў яшчэ большую ўпэўненасць і катэгарычнасць. Ён поўнасцю пазбавіў сябе абавязку расстаўляць знакі прыпынку, але тут ужо ёсць магчымасць пашукаць ідэі твораў, якія не назавеш ціхмянымі: нейкая асаблівая разгубленасць, неверагодная адлучанасць, разбуральная трывожнасць і балючае ўспрыманне свету напаўняюць вершы Дзмітрыя Шулюка.

Больш традыцыйная па форме і сэнсавым напаўненні падборка Алёны Беланожкі «Ягадны кактэйль». Вобразы ягад і садавіны, створаныя ў вершах, ствараюць пазітыўны настрой і выклікаюць цёплыя згадкі. Кожны з твораў мае свой сюжэт, што прымушае звярнуцца да уласных успамінаў, звязаных з летам і восенню. Яны ў нечым запаралельваюцца з каханнем і адзінотай.

Апавяданні Дар’і Трайдэн, аб’ядананыя назвай «Дзеля яе адной», поўныя асэнсавання рэчаіснасці, з якой вырастае чалавек. Цікавай падаецца наступная цытата: «Выявілася, што існаванне вымагае столькіх высілкаў, і ўсе яны прыніжальныя, дробныя, хцівыя, поўныя зямнога бруду». Гэта зыходны пункт разважанняў і думак гераіні. Часам мы і самі не заўважаем, як становімся празмерна ўпэўнена-дасведчанымі. Творы маладога аўтара гучаць па-сучаснаму, а разважанні гераіні не раздражняюць.

З новымі наробкамі знаёміць Аляксей Кулакоў. Сапраўды, як і адзначана ў характарыстыцы, аўтар — летуценнік. Шукае ў жыцці рамантычнага, дзівоснага, гераічнага. Па сутнасці, аўтар у невялічкіх апавяданнях «Ветразь», «Я памру?», «Птушкі», «Злачынства», «Палоўкі» спрабуе адказаць на вечныя пытанні: што значыць для чалавека каханне? як пачаць цаніць сваё жыццё? як варта ставіцца да сябе?.. Ён прапануе простыя і немудрагелістыя варыянты гэтых пошукаў.

Рубрыка For example прадстаўляе твор Васіля Гігевіча «Востраў», які можна назваць аўтарскім асэнсаваннем гісторыі. У своесаблівай прадмове пад назвай «Артэфакты» аўтар тлумачыць, чаму звярнуўся менавіта да вострава Пасхі. Наведаўшы незвычайнае месца, ён атрымаў расшыфраваныя тэксты ронга-ронга, адмысловую споведзь чалавека з нявызначанага часу, якой надаў мастацкую форму. Спачатку цяжка настроіцца на патрэбны лад, бо чытач трапляе ў зусім іншую рэальнасць: далёкі закрыты свет з яго міфалагічнымі ўяўленнямі, на чале якога, трэба адзначыць, не Бог ці нейкі адмысловы Пантэон, а Першая Баба — яна знайшла ўвасабленне ў скульптуры на востраве Пасхі. У ізаляваным свеце, які з’яўляецца мадэллю гісторыі, існуе толькі два племені, варожыя між сабой. І сутнасць існавання чалавека імкнецца зразумець просты жыхар.

Яўгенія ШЫЦЬКА


У пошуках прызначэння творцы

Здаецца, мэта вераснёўскага нумара «Нёмана» — асэнсаваць, хто такі творца і навошта ён патрэбны. У часы панавання рэлігіі ці ў свеце спажывецкіх адносін, сярод палітычнай разрозненасці і шматлікіх войнаў — хто ён, мастак слова?

Над гэтым перш-наперш разважае Іван Штэйнер у трагедыі «...Між драконам і лютасцю яго». Дзеянне п’есы адбываецца ў манастыры ў дзень смерці Сімяона Полацкага. Дата і месца адзначаны ў самым пачатку, што адразу надае твору асаблівую танальнасць. На працягу дня дзеючыя асобы ў надзвычайных абставінах разважаюць пра сутнасць паэта і магчымасць ствараць і прамаўляць Слова Божае. Да таго ж аўтар уводзіць рознапалярных у меркаваннях герояў — Сільвестра (вучанік і сакратар Сімяона Полацкага, манах, паэт), стральца і афіцэра, паслушніка, іканапісца ды іншых. Твор, даволі складаны для вывучэння звычайным чытачом, адрасуецца аматарам беларускай даўніны і тым, хто цікавіцца прыродай творчасці.

Працягвае тэму існавання творца Уладзімір Арлоў з дакументальнай аповесцю «Магія артыста». Яна можа зацікавіць шырокае кола чытачоў, бо закранае не толькі літаратурнае, але і кінематаграфічнае мастацтва. Аснова аповесці — падзеі, звязаныя з гісторыяй стварэння знакавай для беларускага кінематографа кінастужкі «Уся каралеўская раць». Зняўшы «фільм пра фільм», адзін са стваральнікаў «Раці» Уладзімір Арлоў прадстаўляе і аповесць, поўную аўтарскіх разважанняў і ўспамінаў удзельнікаў: Льва Дурава, Расціслава Янкоўскага, Міхаіла Карпука, Элы Мілавай. Але асноўную ролю ў творы адыграў Міхаіл Казакоў. Дзякуючы творчым і сяброўскім сувязям аўтар аповесці раскрывае постаць знакавага акцёра і рэжысёра, адлюстроўваючы рэчаіснасць, якая акаляла творцу ў савецкі і постсавецкі часы.

Завяршаецца проза нумара апавяданнем «Талука» Ларысы Калужэнінай. Даволі часта сямейныя сувязі падаюцца людзям вельмі трывалымі, нават калі родзічы не сустракаюцца гадамі. Але адно здарэнне можа скрасці гэтую ілюзію. Хвароба і страта старэйшага члена сям’і — бабулі — не яднае дзвюх сясцёр, хоць іх адносіны прыязныя.

Ключавыя катэгорыі нізкі вершаў Міхася Башлакова «І лістота кружыцца залатая» (пераклад Лізаветы Давыдавай) — Бог, Айчына, Паэт. Песімістычна настроены аўтар нібы пытае: што рабіць з амаль пражытым жыццём, ці не бессэнсоўнае яно, куды дзеліся паэты, у чым іх прызначэнне перад радзімай і вышэйшай сілай? М. Башлакоў імкнецца перадаць своеасаблівы восеньскі настрой менавіта праз пакуты, горыч, няўпэўненасць, боль не толькі з-за скончанага лета, але і з-за страчаных гадоў.

Зусім іншы настрой — у Лізаветы Палеес. У надзвычай эмацыянальнай нізцы вершаў «Будзіць, растрывожваць, паліць!» адчуваецца пошук сябе як творцы. Паэтэса бачыць сваю будучыню, імкнецца нешта перамяніць, знайсці падтрымку і адшукаць выйсце. Але, як і папярэдні паэт, яна знаходзіць яго ў найвышэйшым прызначэнні, сцвярджаючы: «Я только перо Твое, Господи!»

Тэматычна адрозніваецца падборка Георгія Вярбіцкага «У тыя дні трывожныя...», бо гэта ўрыўкі з дзвюх паэм пра Вялікую Айчынную вайну, што пройдзена аўтарам. Чытачам «Нёмана» прапанаваны радкі памяці пра мінулае.

Парадавала нізка вершаў Анатоля Грачанікава «Я веру ў тайну абнаўлення» (пераклад Лідзіі Вазісавай), якому ў верасні споўнілася б восемдзесят гадоў. У рубрыцы «Сябрына: паэзія народаў Расіі» прадстаўлены творы Валеры Тургая («За ўсё лёсу дзякую» ў перакладзе Юрыя Шчарбакова), Адама Ахматукаева («Няпростыя шляхі» ў перакладзе Юрыя Шчарбакова), Рымы Ханінавай («Алтар вечнасці») і Зульфіі Хананавай («Жанчына-з-каменя» ў перакладзе Святланы Чураевай і Сяргея Янакі).

Яўгенія ШЫЦЬКА


Сэрца дзеяслоў рахманы

Час спыніцца і азірнуцца на пройдзены шлях, падсумаваць тое, што ўдалося, зрабіць высновы з перажытага... Гэта восень. Пранізлівая, шчымлівая, але светлая і зіхоткая, як пазалочаны сонцам бяздонны блакіт паміж залатога голля... Аўтары, якія выступілі з паэзіяй на старонках вераснёўскага полымя, настальгуюць. Лірыка Віктара Гардзея, чыя падборка «Разгуляйся, вецер!» адкрывае нумар, не азмрочвае — хоць і ёсць у ёй матывы тугі і шкадавання аб тым, чаго не вернеш, — настройвае на рамантычную хвалю і стварае ўзнёслы настрой. Мова ў паэта вельмі каларытная, гучыць нязмушана — пазнаецца сапраўдны майстар. Ён выкарыстоўвае словы, якія цяпер ужываюцца рэдка, але ствараюць адметны вясковы антураж: «...траста выбельвалася ўранкі... жніўня надта сядравай расой», «выткуць... трапкачы». Значэнне іншых слоў — «глівеў», «залаб», «загомталі», «цурыць», «нягаджай» — не ўдалося адшукаць у слоўніку, хаця з кантэксту яны зразумелыя.

Прызнаецца ў любові да бацькоўскай хаты, да малой радзімы — роднай вёскі Заброддзе — Міхась Пазнякоў. А створаны ім вобраз у паэтычнай нізцы «Соль жыцця» тыповы не толькі для яго мясціны маленства — дзе заўгодна можна дзівіцца, як «Ноч наплывае вялізнаю птушкай з лясоў. / Поўня выходзіць, як тлустая кошка, з каморкі. / Следам за ёю хтось рупны і светлы пайшоў / Хутка запальваць у небе святочныя зоркі».

Арыгінальныя вобразы здолела стварыць Таццяна Лашук у невялічкай падборцы «Дзеяслоў сэрца». Кранае «несапсутасцю» адчування, шчырасцю, чысцінёй прызнанне: «А сэрца дзеяслоў рахманы / Баіцца гучных галасоў».

З творчасцю нямецкага паэта-рамантыка Адэльберта Фон Шаміса (1781—1838) і сучаснай балгарскай паэтэсы Паўліны Паўлавай знаёміць рубрыка «Галасы свету». Нямецкія народныя паданні перастварыў па-беларуску Андрэй Касцюкевіч, а падборку вершаў з балгарскай мовы пераклала Бажэна Мацюк.

Проза, прадстаўленая ў нумары, не вызначаецца навізной тэматыкі. Адвечныя, невычэрпныя тэмы, цікавыя заўжды і ўсім — чалавечыя стасункі. Аповесць Зінаіды Дудзюк «Два жыцці знахаркі» — летапіс звычайнай беларускай сям’і з яшчэ даваенных часоў. Алесь Ветах у апавяданні «Мюзікл» даследуе няпростыя дачынні ў тэатральным калектыве: здавалася б, людзі творчых прафесій за кошт сваёй далучанасці да чагосьці боскага павінны быць вышэйшыя за звычайныя звадкі і плёткі. Дзе ж там!.. Як гавораць, «нішто чалавечае чалавеку не чужое»... Гэта слушна і для герояў астатніх празаічных твораў — А. Ветаха «Залатоўка» і апавядання Віктара Кунцэвіча «Калі хочаш, каб шанавалі».

Літаратуразнаўчыя артыкулы Таісы Грамадчанкі, Казіміра Камейшы, Алы Сакалоўскай не адкрываюць Амерыкі, не робяць сенсацыі, але дадаюць адметныя псіхалагічныя рысачкі ў партрэты Барыса Мікуліча, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Караткевіча. Шаржы У. Караткевіча з прыватнага збору А. Сакалоўскай на старонках часопіса публікуюцца ўпершыню. Заслугоўвае ўвагі і літаратурнае падарожжа ў Нью-Ёрк, «здзейсненае» маладым даследчыкам Ігарам Аўласенкам разам з Піменам Панчанкам.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».