Вы тут

Ягадны кактэйль


ЧАРНІЦЫ З ПАНЯМОННЯ

Неба — зорны чарнічнік. Не хочацца спаць.

«Ці працуе апоўначы пошта?»

Я шукаю нагоду табе напісаць,

Што цябе не люблю…

А навошта?

 

Я не ўмею чакаць. Я не ўмею маніць.

Я абмыла слязьмі сем падушак.

Перасолены месяц над дахам звініць.

Выліваецца мора з ракушак

 

І сцякае на вусны салёнай слязой,

І змывае з паперы чарніла…

Я збіраю чарніцы прыручаных зор —

Чарнаморскіх…

Не, я не забыла,

 

Што такое — з тарфянікаў ліпеньскі дым,

Што такое — зубры і Пагоня…

І калі ты раптоўна прыедзеш у Крым —

Прывязі мне чарніц з Панямоння!

 

Буду прагна іх есці на ўскрайку зямлі,

Цалаваць цябе

Чорнымі вуснамі…

 

Тут не знойдзеш чарніцы.

Мы — бач ты! — знайшлі!

Застанемся заўжды — беларусамі!

 

БАРБАРЫС

Сонная нябесная прастора

Хмарамі высоткі абняла.

Лета асыпаецца на горад

Жоўтымі аскепкамі цяпла.

 

Юны жораў адкрывае візу:

Хутка за мяжу! А на мяжы —

Пацеркі рабін і барбарысу

У халоднай восеньскай імжы.

 

Ты гуляеш па апалым леце,

З парку выбягаеш на праспект,

І паштоўка ў тоненькім канверце

Грэе рукі, нібы агняцвет.

 

На паштоўцы — сонца залатое

Запрашае ў казачны ваяж!

Тае сэрца ўлёт, а за шчакою

Тае барбарысавы лядзяш...

 

Мне б ізноў прайсціся днём асеннім

За сабой, па сцежках, след у след —

Там, дзе віншаванка з нараджэннем

Здольная сагрэць увесь Сусвет,

 

Дзе душа гарачая, як прысак,

І дажджом яе не астудзіць...

А на вуснах прысмак барбарысак —

Пацалунак верасня —

Гарыць.

 

ПАРЭЧКІ

У садочку

Каля рэчкі

Дужа смачныя парэчкі:

Чырванеюць, як агонь,

Самі просяцца ў далонь!

 

Сядзе сонца,

Прыйдзе ночка,

Дабяруся да садочка

Па высокім беражку,

Працягну за плот руку…

 

Гаспадар за мной цікуе,

Ягады свае пільнуе.

За руку мяне

Узяў

І да плота прывязаў!

 

Гаспадарык, чалавечак,

Не шкадуй сваіх парэчак:

Я ж не многа іх вазьму,

Толькі гроначку адну!

 

Ты не лайся, не сварыся,

Ідзі ў дом

І спаць кладзіся.

Я нікому не скажу,

Куды па ягады

Хаджу.

 

ЯБЛЫЧНЫ СПАС

Ззяюць нябёсы — блакіту выток,

Сноў залатое раздолле.

Жнівень здымае з аблокаў сярпок,

Жнівень спяшаецца ў поле.

 

Па–над абсягамі выспелых ніў

Ноч разгарнула крылле.

Коціцца поўня — белы наліў —

Плаўна

Па небасхіле.

 

Мяккі туман — нібы палас.

Сыплецца зарапад.

Раніцай прыйдзе на вёску Спас,

Зойдзе ў дзядулеў сад.

 

Мы госця не ўбачым — будзем спаць.

Скажа дзядуля: «Ну-тка!

Дзеці, бяжыце яблыкі рваць!», —

Зацягнецца самакруткай.

 

І мы пабяжым басанож, па траве,

Каб яблычак першым куснуць!

Суседзі — свае асвяцяць у царкве.

А нашы — святыя растуць!

 

Штрыфель, малінаўка, белы наліў —

Сок, пірагі і варэнне!

Кожнаму ўнуку дзед падарыў

Яблыньку ў дзень нараджэння

 

І паўтараў, вучыў кацянят,

Пакуль мы раслі і сталелі:

«Не забывайце, рабяткі, сад,

Каб яблыні не здзічэлі!

 

Не лётайце з ветрам. Свая зямля

Вялікую моц дае.

Трымайцеся побач, бо вы — сям’я,

З яблынькі аднае.»

 

Дзядулі няма. Гады ідуць,

Вярнуцца назад не ўмеюць.

А яблыні кожны год цвітуць,

І яблыкі спраўна спеюць.

 

Сонечны жнівень пакліча нас,

І мы — як адзін, гарадскія —

Прыедзем у вёску на Яблычны Спас

Па яблыкі наліўныя.

 

Сядзем за стол, як малыя — п’ём:

Чай, малако, цукерка.

Пахне дагэтуль яшчэ тытунём

Дзядулева табакерка.

 

Між намі, як водзіцца, мір і лад —

Пайшла на карысць навука.

Дзякуй, дзядуля, табе за сад,

Што ты гадаваў для ўнукаў!

 

АЖЫНА

Дзе ракіта моліцца,

Неба з рэчкі п’е,

Дзе ажыннік колецца,

Ягад не дае,

 

Ветру ціхі подых

Травы калыхне…

На руках пяшчотных

Ты нясеш мяне.

 

А вакол сцяжыны —

Пачакай, зірні! —

Чорныя ажыны,

Белыя агні.

 

Светлячок гуляе

Па тваім брыве,

Ліпень спачывае

У густой траве.

 

Расцвітаюць зоркі.

Хочацца ажын.

Ты бяры, ды толькі

Рукі беражы!

 

Знічкі нам дарыла

Зорнае суквецце.

Я цябе згубіла

Там, у спелым леце,

 

Хуткае каханне

Выпіла да дна

І пайшла світаннем

У жыццё

Адна.

 

Сны твае і мроі

Я ўзяла ў залог.

Гнаўся ты за мною,

А дагнаць не змог.

 

Праклінаеш восень

Ды шукаеш знак,

Як жа адбылося,

Як жа выйшла так,

 

Што прываражыла

Ягадка з куста…

Чорная ажына —

Боль і смаката.

 

МАЛІНАВЫ ЧАЙ

Прыйшоў лістапад.

Імжа, слата

І шэрань паўсюль — вядома!

Дзяўчынка прабеглася без занта.

Дзяўчынка хварэе дома.

 

Прыходзіў урач, напісаў рэцэпт:

Таблеткі, насоўкі, грэлка.

Малінавы чай.

Малінавы плед.

Вінілавая кружэлка.

 

Куды яна бегала пад дажджом,

Пра гэта не скажа маме.

Малінавы чай.

Фотаальбом.

Малюначкі ў Інстаграме.

 

Каму яна піша ўсю ноч радкі,

Для цэлага свету — тайна…

Восень паслабіць свае ціскі,

І ўсё будзе — незвычайна!

 

Прастуда адступіць —

Ці ў першы раз!

Дождж

Вымые эстакады.

Застыне на тратуарах гразь.

Адсыплюцца снегапады,

 

І прымецца зноўку вясна

Цвісці,

Вясёлкавы май настане,

І сонца пакажа, куды ісці,

Калі пазаве каханне!

 

Раскрые абдымкі вялікі свет,

Яваю стануць мары!

…Малінавы чай.

Малінавы плед.

Ружовыя акуляры.

Алёна БЕЛАНОЖКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».