Вы тут

Рэальны рост пенсій сёлета складзе каля 8 %


Пра гэта журналістам заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках нарады з кіраўніком дзяржавы.


Ён расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам праінфармаваў яго аб выніках работы эканомікі за тры кварталы бягучага года. Па выніках верасня, эканамічны рост, які ёсць у краіне сёлета, стабілізаваўся на ўзроўні 3,7 %. Акрамя таго, усе сем ключавых паказчыкаў дзейнасці урадам выкананы. Інфляцыя знаходзіцца ў межах гадавога параметра, нягледзячы на "ўсплёск", які адбыўся ў жніўні. Індэкс спажывецкіх цэн павялічыўся на 3,7 % і, па разліках ўрада, і па выніках 2018 года не выйдзе за межы 6 %.

Таксама Сяргей Румас нагадаў, што ўрад скончыў работу над праграмай дзейнасці, аднак перад унясеннем яе ў парламент спатрэбілася ўдакладніць ў кіраўніка дзяржавы асобныя яе аспекты. Як ужо адзначаў беларускі лідар, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2016—2020 гады, а таксама шэраг яго даручэнняў, абвешчаных у яго пасланні ў красавіку бягучага года, павінны быць выкананыя.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, усе гэтыя задачы ўлічаны, згаданы дакумент перафарматаваны ў іншым выглядзе. Кожны з 20 раздзелаў вызначае мэту і задачы, механізмы іх выканання, індыкатыўныя параметры, якія будуць з'яўляцца сведчаннем выканання або невыканання гэтых задач. За кожным з раздзелаў праграмы замацаваны кіраўнікі ўрада, ключавыя міністры. "Гэты дакумент пасля нязначных дапрацовак будзе ўнесены ў парламент ва ўстаноўлены тэрмін", — дадаў ён.

Выказаўся Сяргей Румас і з нагоды заробкаў. "Мы разлічваем, што, калі з'явяцца даныя верасня, у краіне сярэдні заробак выйдзе на тысячу рублёў, — і гэты паказчык павінен захавацца да канца 2018 года. Налета кіраўнік дзяржавы даручыў ураду зрабіць асноўны ўпор на асоб, якія атрымліваюць невысокую заработную плату, і ўрад рыхтуе сёння пералік мер для таго, каб заробак у нізкааплатных слаёў насельніцтва рос больш высокімі тэмпамі", — сказаў кіраўнік урада.

Ён таксама дадаў, што такі рост заработнай платы не дазволіў ураду ўтрымаць суадносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняй заработнай платы на ўзроўні 40 %. Па стане на 1 жніўня гэты паказчык роўны 36,2 %. "Сёння кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову ўрада і даручыў унесці пакет дакументаў па яшчэ адным (трэцім на працягу гэтага года) павышэнні пенсій у сярэднім на 5,3 %. Такім чынам, з улікам гэтага павышэння, рэальны рост пенсій сёлета складзе каля 8 %", — адзначыў Сяргей Румас.

Такім чынам, з 1 лістапада пенсіянеры атрымаюць пяціпрацэнтную прыбаўку да пенсіі.

Што датычыцца 2019 года, то тут Прэзідэнт даручыў, каб суадносіны ў 40 % сярэдняй пенсіі да сярэдняй зарплаты былі адноўлены і іх выкананне было адным з ключавых паказчыкаў у рабоце ўрада.

Таксама прэм'ер-міністр расказаў, што сёлета мы застанёмся ў калідоры па пазначанай інфляцыі да 6 %. На наступны год у прагнозных дакументах — зніжэнне інфляцыі да 5 %. На яго думку, сёння адсутнічаюць негатыўныя фактары, якія б казалі пра тое, што паказчыкі інфляцыі не будуць выкананыя.

Імпартазамяшчэнне. Па гэтым кірунку Сяргей Румас заявіў, што сёння ў кожным міністэрстве ёсць даручэнне аб уважлівым аналізе імпарту, які закупляе наша краіна. Гэта робіцца для таго, каб арганізаваць пры адпаведных аб'ёмах вытворчасць такіх тавараў у Беларусі. Дарэчы, Орша — прыклад таго, як на практыцы гэтыя даручэнні будуць выконвацца. У гэтым горадзе ёсць некалькі буйных заводаў, якія маюць залішнія плошчы — яны ж могуць стаць пляцоўкамі для размяшчэння імпартазамяшчальных вытворчасцяў, у прыватнасці, для айчыннага аўтамабілебудавання.

Пасярэдніцтва. Ці можна адмовіцца ад яго ва ўсіх сферах? І ці трэба? Як дзейнічаць, можа, чагосьці не хапае ў заканадаўчай сферы? У адказ на гэтыя пытанні прэм'ер-міністр адзначыў, што ні ў адным з даручэнняў няма поўнай забароны на пасярэдніцтва, паколькі ў некаторых сферах яно проста неабходна. Узяць тыя ж прадуктовыя крамы: не пойдуць жа людзі купляць кожны тавар напрамую да вытворцы. Такім чынам, у некаторых абласцях пасярэдніцтва — неабходны элемент, ад яго не ўцячы.

Аднак, дадаў ён, выяўляецца шмат фактаў, калі тавар прадаецца, праходзячы праз некалькі рук — і на кожным звяне гэтага ланцужка адбываецца павелічэнне кошту. Сяргей Румас растлумачыў пазіцыю кіраўніка дзяржавы: калі Прэзідэнт кажа аб выкараненні пасярэдніцтва, ён у першую чаргу мае на ўвазе вось такія прыклады, якія прыводзяць да неканкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, незаконнага ўзбагачэння прадпрымальнікаў.

Па гэтай тэме ва ўрадзе ёсць тры даручэнні беларускага лідара, на сённяшні дзень ужо праведзена вялікая работа па выбудоўванні аптымальных, з пункту гледжання эканамічнага сэнсу, спосабаў продажаў як беларускай прадукцыі, так і імпартнай. На думку прэм'ер-міністра, гэта пытанне павінна знаходзіцца на пастаянным кантролі, таму што прадпрымальнікі здольныя выдумляць усе новыя і новыя схемы, якія не заўсёды могуць быць добрыя для нашых вытворцаў. На вяршыні павінна стаяць эканамічная мэтазгоднасць, перакананы кіраўнік урада.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.