Вы тут

Суперфасфат — важнае і патрэбнае ўгнаенне


Асноўны кампанент гэтага ўгнаення — аксід фосфару, прычым у вадарастваральнай форме. Не менш важна, што гэтае ўгнаенне мае працяглы тэрмін дзеяння. Гэта як зерне ў курачкі ў кармушцы — яна яго дзяўбе колькі трэба, а яно ўвесь час падсыпаецца. Гэтая фосфарная «кармушка» можа працаваць некалькі гадоў, пакуль запасы не скончацца. Дасведчаныя садоўнікі ведаюць, калі яна канчаецца, і ўносяць новыя дозы.


Пачаткоўцы таксама могуць вылічыць гэты момант: лісце становіцца цёмна-зялёнае ці нават сіняе, на раслінах з'яўляецца ржавае адценне... Некаторыя расліны, напрыклад, памідоры, становяцца фіялетавыя. Не блытайце гэта з дзеяннем халоднага надвор'я: калі тэмпература падвысіцца, расліны набываюць нармальную афарбоўку. Калі гэтага не здарылася, выкарыстоўвайце суперфасфат.

Суперфасфат выкарыстоўваюць на любых глебах. Ён не замацоўваецца ў глебе і расліны атрымліваюць яго ў поўным аб'ёме.

Пры моцным недахопе фосфару лепш выкарыстоўваць больш дарагія растваральныя монафасфат калію і натрыю. Просты суперфасфат уносяць у глебу вясной ці восенню ў колькасці 50—70 г на 1 м2.

Нормы ўнясення:

— Пры пасадцы дрэў на дно пасадачнай ямы ўносяць да 200—500 г суперфасфату на кожную яму.

— У цяпліцах уносяць 70—90 г у спалучэнні з калійнымі і азотнымі ўгнаеннямі, пад перакопку.

Звычайна просты суперфасфат ужываюць з азотнымі ўгнаеннямі. Двайны і грануляваны — разам з калійнымі ўгнаеннямі.

А вось разам з аміячнай салетрай, мелам і мачавінай іх выкарыстоўваць нельга. Паміж іх унясеннем трэба вытрымаць хоць бы тыдзень.

Суперфасфат бывае:

  • Просты (монафасфат). Шэры парашок, які не злежваецца. Змяшчае да 20 % фосфару. У параўнанні з новымі відамі мае меншую эфектыўнасць, але карыстаецца попытам да гэтага часу.
  • Грануляваны. Вырабляюць з простага. Колькасць фосфару павялічана да 50 %. Вельмі каштоўная падкормка для любых раслін, асабліва крыжакветных.
  • Двайны. Добра раствараецца ў вадзе, мае мала баласных рэчываў, што робіць яго куплю выгаднай.
  • Аманізаваны. Змяшчае, акрамя фосфару, 12 % серы і 40—55 % сульфату калію.
  • Ёсць яшчэ магнезаваны, борны і малібдэнавы суперфасфаты, якія забяспечваюць расліны не толькі фосфарам, але і рознымі мікраэлементамі.

Ужываць суперфасфат можна і для падкормак, але раствараць яго трэба гарачай вадой. Пасля чаго раствор настояць суткі і размяшаць. Толькі тады ў яго пяройдзе ўвесь аксід фосфару.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?