Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


«Пячкур» для халяўшчыка

У садова-агародным таварыстве, як расказваў мой знаёмы Аляксандр Мікалаевіч, фазэнда якога знаходзіцца там жа, ёсць мужычок, у якога нюх не горшы, чым у нямецкай аўчаркі. Варта толькі каму-небудзь з дачнікаў прымасціцца за сталом, каб з пляшкай-другой адзначыць дзень нараджэння ці нейкую іншую ўрачыстасць, як Сямён тут як тут. Не проста так, а па неадкладнай справе. То запалкі яму да зарэзу патрэбны якраз у гэты момант, то батарэйку для гадзінніка, што спыніўся, папросіць, то, аказваецца, жонка некуды выйшла з хаты, дык «ці не ў вас яна?».

Ну як у такіх выпадках быць гаспадарам? Парушаць няпісаны закон (пачаставаць госця ста грамамі) непрыгожа. Каб не пакрыўдзіць яго і каб потым не пайшла гуляць пагалоска: Аўчарэнкі (Зайцавы, Бурыкіны і г. д.) — жмінды. Іншая рэч, калі візіцёр далікатна адмовіцца: прабачце, не ўжываю (прымаю таблеткі, вельмі спяшаюся, гарбата выкіпець можа і г. д.).

Але Сямён Сямёнавіч не такі. Не ў яго характары адмаўляцца. Тым самым ён засведчвае (ну што тут незразумелага?) па-першае, што ён паважае гаспадароў. І па-другое, што ён у іх таксама ў пашане. Дык вось, кульне чарку Сямёнавіч, пахрумсціць агурочкам і замест таго, каб сказаць дзякуй суседзям і зачыніць за сабой дзверы, пачынае клапатліва цікавіцца ў гаспадыні, як здароўечка яе маці, а ў гаспадара, што чуваць пра сына Пятра, які працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце.

Пытанні могуць быць як на канкрэтную, так і адвольную тэму. Напрыклад, да якога часу сусветная грамадскасць будзе цярпець палітычныя і эканамічныя выбрыкі амерыканскага прэзідэнта і прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі. Або як трэба ставіцца да сцвярджэння вернікаў аб тым, што чалавека на нябёсах чакае другое жыццё...

Госць і далей гатовы быў дэманстраваць эрудыцыю, калі б гаспадар сваім выглядам не даваў яму зразумець, што трэба ўжо завязаць язык і што гэта тэма не для сённяшняга застолля, з чым той моўчкі пагаджаўся, зрабіўшы істотную папраўку-намёк: без бутэлькі тут ну ніяк не разбярэшся. За што ўзнагароджваўся другой чаркай.

— Як кажуць у народзе, — апавядаў мой знаёмы, — не дорага піва, а дорага дзіва. Той гарэлкі, што налівалі Сямёну ў час яго візітаў, не шкада. А дзіва ў тым, што ён сам ніколі на дачы нікога не пачаставаў. Больш за тое, калі хто-небудзь прасіў гэтага адшчапенца дапамагчы пацягаць плужок на сотках ці абрэзаць сад і г. д.: у яго раптоўна забаліць жывот ці схопіць сэрца. А калі заканчваліся работы, гэты момант Сямён Сямёнавіч не прапускаў.

Мужыкі-дачнікі вырашылі халяўшчыка правучыць. Ініцыятыва належала Аляксандру Мікалаевічу, і заключалася яна ў наступным. Ён як бы выпадкова сустрэне Сямёна Сямёнавіча і скажа, што ідзе ў адведкі да дзядулі Івана Пятровіча, які захварэў. Калі той хоча скласці яму кампанію, дык калі ласка. Гарантыя на ўсе сто, што пляшка будзе абавязкова. Самому дзядулю выпіваць забаронена, а ён, Аляксандр Мікалаевіч, адзін яе не адолее.

Навіну гэтую Сямён Сямёнавіч праглынуў, як шчупак печкура, што боўтаўся на жыўцоўцы, і такім чынам трапіў на кручок. Калі мужыкі прыйшлі да Пятровіча і правялі за гутаркай хвілін дзесяць-пятнаццаць, каля дома спыніўся МАЗ з прычэпам і вываліў кубаметраў шэсць ці сем бярозавых і альховых аполкаў. Вадзіцель яго сказаў Пятровічу, што заказаныя на ўчарашні дзень дровы давялося прывезці сёння з-за паломкі машыны. Тут жа да Пятровіча з'явіўся старшыня кааператыва і папярэдзіў яго, каб дровы былі ўбраны неадкладна, бо вуліца аказалася загрувашчанай імі, а заўтра на праверку прыязджаюць пажарнікі. Штраф улепяць такі, што ого-го!

Нявыкрутка, адным словам. І яе трэба было разрульваць Аляксандру Мікалаевічу, які загадзя ведаў, што да чаго, і Сямёну Сямёнавічу. Бо Іван Пятровіч — хворы і кашляе, як у бочку, старшыні кааператыва — за восемдзесят гадоў — які з яго работнік? А іншых памочнікаў было не знайсці.

Да самых прыцемкаў цягалі мужыкі гэтыя тоўстыя і цяжкія аполкі і складвалі іх у двары. Сямён Сямёнавіч і рады быў бы сачкануць і гэтым разам, ды не ўдалося. Спрабаваў ён падгаварыць напарніка на тое, каб адразу для настрою прамачыць горла спіртным, а той у адказ: якімі ж мы тады будзем работнікамі? З ног звалімся... Так што бутэлька тая дачакалася вечара, калі мужыкі яе і «раздавілі». Па дарозе на свае фазэнды адзін з іх зацята маўчаў, а другі думаў пра чалавека, які гэтым разам па волі лёсу халяўшчыкам не аказаўся. А яшчэ пра тое, якога б «печкура» падкінуць яму ў найбліжэйшы час...


Будзьце здаровыя!

30 верасня. Нядзеля. Пачатак сямнаццатай гадзіны. Па берагах Сожа, як і зранку, шчодра рассыпаюцца промні зіхатлівага сонца, а градус іхняга цяпла панізіўся на дзве-тры адзінкі. Апошняе ніколькі не засмучае гамяльчан, якія вырашылі выйсці ў зарэчную зону на прагулку. Дзве-тры пары пажылых людзей, асядлаўшы скамейкі, з цікавасцю назіраюць за чародкай дзікіх качак, якія то корпаюцца ў воднай расліннасці, то смела вылазяць на бераг і нешта адшукваюць у траве.

Некалькі хлапчукоў ганяюць па пяску мяч, агалошваючы наваколле вясёлым смехам. Нейкія тры мужыкі разлегліся пад высокай вярбой і ў кампаніі з пляшкай спрачаюцца, хто выйдзе пераможцам у футбольным паядынку БАТЭ — мінскае «Дынама». Непадалёку ад іх — гурток маладых хлопцаў і дзяўчат. Усе дружна смокчуць з бутэлек піва і закусваюць яго папяросным ці цыгарэтным дымком. А вось і два рыбакі, якія правяраюць донкі. Аднаму з іх пашанцавала: выцягнуў ладнага падлешчыка.

Кожны з гэтых людзей, як кажуць, бавіць свой час і аздараўляецца па-рознаму. Але ўвагу ўсіх іх прыцягвае мужык, што кроіць Сож рукамі: то батэрфляем, то на спіне. Паўсотні метраў супраць
цячэння, паўсотні — па ім. На бераг выходзіць з пачырванелым целам і тут жа пускае ў ход жорсткі ручнік. Да яго падлятае юнак з таго піўнога гурту:

— Холадна, дзядзька? — пытае.

— Холадна, але вельмі карысна. Раю і табе пачаць загартоўку. Дзякуй потым скажаш.

Хлопец апускае руку ў ваду і зморшчваецца:

— Не, гэта не для мяне.

А я ў думках вітаю свайго земляка, сябра і калегу па журналістыцы, паэта Міхася Болсуна. Больш за тое, ганаруся ім. Бо перад гэтым першым пасля двухтыднёвага знаходжання ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны заплыве ён да сцюдзёнай вады, можна сказаць, прывыкаў па-новаму. Бо там, у цэнтры, маржаваць табе ніхто не дазволіць. А перапынак у халодным купанні далёка не кожнага можа зноў паклікаць да вады.

Гэта я добра ведаю па сабе, бо цэлых шаснаццаць гадоў маржаваў. Пачаў пры любым надвор'і купацца круглы год, калі працаваў у «Гомельскай праўдзе», і працягваў гэты занятак, калі мяне прынялі ў «Звязду». Добра памятаю, як гэта было.

На нейкай вечарыне ва ўпраўленні бытавога абслугоўвання насельніцтва Гомельскага аблвыканкама, дзе ў той час працавала мая жонка, мяне пазнаёмілі з бухгалтарам Хавіным (імя яго, на жаль, забыў), сказаўшы: гэта — морж. Зірнуў я на яго і, прабачце, з'едліва неяк падумаў: не морж, а ёрш (бо худзюк той цягнуў па вазе пуды на тры, ні больш). Пасля, месяцы праз два, свае погляды на яго я змяніў. Бо, прагульваючыся па парку і падышоўшы да палонкі, у якую пачалі заходзіць маржы, пабачыў, што Хавін сваім доўгім плёсканнем там «павыганяў» з яе ўсіх.

У той кампаніі «маржоў» спачатку я адчуваў сябе не вельмі ўтульна. Бо ўсё адзін і адзін ідзеш на рэчку і адтуль. Весялей было б удваіх, напрыклад, ці ўтраіх. Таму стаў прыкідваць, каго б сагітаваць. Выбар прыйшоўся на старэйшага за мяне на сем гадоў Валянціна Громава, з якім раней працаваў у 37-й гомельскай школе і сябраваў. Прапанаваў яму ранішнюю са мной фіззарадку і 2-3-кіламетровыя прабежкі за ракой з абавязковым абціраннем вадой грудзей і падпах. Справа была ў кастрычніку, а пятага снежня (добра памятаю, што гэта быў дзень Канстытуцыі), калі арганізм Валянціна быў ужо гатовы да «подзвігу», я ўгаварыў яго залезці ў палонку. І што ж? Усё атрымалася выдатна: ніякая прастуда яго не ўзяла ні тады, ні пасля.

На дзень-два наведваючыся да маці ў Чачэрск, пры зручным выпадку купаўся зімой ці ў Сожы, ці ў Чачоры, якая працякала метраў за трыста ад нашага дома. А калі гэта не атрымлівалася з нейкай прычыны, хвілін дзесяць у адных плаўках і басанож хадзіў на агародзе па снезе, а потым, перад заходам у хату, абліваў сябе з галавы да ног двума вёдрамі вады. Суседзі войкалі, лічылі мяне дзіваком, а Кірылаўна толькі божкала ды ўгаворвала кінуць «дурное».

Кажуць, усяму ёсць пачатак і канец. Зімовым маржаваннем я не займаюся ўжо некалькі гадоў, а зараз пасля замены тазасцегнавога сустава (так раілі ўрачы) сцюдзёнай вады наогул асцерагаюся. Затое рады, што мой малодшы брат Васіль (лічу, па маім прыкладзе) загартоўвае холадам свой арганізм. І рады за Міхася Болсуна, які раней іншым разам суправаджаў мяне ў халодныя восеньскія ці вясновыя дні на Сожскі заліў, дзе я купаўся. Скажу па праўдзе: зайздрошчу ім...


Блін

Наўскасяк ад нашай хаты пасля вайны жыла сям'я з вулічным прозвішчам Батракі, хоць у пашпартных даных і метрыках яно было запісана зусім інакш. Ды гэта не толькі ў названай сям'і, а шмат яшчэ ў якіх. Напрыклад, Пернікавы былі Кудлавымі і Бушкамі, Рыкуновы — Чайнікавымі і Давыдавымі, Дзяржаўскія — Пылькамі, Сініцыны — Жарабцовымі, Буланавы — Луткамі і г. д. Такая вось была мясцовая завядзёнка, якая нікога не крыўдзіла, нікога не абражала. У тым ліку і Батракоў, якія больш запомніліся мне (ды і не толькі мне) іншай адметнасцю. А калі дакладней, дык тым, што ўсе чамусьці называлі іх памяншальна-ласкальнымі імёнамі. Высокага і худога, як жэрдка, галаву сям'і — Паўлушам, нізенькую (ледзь да пляча яму дацягвалася) яго палавінку — Насцечкай, сыноў і дочак — Ваняшам, Сяргейкам, Натулькай, Нінулькай, Шурыкам (астатніх — меншых — ужо не памятаю як).

Сямейка, як бачна, што трэба была па колькасці едакоў. І Паўлуша петаўся ў калгаснай паляводчай брыгадзе ад ранку да вечара, Насцечка займалася дамашнімі справамі, глядзела за дзіцячай плоймай і таксама зарабляла працадні-палачкі, якімі голад не прагоніш. Трохі выручаў агарод ды таптуха, з якой Паўлуша прыцемкам выходзіў на сожскія плёсы і затокі. А таксама шчаўе, якое густа расло на лузе, і качыныя яйкі, што дзіцячая чарада адшуквала там жа ў лазняку.

Я сябраваў з Ваняшам і Сяргейкам. Першы быў старэйшы за мяне на год, а другі на столькі ж маладзейшы. Разам гулялі ў цуркі, сцяжкі, крэглі, разам ганялі ашмётак-мяч, змайстраваны з рознага рыззя. Разам пасвілі ў Мяшчанскім лесе: я — карову, яны па чарзе — казу. Апошняе сведчыла аб тым, што наша сям'я не была такой беднай, як Батракі. Таму, напэўна, што бацька, хоць і атрымаў інваліднасць на вайне, але адрозніваўся ад хваравітага Паўлушы (той не ваяваў) большай гаспадарлівасцю і здароўем.

Сябраваў я таксама з Мішкам, Грышкам, Жэнькам і Шуркам (прозвішчы называць не буду). Іхнія бацькі з фронту, на жаль, не вярнуліся, і хлопцы даволі часта наведваліся да нас, дарэчы, як і я да іх. Шмат памятаю выпадкаў, калі ім, 13—14-гадовым, бацька даваў парады, нечым нават дапамагаў іхнім сем'ям, і таму хлопцы хінуліся да яго! Крый божа, каб хто-небудзь з іх з нашага двара вынес нешта без дазволу. Але вось аднойчы...

Была нядзеля. У гэты дзень мая маці пякла бліны і стосікам складвала іх на лаўцы, паліваючы зверху гарачым тлушчам. І тут да нас завітаў Сяргейка з просьбай на гадзіну-дзве пазычыць бязмен, які спатрэбіўся яго бацьку. Кірылаўна накіравалася ў сенцы за ім, а Сяргейка, крутнуўшыся каля стосіка, пакрочыў за ёй. Толькі ўзяў ён курс дадому, як насустрач мой бацька. Спыніў яго, пачаў распытваць, як ідуць школьныя справы, чаму даўно не відаць Паўлушы і г. д. Хвіліны праз тры-чатыры Сяргейка занерваваўся, пачаў перабіраць нагамі, падскокваць, а потым сарваў з сябе картуз. І тут... на яго галаве «намаляваўся» блін, які выпускаў з сябе парок. Сяргейка тут жа рвануў з месца, а Андрэевіч зайшоў у хату і, усё расказаўшы Кірылаўне, прамовіў:

— Сёння, Таццяна, абыдземся без бліноў. Пачастуем імі Батракоў. Ты не супраць?

Мая маці была не супраць. Бацька асабіста занёс іх суседзям, сказаўшы, што прыйшоў да Паўлушы ў адведкі. Пра тое ж, што здарылася, ні слова. А ў далейшым і папрокаў Сяргейку, з якім я па-ранейшаму сябраваў, не было. Праўда, ён доўга да нас не заходзіў, саромеўся, відаць, сваёй правіннасці і ўсё ж асмеліўся папрасіць прабачэння ў маіх бацькі і маці. Усе было б шыта-крыта, калі б не мая прамашка. Аб праступку Сяргейкі я, дурань, даверліва расказаў Мішку. А ад таго — панеслася-паляцела. І ў выніку да Сяргейкі навек прыклеілася мянушка — Блін...

Уладзімір Пернікаў

Загаловак у газеце: Усе мы такія розныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».