Вы тут

Этнаграфія: крок ад суполкі прыхільнікаў да індустрыі


У апошнія гады захапленне традыцыйнай культурай у беларускім грамадстве можна назваць калі не ўсеагульнай модай, то папулярным трэндам. Фальклорныя фестывалі і канцэрты рознага кшталту збіраюць усё больш гледачоў, выдаецца больш і больш музычных дыскаў (у тым ліку з падтрымкай насельніцтва), папулярнымі становяцца танцавальныя і спеўныя клубы-гурткі для моладзі і школьнікаў. Такая тэндэнцыя не можа не радаваць.


На партале ethno.by можна бясконца вывучаць геаграфію Беларусі з дапамогай інтэрактыўных карт, дзе па кожнай з лакацый ці рэгіёнаў пазначаецца колькасць публікацый у СМІ, згадваюцца калектывы выканаўцаў і персаналіі (са спасылкамі на адпаведныя раздзелы сайта).

Але калі зірнуць з іншага боку, то недахоп досведу, адукацыі, звестак, наяўнасць растыражаваных памылковых тэорый могуць зрабіць працу па кансалідацыі супольнасці не тое што марнай, а нават шкоднай для захавання нашай культуры ў цэлым. Сёння распавядзём пра новыя праекты, ініцыяваныя Студэнцкім этнаграфічным таварыствам, якія скіраваныя якраз на тое, каб разрозненыя купкі аматараў аб’яднаць у супольнасць, а адукацыю ў галіне традыцыйнай культуры зрабіць больш якаснай і даступнай... з любога месца планеты.

Ethno.by — акенца ў свет традыцый

Хутка споўніцца год з моманту запуску медыятэкі «Этнаўсё» — партала, мэта якога — аб’яднанне як мага большай колькасці матэрыялаў па этнаграфіі і традыцыйнай культуры беларусаў — пачынаючы з вытокаў навукі ў ХІХ стагоддзі і да новых публікацый нашага часу. Работа па стварэнні сайта ethno.by, што, па сутнасці, з’яўляецца базай даных, дзе сабраныя звесткі, факты, фотаі відэафайлы, пачалася з рашэння СЭТ упарадкаваць бібліятэку арганізацыі, а гэта больш як тысяча тэматычных выданняў. З цягам часу аказалася, што спецыяльная бібліятэчная сістэма можа выкарыстоўвацца для стварэння больш шырокіх баз дадзеных і змяшчаць не толькі тэкставую інфармацыю, але і фота, відэа, аўдыя, карты і ў цэлым дазваляе сістэматызаваць мноства звестак, за больш як паўтара стагоддзя сабраных і апрацаваных даследчыкамі.

Два гады таму праект узяў удзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і дзякуючы гэтаму атрымаў невялікую фінансавую падтрымку.

— У «індустрыі», што ўключае даследаванні традыцыйнай культуры, этнаграфіі, фальклору, задзейнічана мноства людзей. Толькі ў Мінскай вобласці сёння існуе каля 120 калектываў, так ці інакш звязаных з фальклорам, у краіне працуе прыкладна 6 тысяч культурных устаноў — дамоў культуры, рамёстваў, музеяў, ёсць профільныя навучальныя ўстановы і асобныя кафедры, што займаюцца ці спеўнай, ці музычнай традыцыяй беларусаў, — разважае кіраўнік праекта «Этнаўсё», сябар СЭТ Яўген БАРЫШНІКАЎ. — Сфера этнаграфіі аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў тысяч людзей. Зацікаўленых у праекце становіцца яшчэ больш, калі ўлічыць аматараў беларускіх танцаў, спеваў, рамёстваў, касцюма. Партал дае неабходныя для работы звесткі, але ён можа існаваць і ў фармаце форуму і дазваляе камунікаваць у афлайне.

Сапраўды, атрымліваецца, што этнаграфічная сфера Беларусі, якая мусіць працаваць як асобная індустрыя, пакуль яшчэ не ўпарадкавана і не складзена лагічна. Гэта, напрыклад, не толькі ўжыванне тэхналогій картаграфавання, сістэматызацыі, што ўжо выкарыстоўваюцца, але і наладжванне міжасабовых сувязей унутры супольнасці. Цалкам натуральна выглядаюць форумы медыкаў, эканамістаў, але сустрэчы падобнага фармату для фалькларыстаў-этнографаў (у шырокім сэнсе) пакуль у нашай краіне не праходзілі. Так, кафедрамі, універсітэтамі праводзяцца канферэнцыі, але гэта сустрэчы для вельмі вузкага кола спецыялістаў.

— Таму форум, што мы ўжо правялі ўвесну ў межах праекта «Этнаўсё», прайшоў у фармаце абмену досведам. Кожны з удзельнікаў распавёў пра адметнасці палявой работы, складанасці, з якімі сутыкаліся і як іх пераадольвалі. Мяркуем, што падобныя сустрэчы будзем ладзіць штогод, — кажа Яўген.

Над папаўненнем медыятэкі пастаянна працуюць некалькі валанцёраў. Напрыклад, улікам журналісцкіх публікацый па тэматыцы займаецца малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алена Ляшкевіч. Яна і сама многа піша пра традыцыі і фальклор беларусаў і пры планаванні чарговай экспедыцыі выкарыстоўвае «Этнаўсё»: вывучае публікацыі па пэўнай тэме і ў новых матэрыялах акцэнтуе ўвагу на яшчэ не асветленых адметнасцях, аспектах. Ёсць валанцёры, якія праслухоўваюць радыёперадачы і пазначаюць гурты і песні, што гучаць у эфіры.

— Публікацый па этнаграфіі насамрэч вельмі шмат, але многія з іх малавядомыя, — падкрэслівае Яўген. — гэта дазваляе нядобрасумленным «даследчыкам» заведама памылкова прадстаўляць свае праекты як унікальныя і зараб-ляць на ўжо адкрытых ісцінах і даследаваных тэмах. Таму наша задача — зрабіць запісы і публікацыі як мага больш даступнымі для знаёмства і вывучэння.

Так, пры папаўненні базы прыярытэт аддаецца аўтэнтычным выканаўцам і аўтэнтычнаму выкананню песень. Бо інтэрпрэтацый народных матываў, стылізацый пад фальклор мноства, таму пакуль асноўныя намаганні выканаўцаў і ўдзельнікаў праекта «Этнаўсё» скіраваныя на захаванне і пашырэнне ведаў пра існуючыя арыгінальныя запісы і фіксацыю галасоў удзельнікаў мясцовых калектываў з розных рэгіёнаў краіны.

Анлайн-школа як ключ да медыятэкі

Мультымедыйны партал і база даных — выдатны інструмент для вывучэння і далейшага даследавання традыцый беларусаў. Але зразумела, што, каб кожны інструмент стаўся сапраўды карысным, ім трэба ўмець карыстацца. У фальклоры часта назіраецца адваротнае: этнографамі і спецыялістамі галіны сябе называюць тыя, хто нават не мае слабага ўяўлення пра гэтую навуку.

Каб выправіць гэты недахоп і распачаць усеагульнае навучанне меркаваных даследчыкаў, некалькі гадоў таму ў СЭТ пачалі прадумваць ідэю распрацоўкі анлайн-курсаў па этнаграфіі. У краіне існуе мноства выдатных спецыялістаў галіны, якія працуюць у профільных адукацыйных установах, але не кожны ахвотны можа трапіць да іх на заняткі ці паслухаць даклад на канферэнцыі. Адкрытыя анлайнкурсы для ўсіх, што ствараюцца ў адукацыйным фармаце Massive Open Online Courses (МООС), — выдатны спосаб пераадолець адлегласці і даць магчымасць сустрэцца выкладчыку-спецыялісту і меркаванаму студэнту. Натуральна, у віртуальнай рэчаіснасці.

— МООС — сёння вельмі папулярны адукацыйны кірунак. Відэаўрокі могуць існаваць як у фармаце асобных лекцый па пэўнай тэме, так і аб’ядноўвацца ў цэлыя модулі, курсы, — кажа Яўген Барышнікаў. — Наяўнасць такіх курсаў па этнаграфіі, відавочна, паспрыяе прафесійнай адукацыі аматараў этнаграфічных даследаванняў. Фармат МООС прадугледжвае наяўнасць відэачасткі, дзе на працягу 7—10 хвілін выкладчык распавядае пра пэўную з’яву, а таксама інтэрактыўных тэстаў, што дазваляюць праверыць, ці здолеў слухач (глядач) засвоіць прапанаваную інфармацыю. Пасля завяршэння курса ці модуля можна будзе атрымаць электронны сертыфікат як пацвярджэнне паспяховага навучання. Дарэчы, у нашай краіне пакуль не стваралася інтэрнэт-курсаў падобнага фармату.

Дарэчы, праект анлайн-курсаў па беларускай этнаграфіі стаў адным з 12 пераможцаў конкурсу, зладжанага беларускім прадстаўніцтвам нямецкай арганізацыі DVV International («Вучыцца, каб дзейнічаць»). У межах курса будзе прадстаўлена 150 кароткіх урокаў, што аб’яднаюцца ў 10 курсаў ад 13 выкладчыкаў. Тэматычны дыяпазон вельмі шырокі. Гэта, напрыклад, беларускі народны строй, персанажы нашай міфалогіі, традыцыйная кухня, разьбярства, вясельная традыцыя...

Курсы будуць выкладзеныя ў вольны доступ ужо напрыканцы кастрычніка — пачатку лістапада. Але на гэтым праект не спыніцца. У арганізатараў яшчэ засталіся заяўкі на здымкі цікавых тэматычных модуляў, а самі выканаўцы — аператары, мантажоры — ужо маюць досвед па стварэнні такіх урокаў. Таму працаваць над новымі відэаўрокамі стане прасцей.

— Складана не заўважыць карысці гэтага праекта, — падсумоўвае Яўген Барышнікаў. — Відавочна, што ўрокі зацікавяць выкладчыкаў і студэнтаў завочнай формы навучання, карыстацца імі змогуць не толькі ў сталічных ВНУ, але і ў рэгіёнах. Асновы беларускай этнаграфіі змогуць вывучыць прадстаўнікі дыяспары, ды і грамадства атрымае якасны прадукт.

Адзін з наступных крокаў — пераклад лекцый на замежныя мовы (найперш англійскую) і супрацоўніцтва з бізнес-структурамі. Напрыклад, выдатнай рэкламай для прадпрыемстваў, што вырабляюць ложкі, пасцельную бялізну, стала б фінансавая падтрымка серыі лекцый пра міфалогію сну ў нашай традыцыі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».