Вы тут

Чаму «Звязда» піша «сярэбраны», а не «срэбраны»?


«Калі ласка, растлумачце, чаму «Звязда» піша «сярэбраны», а не «срэбраны», просіць у сваім лісце спадар Леў Дзіханаў. Ён жа хоча даведацца, у чым розніца паміж словамі «спецыяліст» і «адмысловец».

«У адным з выпускаў рубрыкі былі тлумачэнні некаторых назваў жанчын паводле іх адносін да іншых сямейнікаў. А як жа мужчыны? — пытае спадарыня Алена Рыбак. — Хто такі швагер, напрыклад?»

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Слова срэбраны — дапушчальны варыянт. Аднак асноўным, безумоўна, трэба лічыць прыметнік сярэбраны.

Рэч у тым, што ён адлюстроўвае адметную рысу нашай мовы — поўнагалоссе. Прыкладаў, калі яно адрознівае беларускія словы ад іншых славянскіх, вельмі шмат: ГЛава семьи — ГАЛАва сям'і, ГЛас (балг., руск.) — ГОЛАс, KRál (чэш.) — КАРОль, SŁodkі (польск.) — САЛОдкі і г. д. Таму прыметнік «сярэбраны» і трэба выкарыстоўваць у першую чаргу. Тым больш што і слоўнікі падаюць яго як асноўны.


2. Спецыяліст — больш «строгае» слова. Ім трэба называць чалавека, які прафесійна займаецца пэўнай справай і мае для таго адпаведную падрыхтоўку, адукацыю. Напрыклад, скажам Я не змог адрамантаваць камп'ютар і звярнуўся да спецыяліста або Распрацоўкай гэтага зводу правілаў займаліся спецыялісты з галіны філалогіі.

Адмыслоўцам жа хутчэй называюць сапраўднага майстра, чалавека, які нешта выдатна робіць. Скажам, у «Новай зямлі» ў Якуба Коласа чытаем:

Рыбак быў дзядзька наш Антоні,

Як і работнік, адмысловы.

Такім жа адмыслоўцам можна лічыць хірурга, які робіць складаныя аперацыі; каваля, ганчара, пекара і г. д.


3. Адразу прызнаем: назваў мужчын паводле адносін сваяцтва ў нашай мове менш, чым назваў жанчын, але яны ёсць:

шва́гер — гэта па-беларуску і брат жонкі, і муж сястры, і муж швагеркі (жончынай сястры);

дзе́вер — мужаў брат.

У абарону слоў

Усім нам вядомае беларускае слова «праца». Фізічная праца, прылады працы, акадэмічныя працы — гэтыя і падобныя словазлучэнні і выразы кожны, хто чытае і гаворыць па-беларуску, сустракае рэгулярна.

Аднак не варта забывацца і пра яшчэ адно беларускае і вельмі патрэбнае слова — «работа». Яно — сваё, ні ў кога не запазычанае. Да таго ж у многіх выпадках яно адзіна магчымае: будаўнічыя работы; рэчы ручной работы; гэта (ужо) не работа; прымусовыя работы; бегаў Яначка ля плота — якая плата, такая і работа; не столькі работы, колькі турботы і г. д.

Цікава адзначыць, што ў народзе разам з працаваць вельмі пашыраны ў тым жа значэнні і дзеяслоў, аднакарэнны з назоўнікам «работа»: ён робіць на заводзе ў Мінску, яна робіць кранаўшчыцаю (прыклады са «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча»).

Загаловак у газеце: Добра, калі ёсць праца, але і без работы — не абысціся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».