Вы тут

Валянцін Елізар’еў: Адзінае, чаго я прашу ў самага галоўнага творцы, — час


Легенда балета, народны артыст СССР адпрацаваў у Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску амаль чатыры дзясяткі гадоў, а пасля здарыўся працяглы тайм-аўт. Ужо ў якасці мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар’еў сустрэўся ў Нацыянальным гістарычным музеі з прыхільнікамі творчасці, калегамі і блізкімі людзьмі, каб расказаць:

Пра вяртанне

— Тэатр мае шмат складнікаў. Сцэна — лобнае месца, дзе нараджаецца мастацтва. Мае думкі менавіта пра яе, пра сцэну, пра тое, каб глядач прыходзіў у тэатр і бачыў сапраўднае мастацтва. Я прыхільнік класікі, але не адмаўляю і іншыя мастацкія формы. А калі быць дакладным, я за таленавітае мастацтва ва ўсіх формах. З гэтым вярнуўся ў тэатр пасля доўгай адсутнасці.

Балет для мяне — мастацтва душы. Ніколі не хацеў іншай прафесіі. Я пражыў доўгае і вельмі цікавае жыццё. Спадзяюся, яшчэ атрымаецца многа зрабіць для мастацтва. Адзінае, чаго я прашу ў самага галоўнага творцы, — гэта час. І пакуль у мяне ён ёсць. Я вяртаюся ў Вялікі з надзеяй — зрабіць лепш. Мне здаецца, што там цяпер не ўсё проста. Таму мяне чакае плённая і вельмі адказная праца.

Творчымі планамі падзяліцца пакуль не магу, а наконт кадраў скажу: планую прымаць на працу больш таленавітых беларускіх артыстаў. Уяўляеце, за апошнія дзевяць гадоў у тэатр оперы і балета Беларусі не ўзялі ніводнага харэографа і педагога — выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яны перамагаюць на міжнародных конкурсах, праяўляюць сябе і з’язджаюць за мяжу. Усё-такі ствараць беларускае мастацтва павінны менавіта нашы артысты. Ведаеце, яшчэ ў XVIII стагоддзі ў Беларусі было некалькі балетных школ, моцныя традыцыі закладзены і ў савецкі час. Добры артыст павінен мець унушальную спадчыну — гэта 50 працэнтаў поспеху, іншыя 50 — у руках педагога.

Артыст заўсёды адчувае публіку: альбо яна спіць, альбо знаходзіцца ў напружанні. Калі ў зале павісае звонкая цішыня, разумееш, што працуеш дзеля гэтых магічных імгненняў. Калі пастаноўка сумная, усе намаганні марныя — гледачоў не падманеш. Мне вельмі падабаецца працаваць з моладдзю. Маладыя артысты заўсёды разумеюць, што такое кампраміс, яны гібкія і амбіцыёзныя, а гэта ў балеце, ды і не толькі, — важныя складнікі.

Планую наведаць кожны спектакль у тэатры. Мне важна ўбачыць, што цяпер адбываецца на сцэне. Любімчыкаў у мяне не будзе, як ніколі і не было. Мы павінны працаваць у камандзе, а для гэтага трэба адзін аднаго разумець.

Пра сыход

— ...Быў вельмі смутны час. У Міністэрстве культуры немагчыма было знайсці паразуменне. На мае любое пытанне адказвалі: «Грошай няма». Я хадзіў па спонсарах, збіраў на нешматлікія прэм’еры грошы. Сыходзіў ад безвыходнасці, неразумення таго, што ўсё ж на мастацтва грошы трэба выдаткоўваць. Самаакупнасць немагчымая для вялікіх тэатраў — ні ў Расіі, ні на Захадзе, ні ў Азіі... Складана, калі цябе не чуюць. Я вырашыў для сябе, што не магу змагацца, — няхай пазмагаюцца іншыя. Напэўна, я здзейсніў няправільны крок — паспяшаўся звольніцца. Трэба было крыху пачакаць...

Пра аматараў

— Для балета спець не трэба. Чым раней прыйдзеш на пастаноўку, тым лепш. Наколькі чалавек будзе захоплены мастацтвам, залежыць ад яго бацькоў. Калі мама з татам ведаюць дарогу ў тэатр, дзіцяці таксама спадабаюцца опера, драма, балет. Любоў да мастацтва — гэта пачуццё, якое можна і трэба выхоўваць з самага дзяцінства. Калі не ўпэўненыя, што дзіця зразумее, напрыклад, «Стварэнне свету», адвядзіце яго на дзіцячы спектакль. Але часцей за ўсё класічныя пастаноўкі не маюць узроставых абмежаванняў. Яны разлічаны на ўсіх, хто здольны адчуваць і суперажываць.

Звычайна на мае пастаноўкі прыходзіць шмат людзей. Безумоўна, гэта прыемна, але яшчэ больш прыемна тое, што людзі неабыякавыя да балета. Ім цікавы не толькі візуальны бок — яны спрабуюць паглыбіцца ў сюжэт, зразумець, што хацеў данесці рэжысёр. Мне падабаецца, калі дзеянне выклікае ў гледача пытанні. Адразу разумееш: рабіў не дарма.

Пра сны

— Кожная пастаноўка — гэта маё дзіця, у якое я ўклаў частку душы. Вылучыць адну вельмі складана. Наогул, імкнуся глядзець не ў мінулае, а ў будучыню. Тыя гады, што адсутнічаў у Вялікім, працаваў «у партфель»: запісваў ідэі, прадумваў сцэнары, шукаў тэмы... Дарэчы, мне часта сняцца харэаграфічныя сны. Напрыклад, аднойчы ноччу ўбачыў першы акт «Шчаўкунка», ледзь паспеў яго запісаць. Дарэчы, ёсць некалькі сістэм запісу танца. Зразумець канспект можа толькі аўтар, так што перадаць запіс іншаму харэографу не атрымаецца.

Пра навучанне
— Гэтыя дзевяць гадоў па-за сценамі Вялікага тэатра я не марнаваў часу дарма. Зрабіў некалькі пастановак за мяжой, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У мяне мінімум студэнтаў, я вельмі адказна адбіраю тых, з кім буду працаваць. Да ўсіх вучняў стаўлюся як да роўных. На жаль, навучанне скарацілі з пяці да гадоў чатырох. Пакуль выпускнікоў, якія скончылі навучанне па гэтай сістэме, яшчэ няма, але мы ўжо бачым, што часу дакладна не хопіць. Ведаеце, харэограф — гэта цэлы акіян, чалавек, які валодае ўнікальнай адукацыяй. Ён павінен ведаць драматургію, арыентавацца ў сусветным мастацтве, жывапісе, дызайне, архітэктуры. Я шчаслівы, калі бачу ў студэнтаў талент. Мяне радуюць іх поспехі. Напрыклад, Сяргей Мікель праявіў сябе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — паставіў «Вішнёвы сад» і «Тытанік». Ён не баіцца эксперыментаў, і гэта правільна: хто шукае, той знойдзе.

Разумею, што добры настаўнік — гэта заўсёды поспех. Ён накіроўвае, падтрымлівае і фарміруе. Мне калісьці пашанцавала сустрэць на сваім шляху настаўнікаў з вялікай літары. Калі я быў зусім дзіцем, са мной займаўся настаўнік з тэатра оперы і балета ў Баку. Экспрэсіўны армянін з вельмі добрай школай навучыў не проста імпульсіўна рухацца, але і ўключаць галаву, якая ў балеце важная не менш, чым астатнія часткі цела. У Ленінградзе я трапіў да Генадзя Навумавіча Сялюцкага. Гэты выдатны чалавек, сапраўдны носьбіт пецярбургскіх традыцый у балеце, уклаў у мяне любоў да танца. Калі я атрымліваў вышэйшую адукацыю на балетмайстарскім факультэце ў Ленінградскай кансерваторыі, маім настаўнікам быў Ігар Дзмітрыевіч Бельскі. Я вельмі хацеў трапіць да яго. Памятаю, на курс тады ўзялі 14 чалавек, а скончылі толькі чацвёра. Як харэографы адбыліся двое: я і Генрых Маёраў.

Пра гарады

— Я нарадзіўся ў Баку. Гэта мой любімы горад, прасякнуты водарам Усходу. Ён вельмі прыгожы: размясціўся амфітэатрам на беразе Каспійскага мора. Яго марскія пейзажы — гэта дзівоснае відовішча. Горад сфарміраваў ува мне асаблівае ўспрыманне жыцця, павагу і любоў да наваколля.

У двары, дзе я рос, усе хлапчукі займаліся мастацкай самадзейнасцю. Многія хадзілі ў дзіцячую танцавальную школу. Я не стаў выключэннем. Паступіў у харэаграфічнае вучылішча ў Баку, адкуль перавёўся ў Ленінград. Гэты горад на дзевяць гадоў стаў маёй творчай калыскай. І, нарэшце, Мінск, дзе прайшла вялікая частка майго жыцця і дзе я адбыўся як мастак. Гэта мая вялікая Радзіма, якой я ганаруся, якую па-сапраўднаму люблю. Тут для мяне адбылося шмат падзей, якія сфарміравалі мяне як асобу. Заўсёды пасля выездаў за мяжу вяртаюся ў свой горад з радасцю.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.