Вы тут

Саступі дарогу!


На вялікім экране ў Мінску паказалі дакументальную карціну «Дарога» Дзмітрыя Калашнікава. Фільм цалкам складзены з запісаў відэарэгістратараў, дзе работа рэжысёра, здаецца, заключаецца ў выбарцы і мантажы. Так, нехта зрабіў калекцыю відэа, склаў гэта ў нейкую адпаведную задуме чарговасць і выдаў за кіно. І паказаў, што гэта можа быць вартым кінатэатра, а не толькі канала на YоuTubе.


Праект беларускага прадзюсара Волі Чайкоўскай і расійскага рэжысёра пакатаўся па цэлым шэрагу кінафестываляў: ад расійскага «Артдокфэсту» да нідэрландскай «ІDFА», з’ездзіў у Фінляндыю, Канаду, Польшчу, Эстонію, ЗША са слоганам «Усё, што заўгодна, можа здарыцца на расійскіх дарогах». Са слоганам і кур’ёзным кірункам, у якім паказваецца насамрэч не толькі расійская прастора, праект, здаецца, добра «зайшоў» замежнай публіцы.

З дарогі і гурта «Троіца» тут усё пачынаецца, дарогай і канчаецца. Увесь фільм складаецца з эпізодаў розных часоў, гарадоў і значэнняў, і ад кожнага ты ў выніку пачынаеш чакаць нейкага здарэння, непрадбачанага для тых, хто знаходзіцца ў аўтамабілі, і вельмі жаданага для цябе. Аварыі, жывёлы, Чалябінскі метэарыт і іншыя прыродныя катаклізмы, раз’юшаныя людзі і бойкі паказваюцца пад акампанемент каментарыяў і не даюць спыніцца. Як толькі пачынаецца новы эпізод, ты ведаеш, што кіроўца знаходзіцца ў пэўнай небяспецы, і горача жадаеш дазнацца, у чым жа яна заключаецца.

У гэтым сэнсе «Дарога» — вельмі маніпуляцыйны фільм. Мы ўсё яшчэ знаходзімся ў сферы кіно, якому ўласціва выклікаць суперажыванне, хваляванне, спачуванне, але падчас прагляду на першы план выступаюць іншыя пачуцці. Мы сапраўды чакаем новых здарэнняў і казусаў, незалежна ад таго, ці нясе гэта ў рэальным жыцці небяспеку, калецтвы і смерці. Гэта значыць, замяняем чалавечыя пачуцці на прагу новых узрушэнняў. Натуральна, перакульванні машын, стрэлы, палаючы лес задавольваюць глядацкую цікавасць і праз гэта не адпускаюць ад экрана: перастаць глядзець, што яшчэ можа здарыцца на дарогах, немагчыма. Пэўным індыкатарам тут выступаюць больш дынамічныя ўстаўкі, у якіх кароткія вытрымкі з запісаў відэарэгістратараў зманціраваны пад драйвовую ці нейкую яшчэ музыку.

Калі бачыш аварыі пад песню «Аўкцыёну», нешта ўсё ж падаецца ненармальным — ці гэта іронія над гледачом, які «з’ядае» жудаснае відовішча пад дынамічныя біты, ці шчырае жаданне паказаць дарожныя здарэнні як цалкам натуральныя інцыдэнты, бо на гэтай прасторы, маўляў, інакш быць не можа. Фокус у тым, што і глядач перастае ўспрымаць аварыі як аварыі, а глядзіць на гэта як на нейкі партрэт рэальнасці.

Што цікава, дакументальны фільм, дзе аўтар нават не прыклаў руку да здымак і распараджаўся толькі правам выбару і мантажом, часам выглядае вельмі кінематаграфічна, што толькі пацвярджае інтэграцыю законаў кіно ў рэальнае жыццё і наадварот. Тут ёсць дзіўны эпізод: машына з пасажырамі, што, канешне, актыўна каментуюць і выказваюць эмоцыі, праязджае праз палаючы лес. На краі дарогі гарыць іншая машына. Кіроўца рухаецца павольна. Такое скажэнне колераў, адчуванне сусветнай катастрофы і інтрыга не заўсёды сустракаюцца і ў ігравым кіно. Зомбі-апакаліпсіс запісалі на відэарэгістратар.

Часам сярод такога роду відэа, аказваецца, сустракаюцца сюжэтныя эпізоды. На адной вытрымцы дзяўчына кінула свае сумкі ў машыну, а кіроўца з’ехаў. Яна папрасіла ўладальніка відэарэгістратара, што стаяў за імі, паехаць за тым аўтамабілем, бо гэта таксіст. Яны дагналі таксі, забралі сумкі з дакументамі, а скончылася ўсё знаёмствам «Я Паша» — «Я Даша».

Карціна ахапіла шмат характэрных рэчаў: спосаб вырашаць канфлікты — саступаць дарогу павінен той, у каго няма молата; спосаб рамантаваць дарогі — закідваць месіва ў лужыну; спосаб пакутаваць — выбягаць басанож на дарогу перад машынай, садзіцца на капот, а потым перабягаць па яе даху. Мядзведзя на дарозе і коней з санямі, якія наехалі на аўтамабіль. Танкі і клінінг-сэрвіс для іх. Хлопца, што скраў каўбасу з машыны. Дзяўчыну, якая вучылася кіраваць і пераехала праз усю дарогу, знесла агароджы, бо пераблытала педалі.

Не менш важнай часткай фільма з’яўляецца не толькі тое, што адбываецца перад лабавым шклом, але і падзеі ўнутры аўтамабіля. Каментарыі, нецэнзурныя словы, якія ўвесь час уплятаюцца ў гаворку, «заі», упамінанне Бога, спосаб камунікаваць, манера гаварыць, цеплыня паміж сваякамі і іх духоўнае яднанне пасля катастрофы, што здарылася перад вачыма, нерухомасць, калі маладыя людзі збіваюць кіроўцу іншай машыны, — усё таксама складваецца ў пэўны калектыўны партрэт. Не кажучы ўжо пра тое, што жывыя эмоцыі становяцца важнай часткай нашага ўспрымання фільма і таго, што ён дэманструе.

«Дарога», што скарысталася запісамі відэарэгістратараў, паказала пошук новых формаў і шляхоў сучасным кінематографам і паспрабавала праз сваю ідэю адлюстраваць пэўную прастору.

 Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.