Вы тут

Уладзіслаў Плігаўка: Баян падобны на мора, якое ўліваецца ў акіян


Па вялікім светлым калідоры з высокімі столямі дзіцячай музычнай школы мастацтваў No 10 імя Я. А. Глебава Мінска струменіцца ўзнёслая гуллівая мелодыя... «Прэлюдыя» Баха так пасуе гэтым сценам з гісторыяй: калісьці тут быў манастыр бернардзінак. Непераўзыдзеная музыка хвалюе, будзіць уяўленне, ажыўляе эпоху. Здаецца, менавіта тут яе стыхія. Побач з гэтай музычнай школай — архітэктурным помнікам ХVІІ ст. — дом, дзе рос Станіслаў Манюшка. Віртуозныя пералівы з тэмпераментнымі штрыхамі запавольваюць час, узрушваюць, бяруць за душу. Хто так апантана іграе? Почырк майстра? Ці старанне вучня? Хутчэй адчыніць дзверы і ўбачыць праніклівага выканаўцу!.. Знакаміты баяніст, пераможца ледзь не ўсіх сусветных музычных конкурсаў (у тым ліку «Кубка свету» ў Глазга) Уладзіслаў Плігаўка разам са сваім вучнем Алегам Суднікам развучваюць новую праграму. Трапіць на ўрок да віртуоза — вялікая ўдача. Як праходзяць заняткі ў майстра Плігаўкі, які скарыў музычны Алімп? Чым жыве музыкант з сусветным імем, што пабываў з сольнымі канцэртамі больш як у 20 краінах? Пра гэта — наша размова з Уладзіславам.


— З чым бы вы параўналі баян? Які ён для вас?

— Глядзіце: ёсць азёры, рэкі, мора і акіян. Сярод музычных інструментаў таксама можна прасачыць своеасаблівую градацыю. Ёсць інструменты самастойныя і менш самастойныя. З акіянам я б параўнаў арган — самы магутны інструмент: як і акіян, ён мае незвычайную сілу. Баян жа, на мой погляд, знаходзіцца блізка да аргана. Думаю, ён — як мора: мора, якое ўліваецца ў акіян. (Усклікае.)

Увогуле, баян можа ўвасобіць усе з’явы прыроды. Ёсць спецыяльны клапан для сціскання паветра: калі ім карыстацца ўмела, можна праілюстраваць, напрыклад, шум ветру. Вясёлку, дарэчы, атрымаецца паказаць з дапамогай рэгістраў, а яшчэ — прадэманстраваць пералівы, разнастайныя адценні. Цяпер увогуле ў сучасных кампазіцыях выкарыстоўваюць розныя знаходкі, у тым ліку прыёмы меха і ўдараў па інструменце, па розных частках корпуса — атрымліваецца патрэбны гук.

— Хтосьці з класікаў казаў, што музыка — гэта паэзія паветра...

— Ужо даўно таксама сказалі, што музыка пачынаецца там, дзе заканчваюцца словы...

— Якімі якасцямі павінен валодаць сучасны музыка, каб быць запатрабаваным?

— Трэба мець цікавы рэпертуар. Умець і імкнуцца іграць у разнастайных ансамблях, добра валодаць інструментам і ісці ў нагу з часам. Многія выканаўцы заседжваюцца на пэўным рэпертуары, які ім прывілі з дзяцінства, і не хочуць адыходзіць убок і граць штосьці новае. Таму трэба развівацца і пастаянна быць у курсе навінак.

— Вы неаднойчы ўдзельнічалі ў міжнародных канцэртах. Хто быў для вас узорам?

— Я вырас на творчасці Аляксандра Склярава, Юрыя Сідарава, Юрыя Вастрэлава, Фрыдрыха Ліпса, Вячаслава Сямёнава — усе карыфеі баяннага мастацтва. У працэсе творчага развіцця мне пашчасціла з імі сустракацца, мець зносіны на конкурсах. Цяпер мы разам у журы. Дзеляцца каштоўнымі парадамі, у прыватнасці па транскрыпцыі пэўных твораў: як лепш сыграць, як яны бачаць гэтую п’есу, якіясьці перадавыя моманты, каб п’еса лепш гучала. Вячаслаў Сямёнаў — не толькі выкладчык, але і выканаўца, і кампазітар. У яго надзвычай карысныя пажаданні і заўвагі. Фрыдрых Ліпс — выдатны метадыст, падказвае нейкія моманты метадычныя і агульныя. Цікава, як ён бачыць развіццё баяна ў будучыні: прагназуе поспех на акадэмічнай сцэне, прапагандуе сучасную музыку. Многія кампазітары сталі пісаць п’есы менавіта для баяна дзякуючы яму. Вячаслаў Сямёнаў жа бачыць баян у арыгінальным жанры. У кожнага, такім чынам, свае погляды. Калі сустракаемся, актывізуецца сваё бачанне.

— Кім натхняецеся: класікамі ці сучаснікамі?

— Вельмі люблю слухаць і іграць музыку Іагана Себасцьяна Баха і Вольфганга Амадэя Моцарта. З сучасных падабаецца польскі кампазітар Мікалай Майкусяк, Ян Майсл (Чэхія), Давор Бобіч (Харватыя). Цікавая музыка для баяна ў беларускіх кампазітараў, у прыватнасці Уладзіміра Каральчука, Паўла Дзенісенкі, Леаніда Маліноўскага, Віктара Малых, Аляксандра Пажарыцкага, Уладзіміра Грушэўскага і іншых. Заўсёды ўключаю ў сваю праграму музыку беларускіх кампазітараў ці апрацоўкі беларускіх народных мелодый. Гэта любяць за мяжой і ўспрымаюць на «ўра».

— Ці дапамагае яно ў працы выкладчыка?

— Цяпер я працую ва ўсіх звёнах музычнай адукацыі: у музычнай школе, музычным каледжы, акадэміі, перадаю досвед новаму пакаленню. Ёсць вынікі. Мой вучань, 18-гадовы Дзяніс Угорцын, навучэнец 3 курса Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, стаў пераможцам конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча: выйграў Гран-пры. Таксама ён паспеў узбагаціць сваю скарбонку перамогай яшчэ на двух значных спаборніцтвах: 1 прэмія на міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «Jazz-time 2018» і 1 прэмія на ІІІ Міждународным конкурсе юных музыкантаў «Палескі агеньчык» у Драгічыне. А 13-гадовы Алег Суднік, з якім займаемся тут, у дзіцячай музычнай школе мастацтваў No 10 імя Я. А. Глебава, выйграў ужо 6 конкурсаў, і не толькі рэспубліканскіх, але і міжнародных.

— Ці разумеюць вучні, што, каб дасягнуць поспеху, трэба займацца па 7 гадзін?

— Сённяшняе пакаленне хоча, каб атрымлівалася ўсё і адразу — імгненны поспех. Але так не бывае. Можна дасягнуць добрых вынікаў, калі займацца правільна, кантраляваць свае заняткі і выконваць усе рэкамендацыі педагога. Але самакантроль — складаная штука. Гэта прыходзіць з вопытам, выпрацоўваецца часам. Таму калі гаварыць пра юных музыкантаў, то найлепшы вынік, як правіла, бывае, калі заняткі дзіцяці кантралюе педагог або бацькі (добра, калі яны таксама музыканты). Тое ж самае можна сказаць і пра навучэнцаў каледжаў.

— А вось Рыхард Вагнер прыдумаў незвычайны спосаб саманавучання: перапісваў партытуры сімфоній Людвіга ван Бетховена...

— Настаўнік робіць складанае лёгкім. Па сутнасці, рэпетытар кантралюе правільнае выкананне дамашніх заняткаў, адначасова тлумачачы складаныя моманты ці паўторна замацоўваючы дрэнна засвоены матэрыял. Рэдкі вучань можа запомніць усё, што сказаў настаўнік на ўроку. І дамашнія заняткі праходзяць у большасці выпадкаў механічна, так, як гэта зручна вучню. Таму прынцып рэпетытарства ў музыцы такі ж, як і ў астатніх прадметах, толькі музыкантам гэта яшчэ больш неабходна, асабліва калі патрэбна дамагчыся высокіх вынікаў.

— А вы ставіце складаныя задачы? Вядомы расійскі баяніст-педагог Вячаслаў Сямёнаў прымушаў сваіх вучняў іграць архіскладаныя «Вечны рух» Нікола Паганіні, «Італьянскую польку» Сяргея Рахманінава... Што іграеце?

— Зразумела, ёсць пэўныя тэхнічна складаныя творы, якія павінен сыграць кожны музыкант. Тыя ж капрысы Паганіні, творы Ліста і г. д. Такія п’есы з мастацкага пункту гледжання іграць нашмат цікавей, чым проста эцюды. І, трэба сказаць, гэтыя тэхнічна складаныя п’есы адразу не атрымаецца сыграць якасна, ім патрэбны час. Таму я часта практыкую даваць такія складаныя п’есы як бы загадзя, «навыраст». І такім чынам вырашаецца адразу некалькі задач: павышаецца тэхнічнае майстэрства і рыхтуецца новы рэпертуар.

Часта гастралюю сумесна з вучнямі: так яны адчуваюць сябе намнога больш упэўнена, асабліва пасля вялікага перапынку паміж выхадам на сцэну ці калі рыхтуем новую праграму. Неаднаразова быў на цудоўным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах.

— Цяпер на конкурсах вы ў якасці члена журы. Што новага ў баяннай техніцы паказваюць выканаўцы? Чым адрозніваецца тэхніка ігры замежнікаў?

— Сёння баянная тэхніка дасягнула неймаверна высокага ўзроўню. Тое, што раней ігралі дарослыя філарманічныя выканаўцы, цяпер з лёгкасцю выконваюць юнакі і дзеці. Ды так, што часам забываешся, што ты на конкурсе. Настолькі гэта высокамастацкае выкананне! І калі раней лідзіруючыя пазіцыі займалі музыканты з постсавецкіх краін, то цяпер такіх межаў не існуе. Заўважна гэта і на майстар-класах. Сёлета ў мяне быў майстар-клас у Польшчы ў музычнай акадэміі г. Катавіцэ, у Чэхіі ў горадзе Астрава, у Гомелі ў рамках конкурсу «Мой сябра — баян». Майстар-класы арганізоўваюцца заўсёды, калі ўдзельнічаю ў журы конкурсу ці выязджаю з канцэртамі. Выкладчыкі і студэнты просяць з імі пазаймацца.

— Ці адчувальны плён? Кажуць, вучань — гэта не ёмістасць, якую трэба напоўніць, а факел, які трэба запаліць...

— Так. Кожны чалавек індывідуальны. І калі слухаеш яго, бывае, дастаткова толькі накіраваць: бачыш, што ён ідзе не зусім правільным курсам, і за кароткі час (пакуль доўжыцца майстар-клас) трэба дакладна паставіць мэту і скіраваць, каб хутка дасягнуць жаданага выніку. Усё можна развіць да пэўнага ўзроўню. Але калі талент ёсць, вынік з’явіцца намнога хутчэй. Ды потым усё роўна будзе чуваць: узровень дасягнуты шматлікімі трэніроўкамі-дрэсіроўкамі ці гэта адбываецца натуральна і свабодна.

— Талент юных Моцартаў імкнуцца разгледзець у раннія гады. Але некаторыя лічаць, што, калі маленькіх музыкаў нагружаць заняткамі па максімуме, іх пазбаўляюць дзяцінства...

— Дзеці, якія вучацца ў музычнай школе і атрымліваюць музычную адукацыю, больш развітыя. У музыкаў працуюць два паўшар’і, бо, іграючы на музычным інструменце, сумяшчаюцца адразу некалькі працэсаў. У іх усё адбываецца больш планамерна. Музыка, увогуле, — адмысловы працэс, у якім задзейнічаны ўвесь арганізм. Гэта своеасаблівая арыфметыка, прытым больш складаная і карысная, чым ментальная, якая сёння так папулярная. Але галоўнае якраз у тым, што музыка — гэта арыфметыка з душой. Таму так важна вучыць дзяцей музыцы.

— Калі б не музыка, чым бы займаліся? Фрыдэрык Шапэн, дарэчы, мог стаць пісьменнікам (яго лісты да родных, напісаныя ў хлапечым узросце, уражваюць дасціпнасцю)... А ў Аляксандра Барадзіна доўгі час галоўнай справай была хімія...

— Хутчэй за ўсё, выбраў бы спорт. Музыка ў нейкай ступені — спорт: тыя ж штодзённыя трэніроўкі-рэпетыцыі, вялікая праца, адказныя выступленні і г. д.

— Ваша жонка Аляксандра Фёдарава таксама музыкант. У вас ёсць творчыя дуэты? А ваша маленькая дачушка музіцыруе?

— Так. Ёй 4 гады. Ужо іграе і на баяне, і на акардэоне. Будзем імкнуцца, каб яна атрымала музычную адукацыю. З жонкай іграем разам. Сёлета яна выступала са сваёй калегай на многіх канцэртах у музычнай школе і іншых канцэртных пляцоўках. Хачу адзначыць, што ў дзіцячай музычнай школе No 2 імя М. І. Аладава, дзе яна працуе, вельмі творчая атмасфера. Таму, магчыма, хутка з’явіцца трыа?!

Наталля СВЯТЛОВА

Фота з архіва героя.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.