Вы тут

Уладзімір Цвірка. Вішнева


Былое мястэчка Вішнева, што раскінулася непадалёк ад Валожына, захапляла заўсёды. З самага пачатку нашага знаёмства яно быццам наўмысна дзялілася сакрэтамі і паказвала архітэктурныя скарбы, ды паступова, неадразу. З цягам часу гэта ператварылася ў забаўляльную і крыху загадкавую гульню. Наведваючы Вішнева зноў, адкрываю нешта новае. І ўпэўніваюся: сустрэча гэтая не апошняя.


Паселішча вядома ажно з сярэдзіны XIV стагоддзя. Да канца XVII стагоддзя — маёмасць шляхецкіх радоў Гальшанскіх і Пацаў. З 1600 года і на працягу наступных трох стагоддзяў тут гаспадарыў род Храптовічаў. На сродкі навагрудскага ваяводы Юрыя Храптовіча ў 1637 годзе быў пабудаваны велічны цагляны каталіцкі храм у гонар Пані Марыі ў стылі барока. Стаіць касцёл на месцы старажытнага капішча, драўлянай святыні, узведзенай у 1424 годзе вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Пасля пажару, які адбыўся ў храме ў 1771-м, да яго дабудавалі бакавыя капліцы, а ў 1868 годзе побач узнялася пад трыма вытанчанымі невялікімі франтонамі брама-званіца з дастаткова вялікім арачным праездам.

Мястэчка і сядзіба зазналі эканамічны і культурны росквіт пры Іахіме Літавары Храптовічы, які займаў высокую пасаду канцлера ў Вялікім Княстве Літоўскім. Менавіта пры ім у Шчорсах і Вішневе былі адкрыты павятовыя школы. Непасрэдна побач з мястэчкамі, на другім беразе Альшанкі, у сядзібе Храптовічаў за кароткі час узвялі гаспадарчыя пабудовы, дзе пачалі прыбыткова працаваць розныя прадпрыемствы: вінакурня, цагляны ды ганчарны заводы, шкляная гута, суконная фабрыка. А самае галоўнае — Храптовічы першыя ва ўсім ВКЛ пабудавалі доменную печ, пры якой адначасова адкрылі кузню і плавільны цэх. У выніку атрымалася самая вялікая металургічная мануфактура таго часу на землях, якія сёння займаюць Літва і Беларусь. З 1773 года прадпрыемства, працуючы на рудзе, якая паступала з Налібоцкай пушчы, выдавала каля 25 тысяч пудоў жалеза ў год. Частка яго ішла ў злітках, другая — у выглядзе літых рашотак, агароджаў, крыжоў, розных прылад ды прадметаў хатняга ўжытку. Нешта прадавалася як паўфабрыкат.

Падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, у 1794-м, у сядзібе Храптовічаў выраблялася зброя для паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання войскі зруйнавалі ўсе вытворчыя прадпрыемствы. Храптовічам, аднак, не спатрэбілася шмат часу, каб іх аднавіць, і дзейнічалі заводы амаль да 1870 года.

Сёння ад былых гаспадарчых пабудоў засталася толькі адна каменная будыніна з датай на сцяне — 1810 год. Магчыма, гэта былы плавільны цэх. Добра выглядаюць цагляны дом аканома, арачны мост у парку, па якім і сёння ездзяць туды-сюды на любой тэхніцы. Непадалёк ад Вішнева захаваліся рэшткі яшчэ адной сядзібы Храптовічаў, якая лічылася паляўнічай рэзідэнцыяй. Тут можна яшчэ ўбачыць паляўнічы дом, вартоўню з каменю і рэшткі пейзажнага парку.

Цікавы факт: Вішнева — радзіма дзявятага прэзідэнта Ізраіля, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Шымона Перэса, які нарадзіўся тут у 1923 годзе. На могілках пахавана паэтка Канстанцыя Буйло, якая жыла і працавала ў Вішневе каля сямі гадоў. Побач — магіла паэта Пятра Быцеля. Ён у Вішневе працаваў настаўнікам. Верагодней за ўсё, у гэтым былым мястэчку пахаваны і Сымон Будны — філосаф, гуманіст, які скончыў свой жыццёвы шлях у 1593 годзе.

На здымку вы бачыце выяву вішнеўскай праваслаўнай святыні ў гонар Святых Касмы і Даміяна. Пабудаваная царква з палявога каменю і цэглы ў рэтраспектыўнарускім стылі ў 1865 годзе. Зусім нядаўна храм капітальна адрамантавалі, і ён набыў новую, вельмі ўдалую, на мой погляд, афарбоўку. Прыведзена ў належны стан і тэрыторыя вакол святыні, з’явілася шмат кветак і зеляніны.

Пакідаючы Вішнева, не магу пазбавіцца пачуццяў: я яшчэ сюды вярнуся. Таму не кажу ў нечым сумнае «Бывай!», а развітваюся больш цёплым і сардэчным «Да сустрэчы!».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.