Вы тут

Мая камсамольская «Размова»


«Комсомол не просто возраст, комсомол — моя судьба» — спявалася ў даволі папулярнай калісьці песні. А ў мяне асаблівая нагода яе ўспомніць, бо амаль два гады была камсамольскім работнікам, працавала ў апараце абкама камсамола. Тады мы пісалі «абкома» нават на беларускай мове. У якасці супрацоўніка ідэалагічнага аддзела (ён называўся тады аддзелам прапаганды і агітацыі) я наладзіла выпуск газеты пад назвай «Размова». Пазней выданне было зарэгістраванае ва ўстаноўленым законам парадку менавіта пад беларускай назвай «Размова», хоць выдавалася на дзвюх мовах.

Аб тым, як я трапіла ў той «абком», цяпер, відаць, ужо можна расказаць. Праз столькі гадоў выпадак той выглядае даволі забаўным. Усё склалася як у цяперашніх фільмах: збег абставін. Учарашняя выпускніца журфака працавала ў пружанскай раённай газеце. Як маладога спецыяліста ідэалагічнай сферы мяне абралі членам райкама камсамола. Хадзіць на пленумы было нават цікава, перабудова стаяла на дварэ, галоснасць. І вось перад чарговым пленумам мяне папрасілі выступіць. Але мне было зусім не да прамоў. Рэдактар здаваў сесію ў партшколе, намеснік па неадкладных справах быў у ад'ездзе, адказны сакратар трапіла ў бальніцу. Мне давялося стаць сакратаром, я засталася фактычна адна «на газеце». Калегі ведаюць, што гэта азначае. Падвяла абавязковасць учарашняй студэнткі: вылучыла гадзіну, каб прыбегчы на пленум і падтрымаць кворум. Праўда, папярэдзіла, што выступаць не буду... І тут як гром з неба — даюць слова. Мабыць, крыху са злосці, што не ўвайшлі ў становішча, не зразумелі, выйшла на трыбуну і сказала, што камсамол у цяперашнім выглядзе сябе зжыў, яго варта скасаваць і ствараць нешта новае ў справе маладзёжнага руху. Нельга сказаць, што я адкрыла Амерыку, такія думкі луналі ўжо, адгалоскі гучалі ў асобных СМІ, усё ж 1989 год... Але для пружанскай глыбінкі гэта стала амаль шокам. У рабоце пленума аб'явілі перапынак. Падрыхтаваліся. Першым выступіў шаноўны ветэран, сказаў, што ў вайну панікёраў расстрэльвалі. Доўга і пранікнёна гаварыла ў абарону камсамола першы сакратар абкама... Нечакана мяне падтрымаў першы сакратар райкама партыі, правільней сказаць, ён дыпламатычна выкруціў сітуацыю.

Як стала вядома пазней, назаўтра на пасяджэнні сакратарыята абкама камсамола па выніках пружанскага пленума загадчык ідэалагічнага аддзела прапанаваў узяць гэты «ачаг апазіцыйнасці» пад кантроль і забраць парушальніка спакою ў апарат. Згадзіцеся: цікавае рашэнне праблемы. Як аказалася, абкам камсамола ўжо даўно меў планы на газету.

Вось так і стала выходзіць «Размова» раз на месяц, таму што ўвесь яе калектыў — ад рэдактара да карэктара — быў у адной асобе. Але гэта не асноўныя цяжкасці на шляху той маленькай газеты. У нас, у мяне і маіх кіраўнікоў, не было вопыту, і мы спатыкаліся на самых нечаканых абставінах. Ну, напрыклад, пасля выхаду першага нумара пакрыўдзіўся абкам партыі. Аказваецца, з імі не ўзгаднілі, і яны забаранілі абласной друкарні браць наш заказ. Пры гэтым нам адмовіла сама друкарня пад выглядам недахопу магутнасцяў. Мы не здаліся: другі нумар аддрукавалі ў Пружанах, наступны — у Баранавічах. Старэйшыя партыйныя таварышы зразумелі, што мы паедзем і ў суседнія вобласці, і здаліся: маўляў, чорт з вамі, выпускайце сваю газету.

Цяпер, калі праглядаю тыя нумары, разумею, што мне зусім не сорамна за нашу «Размову». Асобныя матэрыялы былі даволі смелыя, напрыклад успаміны аднаго былога афганца не ўзяла тады нават абласная газета. Хапала і ўсялякіх кур'ёзаў. Ну хоць бы па той прычыне, што карэктар з мяне не вельмі, як тады, так, дарэчы, і цяпер. Памылак, на жаль, здаралася нямала. Аднойчы ў выразе «кіруючых органаў», меўся на ўвазе абкам, замест «у» выйшла «а». Дык вось гадоў праз дваццаць на нейкай імпрэзе адзін з былых кіраўнікоў абкама мяне дапытваў: «Ну скажы, ты ж знарок напісала «кіраючых»?!» І, здаецца, зноў не паверыў, што зусім незнарок, бо ніякі сапраўдны газетчык не зробіць памылку па сваёй волі, як, напрыклад, сапраўдны пажарны не кіне акурак у сухую траву.

Да гэтай пары памятаю юную распаўсюджвальніцу, школьніцу-мулатку. Вучні з суседняй школы часам прадавалі газету і зараблялі сабе на цукеркі. Дык вось, гэтая дзяўчынка прыбегла і расказвала, што ў раёне гасцініцы «Інтурыст» адзін дзядзька даў ёй пяць рублёў за газету, а рэшты не ўзяў. Экзэмпляр тады прадавалі за пяць капеек. Для памежнага Брэста смуглыя людзі былі экзотыкай. Таму, відаць, і стала тая дзяўчынка самым паспяховым нашым прадаўцом. Праўда, газета не была камерцыйным праектам, асобныя спробы продажу разглядаліся як нешта накшталт разведкі боем, закіды на будучыню. Але будучыня не наступіла, а наступіў 1991 год, і камсамол, як вядома, адышоў у гісторыю.

Потым, многа пазней, калі рознае пісалі і паказвалі пра камсамол, мяне не раз пыталіся: а як жа лазні, п'янкі, выезды на прыроду? Спяшаюся расчараваць, нічога гэтага не было. Ва ўсялякім разе ў Брэсцкім абкаме на апошніх гадах яго гісторыі. А вось на суботнікі ў калгас ездзілі часта, у мяне да гэтай пары на дачы стаяць жоўтыя югаслаўскія гумовыя боцікі, набытыя спецыяльна для суботнікаў. І многіх сваіх былых калег я б з задавальненнем павіншавала б з юбілейнай датай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».