Вы тут

Падкат з падманам


Нікому з нас не прыемна, калі цябе абводзяць вакол пальца, праўда? Хаця мы і самі часам мусім закрываць вочы на нейкія хітрыкі навакольных. («Калі не хочаш псаваць з чалавекам адносіны — не перашкаджай яму хлусіць».) Ну, гэта такія адносна бяскрыўдныя правілы гульні, якія абавязкова прысутнічаюць у нашым жыцці. Як размовы пра жанчын. («90х60х90=486 000 кубічных сантыметраў. Нішто сабе «прыгожая дзяўчына!!!») Як стасункі паміж паламі. («Не трэба ў мужчын у загсе пытаць розныя глупствы пра гора і радасць, трэба адразу пытацца, ці гатовы ён быць галодным, вінаватым і вечна абавязаным».) Ды жартую-жартую... Але гэта тыя сітуацыі, калі, як казаў класік, мы самі падманвацца рады. («Не гавары чалавеку ўсю праўду, калі хочаш з ім пазнаёміцца. Пакінь гэта на той выпадак, калі захочаш з ім расстацца».) Зусім іншая справа, калі цябе «развялі» свядома. («Калі Маша нарэшце выйшла замуж за Ігара, яна была на сёмым небе ад шчасця і на трэцім месяцы — ад Канстанціна».) Асабліва ў справах сардэчных...


У сталіцы нядаўна вынеслі прысуд хлопцу, які пад выглядам дзяўчыны выманіў праз інтэрнэт у даверлівых грамадзян больш за 50 тысяч рублёў. Злачынствы здзяйсняліся на працягу больш як двух гадоў, пацярпелымі прызнаны 64 чалавекі. («— Мужчына, вы яшчэ доўга маўчаць будзеце? Для каго я тут саромеюся!») Махляр стварыў акаўнты
ў сацсетцы і на сайце знаёмстваў пад жаночым імем, размясціў там фота дзяўчыны. («— Мужчына, вы не ведаеце, што я раблю сёння ўвечары?») Пасля, знаходзячы розныя прычыны, спасылаючыся на цяжкае матэрыяльнае становішча, прасіў віртуальных знаёмцаў перавесці яму грошы на тэлефон. («Дзяўчаты замуж выходзяць худзенькімі, каб лягчэй было ў дом трапіць. А з гадамі таўсцеюць, каб выпіхнуць цяжка было».)

І — што вы думаеце — пераводзілі: хто па дробязі, а адзін з пацярпелых за два гады пералічыў больш за 39 тысяч рублёў. («Ох, не перавяліся яшчэ ў нас смелыя мужчыны! У іх у «сябрах» і жонка, і палюбоўніца. Во бясстрашныя».) Цікава, што асуджаны пад пагрозай выдаць звесткі аб іх віртуальных стасунках жонцы аднаго з пацярпелых прымусіў апошняга пералічыць яму... 10 рублёў. («— Удзячнасць, Зяма, такі можа быць чорнай. Бляшаначка кавы ці, напрыклад, ікры!») Ну ды добра — грошы... Я вось што адразу прыгадваю пасля гэтай гісторыі... Вядомую фразу з фільма «Добры дзень, я ваша цёця»: «Я цябе пацалую... потым... калі захочаш». Застаецца толькі здагадвацца, пра што думалі ў зале суда ахвяры махляра (іскі прад'явілі толькі некалькі чалавек). Ці глядзелі яны яму ў вочы, як сябе адчувалі? («Кожны інтэлігентны чалавек павінен заўсёды задавацца пытаннямі «Хто я?», «Чаму я такі дзёрзкі?», «З якога я раёна?»)

Ну, тут усё абышлося толькі грашовымі стратамі. А вось у Амерыцы здарылася гісторыя... У Фларыдзе 32-гадовы жыхар выдаваў сябе ў інтэрнэце за хатнюю гаспадыню, якая сумуе, прыбіраўся ў жаночую бялізну, каб пазнаёміцца з мужчынамі, запрашаў да сябе кавалераў... Потым прапаноўваў ім завязаць вочы і прывязваў да крэсла... Пацярпелымі па справе праходзяць 150 чалавек — пішуць, што побач была ваенная база. Як там далей гаварылі ў тым жа фільме пра цётку? «Ці мала ў Бразіліі... Педраў?! І не пералічыць!» («Намінацыі на «Оскар-2018»: «Найлепшае мужчынскае дамаганне», «Найлепшае жаночае дамаганне», «Найлепшы арыгінальны сцэнарый для абвінавачання ў дамаганні», «Найлепшы зрэжысіраваны харасмент», «Найлепшае дамаганне на замежнай мове».) Ага, вось такія норавы...

Нядаўна 82-гадовы аўстрыйскі мільярдэр і яго пятая па ліку 25-гадовая жонка далі першае сумеснае інтэрв'ю. Апошняя, не адмаўляючы, што ёй падабаецца весці шыкоўнае жыццё, якое ёй забяспечвае банкаўскі рахунак састарэлага мужа, тым не менш пераконвала, што грошы — не галоўнае. («— Ты ведаеш, Васька ў суботу ажаніўся. — Па любові ці з-за грошай? — Нявесту ўзяў з-за грошай, а грошы — па любові».) Маўляў, абы чалавек добры быў. Ну, мы ж з вамі так адразу і падумалі, праўда?! («Павыходзяць замуж за старых рэжысёраў, кампазітараў, артыстаў, бізнесменаў і гавораць, што па любові... Але нешта я не чуў, каб улюбляліся ў старых слесараў».)

Дарэчы, ведаеце, што ў Амерыцы пакрыўджаны жаніх пяць гадоў судзіўся з нявестай, якая яго кінула, з-за пярсцёнка? Дайшоў нават да Вярхоўнага суда Нью-Ёрка. («У дзяўчат выдатная памяць на тое, што зрабіў хлопец. І поўная амнезія на тое, як паводзяць сябе самі».) 54-гадовы мужчына падарыў 50-гадовай абранніцы пярсцёнак з брыльянтам коштам 39 тысяч долараў, а праз два гады пара рассталася. Пакрыўджаны кавалер пачаў патрабаваць вярнуць яму падарунак, жанчына адмовілася. («— Што рабіць, калі дарагі цябе не любіць? — Прадаць, пакуль дарагі».) Як па мне, дык абодва не маюць рацыі. Калі ты, мужык, падарыў пярсцёнак, навошта патрабаваць яго назад? А хоча вярнуць, жанчына, аддай і забудзься — адчуй сябе лэдзі! («Хочацца выглядаць, як «паглядзі, каго ты згубіў», але пакуль атрымліваецца толькі як «паглядзі, як ты своечасова ўцёк».)

...Мабыць, цалкам застрахавацца ад такіх сітуацый немагчыма. Хаця... «Як казаў мой бацька: бабу трэба шукаць на рэчцы. Там яна голая і без макіяжу». Гэта я вобразна, канешне...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.