Вы тут

Курсантка Ваеннай акадэміі: Кіраваць БМП? Не складаней, чым аўто


Гэта і іншае — без аглядкі на пол

Ваенная справа, якая здаўна лічылася выключна мужчынскім заняткам, зараз прыцягвае і дзяўчат. У 2016 годзе на агульнавайсковы факультэт паступілі адразу дзве прадстаўніцы прыгожага полу. З адной з іх — Валерыяй Зышчык, якая вучыцца ўжо на трэцім курсе, і сустрэліся карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены», каб даведацца пра тое, наколькі складана насіць пагоны на жаночых плячах.


Валерыя вучыцца па спецыяльнасці «практычная псіхалогія ў ваеннай справе». Са сваім будучым жыццёвым шляхам вызначылася яшчэ ў дзяцінстве.

— Калі мне было 11 гадоў, я пабывала ў Маскве. Там убачыла сувораўцаў у форме, якія ішлі страявым крокам, і мяне гэта зачаравала. Прыехаўшы дадому ў Пінск, мы з бацькам пачалі шукаць інфармацыю. А калі мне споўнілася 12, у кадэцкім вучылішчы ў Баранавічах адкрылі набор для дзяўчат. Шэфамі ўстановы з'яўляюцца афіцэры і курсанты агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі, яны прыязджалі да нас і расказвалі пра вучобу ў сталіцы. Так і вырашыла, што трэба выбіраць прафесію, якая мне па душы і звязана з якой-небудзь сілавой структурай. Чаму псіхалогія? Гэтай сферай дзейнасці цікавілася даволі даўно. Я хачу пастаянна развівацца, удасканальваць сябе не толькі ў адным кірунку, на працягу ўсяго жыцця вучыцца, самаразвівацца, адкрываць для сябе нешта новае.

— Наколькі складана было паступіць у кадэцкае вучылішча?

— Меркавалася ўзяць толькі дзвюх дзяўчат, а заяў было значна болей. Шмат адсеялася на псіхалагічным адборы і на фізкультуры. А я ж прафесійна займалася танцамі, баскетболам, лёгкай атлетыкай. Праблем з фізічнай падрыхтоўкай не было, і таму прайшла па конкурсе. У кадэцкім вучылішчы я правучылася чатыры гады. Акцэнту на тым, што я дзяўчына, не было. Праграма была агульная для ўсіх. А калі паступала ў Ваенную акадэмію, то падрыхтавала запасны варыянт. Калі б не ўдалося трапіць па конкурсе сюды, то пайшла б вучыцца ў БДУ на псіхолага.

— Але ўсё атрымалася!?

— Так. Мне раілі Акадэмію МУС, Камандна-інжынерны інстытут МНС. Але па розных прычынах я гэтыя варыянты не разглядала. Пашанцавала, што калі выпускалася з кадэцкіх шэрагаў, то ў Ваеннай акадэміі адкрылі набор псіхолагаў-дзяўчат. Таму я, можна сказаць, першапраходзец. Лічыце, са 105 курсантаў, 14 з якіх — псіхолагі, дзяўчыны ўсяго дзве. Працэс адаптацыі прайшоў дастаткова хутка. Я не разумела спачатку спецыфіку навучання, бо ў кадэцкім вучылішчы ўсё інакш, па-іншаму расстаўлена кіраўніцтва. Але даволі хутка ўцягнулася. Цікава, што ў нас вучыцца дзесяць чалавек з Пінска, але да сустрэчы ў Акадэміі ніхто адно аднаго не ведаў!

— А калі б склалася інакш і давялося ісці ў грамадзянскую ВНУ...

Ва­ен­ная фор­ма  і пры­га­жосць —  су­мя­шчаль­ныя!

— Так, часам я ўяўляю звычайнае жыццё сярэднестатыстычнага студэнта з яго разняволенасцю. Але кім бы я там была? Я ўсё ж такі дастаткова рана ўцягнулася ў ваенную падрыхтоўку. І нават калі гляджу на сваіх аднагодкаў, гутару з сябрамі, то адчуваю пэўную сталасць. Вайсковае жыццё дысцыплінуе, і гэта цудоўна. А на грамадзянцы так многа спакус і ляноты...

— Які твой распарадак дня?

— Прачынаюся ў 5.30. Зарадка пачынаецца ў 6.15. Для гэтага трэба прыйсці на тэрыторыю Акадэміі, паколькі мы жывём у інтэрнаце па-за яе межамі. Калі вяртаемся, то ў нас усяго 20 хвілін, каб пераапрануцца і ісці на ранішні агляд і на сняданак. Як правіла, у дзень — чатыры пары, з 8.30 да 14.40. Пасля абед і самападрыхтоўка з 16.00 да 19.30. І толькі пасля вячэры я вяртаюся назад у інтэрнат...

— А ў выхадныя?

— Субота ў нас — звычайны навучальны дзень. Заняткі ідуць да абеду, пасля яго ў інтэрнаце пачынаецца парка-гаспадарчы дзень, як і ў войску. Затым вячэра і назад. У нядзелю пад'ём а сёмай гадзіне. Пасля сняданку глядзім праграму «Арсенал», займаемся спортам і з гадзіны дня наступае вольны час. Бываюць, праўда, тыдні, калі крыху стамляешся і фізічна, і маральна. Але гэта праходзіць. Дастаткова толькі з'ездзіць у звальненне, балазе з вучобай у мяне праблем няма. Як і ў звычайным жыцці, проста трэба на некаторы час змяніць абстаноўку. Ды і адпачынак пасля кожнай сесіі дапамагае. Узімку ён доўжыцца 12 сутак, а ўлетку — цэлы месяц.

Пар­ка­ва-гас­па­дар­чы дзень —  усё, як і ў звы­чай­най час­ці.

— З чаго складаецца навучальны працэс?

— Ён у нас агульны як для хлопцаў, так і для дзяўчат. Праграма ўключае прадметы па псіхалогіі — асобаснай, ваеннай, узроставай, педагагічнай. Прычым элемент псіхалогіі ёсць ужо непасрэдна ў моманце знаходжання ў замкнёным калектыве. Так і выпрабоўваем адно на адным метады візуальнага назірання, якім нас вучаць. І канешне ж, ёсць дысцыпліны, без якіх не можа абысціся кожны афіцэр, — тактыка, баявая падрыхтоўка, агульнавайсковы статут, страявая падрыхтоўка, ваенна-інжынерная, будова і эксплуатацыя бранятанкавай тэхнікі, кіраванне падраздзяленнямі ў мірны час. Зараз мы нават вучымся кіраваць баявой машынай пяхоты (БМП). На першы погляд падаецца, што гэта вельмі складана. І спачатку нават крыху баішся. Але аказваецца, што гэта прасцей, чым кіраваць звычайным аўтамабілем.

На першым курсе мы шмат бегалі на спартыўнай падрыхтоўцы. Марш-кідкі на 10 кіламетраў былі звычайнай справай. Выкладчык па фізкультуры вучыў нас сакрэтам рукапашнага бою. Ён быў дастаткова патрабавальны. Яшчэ мы вучыліся па бразільскай сістэме — гэта калі ўсе практыкаванні робяцца адразу цэлай камандай. У выніку для мяне прабегчы 10 кіламетраў усё роўна, як цывільнаму чалавеку прайсціся ў прадуктовую краму.

— Тэорыя псіхалогіі павінна падмацоўвацца практыкай...

Каб тра­піць  у трэ­на­жор  ба­я­вой ма­шы­ны пя­хо­ты, трэ­ба быць спрыт­ным.

— Стажыроўка будзе пасля трэцяга курса — усяго адзін раз на чатыры гады. Мы выязджаем на месяц у злучэнні, дзе працуем непасрэдна з салдатамі і афіцэрамі. Справа ў тым, што ў псіхолагаў ва Узброеных Сілах толькі адна пасада — псіхолаг батальёна.

— Што самае галоўнае ты вынесла за час вучобы?

— Тое, што ніколі не трэба здавацца. Як бы цяжка ні было, але пасаваць перад складанасцямі нельга ні ў якім разе. Заўсёды можна знайсці рашэнне, прыняць яго і выканаць. Так, ёсць пераломныя моманты, але іх трэба проста перажыць. Пачытаў кнігу, пагуляў у баскетбол, валейбол — і ўсё бачыцца ўжо не такім сумным.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.