Вы тут

Цыркавая гімнастка расказвае аб сакрэтах прафесіі


З ранняга дзяцінства яна хацела стаць артысткай і вось цяпер лунае пад купалам цырка... Анастасія Дончанка вучыцца на чацвёртым курсе завочнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў на рэжысёра абрадаў і свят, не любіць гаварыць пра няўдачы і не ўяўляе жыцця без сваёй працы.


— У дзяцінстве вы пачыналі з гімнастыкі...

— У яе прывяла мама. Я была зусім маленькая, гады чатыры. Але з гімнастыкай у мяне не склалася. Я была вельмі жвавым дзіцем, мне хацелася дзесьці павісець, нешта зрабіць экстрэмальнае. У адзін дзень ціхенька ўцякла на кольцы, пакуль гэтага не бачыла трэнер, але, на жаль, стукнулася, пайшла кроў з носа. На мяне, вядома, насварыліся, расказалі ўсё маме. І я адмовілася прыходзіць на трэніроўкі.

Затым былі танцы і нават тэквандо, але і з гэтым не склалася. А вось у цыркавой студыі было куды цікавей. Вядома ж, я зрабіла ўсё магчымае, каб застацца ў ёй, і займалася да самага свайго паўналецця. Дарэчы, бабуля жартам называла мяне цыркачкай яшчэ з дзяцінства. Як бачыце, мела рацыю. (Смяецца.)

— І як развівалася цыркавая кар'ера?

— Вядома ж, не адразу, бо такіх артыстаў дагэтуль у нашай сям'і не было. Прыгадваю шматлікія трэніроўкі, часам даводзілася нешта вучыць і самой: калектыў складаўся з сарака-пяцідзесяці дзяцей і толькі аднаго трэнера і харэографа. Я назірала за гімнасткамі, глядзела відэа... У 12 гадоў ужо на сто працэнтаў ведала, кім стану ў будучыні і дзе хачу працаваць. У 16 гадоў цудоўным чынам трапіла ў цырк Дар'і Касцюк. Вось там і пачалася мая цыркавая кар'ера. Былі змешаныя эмоцыі. Напрыклад, трэба было вывучыць нумар за пару дзён, даводзілася старанна працаваць.

Затым скончыла адзінаццаты клас і паступіла. Год вочнага навучання быў вельмі напружаны. У Віцебску няма цыркавых калектываў, і было цяжка трымаць сябе ў тонусе. Праз год я перавялася на завочнае аддзяленне. За месяц да гэтага мяне запрасілі паспрабаваць сябе ў выдатны калектыў «Беларускія наезнікі на конях» пад кіраўніцтвам Барыса Лазарава. Мне пашанцавала папрацаваць з заслужаным артыстам Асеціі і яго сям'ёй. Вялікі ўклад у маё развіццё зрабіла Ала Анатольеўна Нікалаева-Аліева, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага цырка. Дзякуючы гэтаму чалавеку я выступіла ў Александрыі ў эстрадна-цыркавой праграме «Купальскі сон», прыняла ўдзел у пралогу першага Мінскага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва, у праграмах «Навагодняя казка ў цырку» і «Цырк! Цырк! Цырк!». Але, самае галоўнае, мне выпаў гонар прадставіць нашу краіну на цыркавым фестывалі ў Рызе, дзе з напарніцай Анастасіяй Пуцятай у якасці паветраных гімнастак мы занялі другое месца.

— Напэўна, пастаянна даводзіцца рэпеціраваць? Колькі часу патрабуецца для падрыхтоўкі новага нумара?

— Я ніколі не ўстанаўліваю сабе нейкіх рамак. Магу рэпеціраваць ад гадзіны да трох, схадзіць на харэаграфію, у трэнажорную залу. У цырку для гэтага ёсць усе ўмовы. А што датычыцца часу на падрыхтоўку новага нумара... Тут усё па-рознаму: можа спатрэбіцца два тыдні, а можа месяц і нават год. Гэта залежыць ад многіх фактараў: фізічнай падрыхтоўкі, складанасці нумара, яго задумкі. Дарэчы, для мяне самым небяспечным і складаным нумарам застаецца паветраная трапецыя.

— А як жа нумары з удзелам жывёл?

— У праграме «Навагодняя казка ў цырку» працавала з вярблюдамі і ламамі. Дарэчы, заўсёды любіла пакарміць жывёл, даць ім пабольш сухарыкаў, пагладзіць. У нейкі момант гэта магло пайсці не на карысць справе. (Смяецца.)

— Цырк для вас — гэта...

— Я заўсёды аддавала ўсю сябе цыркавому мастацтву. Дзякуючы яму я — творчы чалавек, вучуся на рэжысёра і дапамагаю трэніраваць дзетак у цыркавой студыі. Зараз абсалютна ўпэўнена вам кажу, што ўявіць сваё жыццё без яго не магу!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.