Вы тут

Апавяданні гэтай мінскай дзевяцікласніцы чытаюць у Японіі


Мінская дзевяцікласніца Сафія ВОРСА пакуль не прывыкла, што яе называюць пісьменніцай. Але талент дзяўчыны ўжо ацанілі не толькі ў нашай краіне. На міжнародным літаратурным конкурсе «Новыя імёны» ў Балгарыі яна стала пераможцай у намінацыі «Эсэ», абышоўшы 500 канкурсантаў.


Сафія вучыцца ў сталічнай гімназіі № 4. Апавяданні прыдумляе з дзяцінства. Першымі творамі сталі казкі для малодшай сястры. «Яны былі доўгія і нудныя і ёй не падабаліся, — з усмешкай успамінае дзяўчына. — Але я любіла іх складаць. Гэта былі гісторыі пра насякомых і жывёл».

Чаму школьніца стала пісьменніцай? Вельмі шмат ідэй у галаве, тлумачыць Сафія. План будучых апавяданняў яна не складае: словы надыктоўвае ўнутраны голас. Будучыя творы дзяўчына занатоўвае на паперы або ў тэлефоне.

— Апавяданне часам пішу за 30 хвілін: думкі апярэджваюць рух рукі. Потым складана гэта ўсё расшыфроўваць, — смяецца. — А бывае, ёсць грандыёзная ідэя, але няма часу, і ты два тыдні над ёй працуеш — па некалькі хвілін у дзень.

Каб трэніраваць свой навык, Сафія шмат чытае. Больш за ўсё яна любіць гістарычныя раманы і фантастыку. Напрыклад, пра прыгоды караля Артура і чараўніка Мэрліна. З пісьменнікаў падабаецца Марк Твэн.

Таксама Сафія наведвае лекцыі па літаратуры і гурток пры Нацыянальнай бібліятэцы для... маленькіх дзяцей. «Там цікава! — запэўнівае. — Мой стрыечны брат туды хадзіў, і я папрасілася. Нам расказваюць пра пісьменнікаў, гісторыі стварэння кніг».

Школьніцу натхняе прырода, людзі, якія побач, поспехі іншых. Характары большасці сваіх герояў яна спісвае са знаёмых. У апавяданні «Аргалон», якое стала найлепшым на конкурсе ў Балгарыі, расказваецца пра ўзаемаадносіны паміж братамі і сёстрамі. Дзяўчына не хавае: у аснову твора паклала жыццё ўласнай сям'і.

Першы літаратурны конкурс у жыцці дзяўчыны адбыўся два гады таму. Яго праводзіў часопіс «Роднае слова». Пасля гэтага ўсё і закруцілася: дыпломы на розных міжнародных конкурсах, публікацыі ў Літве, Польшчы, Расіі... Рэдакцыя часопіса дапамагла школьніцы выдаць яе першую кнігу — «Дзесяць простых гісторый». На прэзентацыі тых апавяданняў апынуўся лінгвіст з Японіі, якому яны спадабаліся. Ён сказаў, што сюжэты вельмі падобныя да жыцця дзяцей у яго краіне, і прапанаваў перакласці кнігу на японскую.

Крытыку ў свой адрас юная творца чула рэдка.

— Вядома, калі гэта нешта канструктыўнае — раяць, што тут слова можна было замяніць ці павярнуць інакш сюжэт, — я прыслухваюся.

Бацькі пачынанні дачкі толькі падтрымліваюць. І наогул не абмяжоўваюць праяўленні творчасці. «Сцены — размалёўвай, музыку ў 12 ночы — іграй», — жартуе дзяўчына.

Дзіўна, але ў школьніцы не гуманітарны склад розуму. Мовы ёй даюцца складана. Нашмат лепш «заходзяць» фізіка і матэматыка, і сваю будучую прафесію Сафія хацела б звязаць з гэтымі прадметамі. Не, думае стаць не праграмістам — астраномам. А літаратуру пакінуць як хобі.

Сярод іншых захапленняў — ігра на сінтэзатары і верхавая язда (ёй гімназістка нейкі час займалася прафесійна). Гэты від спорту яна выбрала спантанна: даведалася пра секцыю ад дзяўчынкі ў летніку. А дагэтуль чаго толькі ні было: вольная барацьба, лёгкая атлетыка, плаванне, танцы...

Хутка, 23 кастрычніка, у Сафіі прэзентацыя новай кнігі. Апавяданне «Горад сляпых скрыжаванняў» — пра сляпую дзяўчыну: як яна стараецца ўзаемадзейнічаць з іншымі, як свет ставіцца да яе, чым шкодныя стэрэатыпы. Для падлетка — сур'ёзная тэма.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ


Урывак з апавядання Сафіі Ворса “Аргалон”: 

“Івановы былі звычайнай мінскай сям’ёй. Аляксей Іванавіч працаваў на заводзе, а яго жонка Ірына Аляксандраўна — настаўніцай пачатковых класаў. У іх было трое дзяцей: старэйшая дачка Ала адзінаццаці гадоў, сярэдняя Марыя сямі гадоў і пяцігадовы сын Ціхан. Івановы былі дружнай сям’ёй. Праўда, часам не абыходзілася без дзіцячых сварак. 

— Мама, яны зноў залезлі да мяне ў пакой! Колькі можна! Яна разбіла маю фарфоравую ляльку, — са слязьмі скардзілася Ала. 

— Дарагая, не плач. Я з імі пагавару, — суцяшала мама. 

— Але, мама, ты кожны раз з імі пра гэта гаворыш, а чаму не можаш пакараць? 

— Калі ты была маленькай, таксама шмат чаго ламала, але мы ж цябе не каралі. 

— Зразумела. Ты заўсёды на іх баку, — яшчэ больш пакрыўджаным тонам мармытала Ала. 

— Не хвалюйся, мы купім табе новую ляльку, — супакойвала мама, гладзячы старэйшую дачку па галаве. 

Засмучаная Ала ішла да сябе, абяцаючы, калі яшчэ раз Маша і Ціхан зломяць яе рэч, то яна сама прыме меры. 

Наступнага разу не прышлося доўга чакаць. Не прайшло і дзвюх гадзін, як Ала, застаўшы цікаўных малых у сваім пакоі, зноў прыйшла да маці з чарговай сапсаванай рэччу. Паклёпнічаць дзяўчынка не любіла, але ведала, калі па заслугах шчоўкнеш па носе малодшую сястру ці брата, пакараюць чамусьці яе. 

На гэты раз справядлівасць перамагла — Машу і Ціхана пазбавілі салодкага і казкі на ноч…”

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.