Вы тут

Фёдар Булкін: Праграма стэндапа не бярэцца з паветра


Стэндап — гэта своеасаблівы маналог з гледачом пра ўласнае жыццё, поўны разважанняў і гумару. «Я размаўляю сам з сабою, таму што я адзіны чалавек, чые адказы мне падабаюцца» — жарт знакамітага амерыканскага стэндап-коміка Джорджа Карліна. Гэты жанр камедыі цяпер актыўна развіваецца ў ЗША, Заходняй Еўропе, ва Украіне і ў Расіі. З 2013 года стэндапам займаюцца і беларускія жартаўнікі.

27-гадовы Фёдар Булкін — адзін з найбольш рознабаковых комікаў Мінска — у тэме ўжо больш за чатыры гады. Актыўны і мэтанакіраваны, за гэты час ён паспеў паўдзельнічаць у такіх вядомых камедыйных тэлепраграмах, як «Рассмяшы коміка», «Comedy Батл», «Адкрыты мікрафон» ды шматлікіх беларускіх гумарыстычных праектах. Цяпер ён разам з аб'яднаннем Stand Up Unіon стварае ўласныя. Аднак шлях жартаўніка пачаўся для Фёдара нашмат раней, яшчэ на малой радзіме ў Смалявічах...


— Раскажыце, калі ласка, як вы сталі комікам...

— Як і многія на постсавецкай прасторы, пачынаў з гульні ў Клубе вясёлых і знаходлівых. Спачатку прыдумляў жарты ў школе. Пасля са зборнай БНТУ прабіліся ў пачатковыя афіцыйныя лігі Міжнароднага саюза КВЗ. У 2014-м пайшоў адтуль і трапіў на «Comedy Батл». Тады і пачаліся мае выступленні ў вобразе прасцецкага хлопца са Смалявічаў.

— А калі перасталі быць «смалявіцкім невукам» і пачалі пісаць маналогі?

— Пасля некалькіх выступленняў у барах на шоу-вечарынах зразумеў, што камедыя ў вобразе і стэндап-камедыя — вельмі блізкія. Адрозненне толькі ў тым, што ў другім выпадку ты са сцэны расказваеш пра сваё жыццё, пра тое, што хвалюе асабіста цябе і пры гэтым чапляе нечым іншых.

— Вы былі адным з першых у Беларусі, хто пачаў займацца гэтым жанрам...

— Амаль. Стэндап у нас з'явіўся недзе ў 2013-м, а я далучыўся праз год. Памятаю, тады арганізоўвалі невялікія вечарыны ў клубе каля станцыі метро «Усход». У ім змяшчалася максімум дваццаць чалавек. Для аўдыторыі жанр быў новы (яшчэ не выходзіла Comedy на канале ТНТ), але ўсё ж памяшканне было заўжды поўнае гледачоў. Я таксама спачатку проста глядзеў, думаў: «О, пацешна», а пасля і сам пачаў пісаць тэксты для выступленняў. Аднак, успамінаю, што яшчэ да гэтага Слава Камісаранка (вядомы стэндапер з Беларусі, рэзідэнт тэлешоу Stand Up. — Аўт.) рабіў гумарыстычны канцэрт Cheesecake Factory ў «наргасе», дзе выступала чалавек пяць... Адметна, што ўсе мы не ведалі, што і як пісаць, проста спрабавалі.

— Магчыма, глядзелі на заходні прыклад, стэндап на англійскай мове...

— Так і ёсць. Аднак гэта быў толькі пачатак. Далей з'явіліся самыя розныя гумарыстычныя шоу на ТНТ, гледачы нарэшце ўбачылі камедыю па-руску. Спрабаваць сябе ў жанры стэндап захацелі многія. Але не ў кожнага атрымлівалася. Гэта ж зусім адрознае ад КВЗ, дзе і горыч, і радасць ты дзеліш з камандай. У стэндапе ты — адзін. Сам сабе аўтар, акцёр. І калі што якое, вінаваты толькі ты.

— Колькі комікаў займаецца ў нас гэтым жанрам зараз?

— Чалавек сорак з усёй Беларусі, з іх дваццаць — у Мінску. А са Смалявічаў я адзін такі. Але, спадзяюся, яшчэ будуць... Бо год таму сітуацыя была горшая: дзве-тры пляцоўкі для выступленняў. Цяпер жа іх больш, як і фарматаў праграм. Вельмі папулярны «Адкрыты мікрафон», куды можа запісацца для выступлення абсалютна любы чалавек.

— Аднак не кожны можа стварыць якасную і смешную праграму...

— Гэта так! Для таго каб стаць сапраўдным прафесіяналам, трэба валодаць тэорыяй і, канешне ж, практыкавацца — часцей выходзіць на сцэну. Праграма стэндапа не бярэцца з паветра. Дастаткова адкрыць любую базавую кнігу па пабудове маналогаў. Напрыклад, Джудзі Картэр «Стэндап за 27 дзён». Чытаеш, запамінаеш, пішаш. А паколькі правілы створаны, каб іх парушаць, з кожным новым тэкстам трэба выходзіць за межы стандарту і прыдумляць штосьці сваё, новае, не падобнае ні на што.

— Зразумела, што напісанне жартаў — цяжкая праца. Ці вядома комікам прафесійнае выгаранне?

— Безумоўна! Цудоўна, калі хобі становіцца работай жыцця. Але калі ты ўжо прафесіянал, занятак пачынае надакучваць. Спачатку пачынаеш атрымліваць не такое суперзадавальненне, як раней. Потым можна ўвогуле адчуць агіду да сваёй працы. Быў момант, калі мне зусім не хацелася выступаць: мы з калегамі ў межах праекта аб'ехалі вельмі шмат гарадоў і неверагодна стаміліся. Знаёмае мне і пачуццё поўнай адсутнасці новых ідэй. Калі сядаеш пісаць, а ў галаве — «перакаці-поле». У любым выпадку найлепшыя лекі пры прафесійным выгаранні — банальны адпачынак. А потым — зноў у бой.

— Ёсць меркаванне, што ў стэндап ідуць не ад добрага жыцця...

— Не заўжды. У любога чалавека, незалежна ад яго ступені заможнасці, ёсць праблемы, якія могуць закрануць і цябе самога. Кожны з нас вядзе вайну, пра якую ніхто і не ведае. Так, некаторыя ідуць у камедыю. Аднак можна ж пайсці і да псіхолага. Дарэчы, з псіхалагічнага пункту гледжання стэндап — добры варыянт, каб выказацца і высмеяць любую праблему. І зала цябе падтрымае!

Нягледзячы на тое што Фёдар ужо дасведчаны комік, ён поўны сіл і жадання ствараць усё больш якасную і рознабаковую камедыю. Відаць, што стэндапер не проста захапляецца сваёй дзейнасцю, а жыве ёй. Рухі, жэстыкуляцыя — энергічныя, голас — бадзёры, у вачах — бляск. Што яшчэ трэба для плённай працы на шляху да прызнання? На думку Фёдара, не хапае медыйнасці і выхаду на інтэрнэт-пляцоўкі.

— Зараз мы ствараем канал на Youtube, куды збіраемся выкладваць запісаныя шоу і праграмы, — дзеліцца ён планамі. — Увогуле, гэта трэба было зрабіць яшчэ тры гады таму, каб нас ужо ведалі. Вось на выступленнях прыезджых комікаў з Масквы, з вядомага Stand Up Club #1, заўсёды поўныя залы. А ўсё таму, што яны робяць сваё асабістае шоу ў інтэрнэце. Аднак мы не слабейшыя ў творчым плане. Надышоў час пашырыць аўдыторыю. І тады, спадзяюся, усё зменіцца!

А пакуль канал развіваецца, вы кожны тыдзень можаце ўбачыць жыўцом добрых беларускіх комікаў у барах Мінска, патрапіўшы на бясплатныя стэндап-шоу, «адкрытыя мікрафоны» і іншыя гумарыстычныя праграмы.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.