Вы тут

Арт-аб'ект на тэму гарадской гісторыі ствараецца ў Брэсце


На вялікай сцяне па вуліцы Міцкевіча ў Брэсце літаральна на вачах у мінакоў нараджаюцца карцінкі гарадскога жыцця пачатку мінулага стагоддзя. Пано, якое складаецца з некалькіх асобных сюжэтаў, мастакі абяцаюць закончыць ужо ў кастрычніку. Калі, вядома, надвор'е не падвядзе.


Сцены вытворчых памяшканняў завода складаюцца з асобных пралётаў. На іх і наносяцца фрагменты кожнай карціны, пасля чаго «ажывае» цэлы квартал. Людзі спыняюцца, усміхаюцца, нехта спрабуе загаварыць з майстрам, што працуе на рыштаваннях. Але мастаку асабліва не да размоў. Ён стараецца скарыстаць цёплыя дні, каб паспець зрабіць карысную для горада справу.

Першым на сцяне з'явіўся знакаміты брэсцкі ліхтаршчык, за ім — панарама гарадскога саду. Ён цяпер стаў любімым для горада аб'ектам. Ідэя яго адраджэння ў некаторым сэнсе паслужыла справе кансалідацыі грамадскасці. Ужо створаны праект аднаўлення саду. Архітэктары прадпрыемства «Брэстжылпраект» не без задавальнення расказвалі мне пра сваё бачанне канцэпцыі парку, якое супадае з поглядам на гэты аб'ект старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука. Менавіта мэр узначаліў некалькі суботнікаў па ачыстцы тэрыторыі саду і паспрыяў раскрутцы гэтай кампаніі. Пакуль ідуць падрыхтоўчыя работы на аб'екце, гараджане ўжо могуць бачыць карцінку з натуры на сцяне. Тут гуляюць альбо адпачываюць на лаўках пары, адзін гараджанін чытае газету, другі проста дыхае паветрам. Мяркуючы па колерах, парк адлюстраваны восеньскай парою.

Гісторыя гэтага парку надзвычай цікавая. Там у драўляным летнім тэатры канцэрты даваў Рахманінаў. Кожныя выхадныя іграла музыка, ладзілі розныя забаўляльныя мерапрыемствы. А нядаўна ў сеціве з'явіўся дарэвалюцыйны дакумент Мінскага паліцэйскага ўпраўлення. Сярод іншага там ідзе гаворка пра тое, што самыя танныя брэсцкія дзяўчаты «лёгкіх» паводзінаў працавалі ў гарадскім садзе, іх кліентамі былі салдаты гарнізона крэпасці. Адным словам, дасціпным экскурсаводам будзе што расказваць наведвальнікам пра гісторыю горада нават каля гэтага пано.

Ужо фактычна гатовая кампазіцыя са старым чыгуначным вакзалам. Яна атрымалася даволі мілай. Брэсцкаму вакзалу, дарэчы, больш за сто гадоў, таму адлюстраваць
яго на сцяне цалкам лагічна. Зараз ідзе работа над былым прыватным домам, які цяпер служыць музеем выратаваных каштоўнасцяў.

З ідэяй «ажывіць» карцінкамі гарадскога жыцця першай паловы ХХ стагоддзя сцяну даўжынёй 40 метраў і вышынёй больш за тры метры ў камбінат «Мастацтва» звярнуўся завод «Белалка». Прадпрыемства і стала фундатарам праекта. Ажыццявіць задуманае прапанавалі вядомаму брэсцкаму мастаку Мікалаю Гуршчанкову, чые работы даўно ўпрыгожваюць вуліцы горада. На Савецкай гэта, напрыклад, «Чаканка манет. Бярэсце ХVІІ ст.», «Берасцейская друкарня ХVІ ст.». Паводле слоў Мікалая Ігнатавіча, ён вырашыў зрабіць пано ў выглядзе кампазіцыі з асобных блокаў, каб гледачы маглі лёгка ўспрымаць убачанае. Карціна будзе добра відаць і з супрацьлеглага боку вуліцы.

Аўтар падрыхтаваў эскіз з пяці карцінак, яго ўзгаднілі з заказчыкам, зацвердзілі на мастацкім савеце. Тады аўтар зрабіў малюнак на паперы і перадаў яго для перакалькоўвання на сцяну. Гэтай работай цяпер займаюцца члены брэсцкай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Анатоль Жалудзько і Ігар Скавародка. Праз нанясенне акрылавых фасадных фарбаў з'явіліся банкір з парасонам, скрыпач, закаханыя пары, дзеці, гандлёвыя рады, будынкі, а яшчэ — атмасфера таго часу.

Між іншым, увесь Брэст цяпер нагадвае будаўнічую пляцоўку. Узводзяцца вялікія пуцеправоды, новыя дарогі, вядзецца добраўпарадкаванне. Асобныя будынкі, накшталт падатковай інспекцыі, суда, якія па прычыне фінансавання таксама называлі аб'ектамі, прымеркаванымі да тысячагоддзя Брэста, ужо здадзеныя. Але ўсе гэтыя пабудовы адносяцца хутчэй да гаспадарчага зместу горада. Напярэдадні такога значнага юбілею не менш важным выглядае змест духоўны, які і складаюць хоць невялікія, ды адметныя праекты, накшталт пано на вуліцы Міцкевіча. А працягваць гэтую цікавую справу можна будзе і пасля святкавання юбілею.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАНА

Загаловак у газеце: І гарадскі сад, і вакзал — на адной сцяне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.